– Ну, не засіліцца ж я хачу, ё-маё! Для дзела, значыць!..
Марыля яшчэ трохі паляжала на мужу, відаць, канчаткова пераконваючыся, што ён не зьбіраецца зводзіць рахункі зь няшчасным сваім жыцьцём, падумала аб нечым сваім бабскім ды патаемным і, урэшце, рашылася:
– Адзін ня пойдзеш.
– А на халеру ты мне!.. – занаравіўся Грысь, узбрыкваючы пад Марыляю.
– Ціха, ваяка. Яшчэ пападзесься…
– Ладна. – урэшце пагадзіўся Чаравячка ды пачаў выкачурвацца з-пад жонкі. – Аднаму яно… я ж казаў… напружна занадта… Пасобіш!..
Чаравячкі так-сяк падняліся. Стараючыся не рабіць болей лішняга шуму-глузду, на цырлах падаліся да дзьвярэй. Ужо на парозе Марыля, праціскаючыся за Грысем скрозь дзьверы, зноў схапіла яго за руку ды выдыхнула тое ж самае, з чаго пачынала: “Ох, Грысю!.. Дурное ты…”
Але Грысь яе не пачуў. А калі й пачуў, дык не было зараз на сьвеце такое сілы, якая магла б пераканаць, што задуманае ім – надта дурная і бязглуздая справа…
* * *
Ноч была чорнаю, хоць выбі вока.
Нават зоры кудысьці пахаваліся, зацягнутыя нечаканымі хмарамі. На шчасьце, дождж яшчэ не цярушыў, магчыма, толькі зьбіраўся; інакш на прысушанай за дзень ды змочанай вільгацьцю зямлі яны б пакідалі досыць выразныя адбіткі сваіх атопкаў. З кожнай хвіляю сярод дрэваў адчуваўся ўсё большы пошум ветру, і гэта таксама спрыяльна клалася на іхнюю начную авантуру.
Грысь ішоў трохі паперадзе, Марыля старалася ступаць крок у крок. Яны нават не йшлі, а валачыліся дрыготкімі прывідамі, сагнуўшы сьпіны крукамі, ня надта цьвёрда ставячы ногі ў разору паміж градаў… Час ад часу то Грыся, то Марылю хістала ды паводзіла ўбок: перад сваім начным вылазам яны пасьпелі яшчэ па разу, а потым і па другому прыкласьціся да зьмесьціва пяцілітроўнае бутлі з расчыненаю бражкаю; такую ж паўнюткую бутлю Марыля зараз сунула перад сабою, прыціскаючы да сваіх запалых грудзей…
Вось і апошняя разорка, а там, за плотам, – падворак Андрэя Шупейкі. Менавіта сюды перліся Чаравячкі. І перліся ня дзеля начной пагулянкі.
Так-сяк, перадаючы адзін аднаму неабдымную бутлю ды перадзершыся цераз плот, яны замёрлі ў палахлівым трымценьні.
На падворку Шупейкі было ціха. Праўда, над парогам хаты гарэла яркая лямпачка, якую Андрэй звычайна запальваў, калі клаўся спаць, і якая потым гарэла ўсю ноч, заліваючы сьвятлом падворак. Можна было б бэцнуць зараз па ёй камянюкаю, і Грысю ў мазгі нават пальнула такая дураломная думка, але ж ён учас уцяміў, што на гэтым іхні напаўсвалотны вылаз хуткацечна й скончыўся б. Ён прыхінуўся яшчэ ніжэй сам, прыхіліў голаў Марыські, так, што яна проста ўжо курчылася і пад гэтым уладным прыхіленьнем, і пад цяжарам бутлі з брагаю, ды паказаў супрузе сваёй, што ступаць трэба як мага бліжэй да плоту і гаспадарчых збудаваньняў. Урэшце, сунуцца на самое дворыска яны і не зьбіраліся.
А зьбіраліся яны сунуцца і нават, на дзіва, досыць хутка ўшчаміліся, куды хацелі, таму як быў гэты хляўчук чамусьці зачынены на звычайную драўляную зашчапку, у задушны сьвінскі прыстанак – канчальную мэту іхняга не зусім, так бы мовіць, добрасуседзкага візытанцтва.
Ярка бліснула маланка, другая. Два ўкормленых, угадаваных кабанчыкі ўзбрыкнулі са сьвежае саламянае посьцілкі насустрач нечаканым прыхадням, рохкнулі ды зачухалі лычамі аб перагародку, магчыма, у таемным спадзеве, што зараз, хоць і няўчас, ім дадуць якіх мешанцаў з пракіслымі недаедзенымі блінцамі.
– Ціха ты, Марыська… – стаяў ледзь жывы Грысь, хоць Марыська ягоная не выдавала ані гуку.
Ён акідваў п'янотным вокам то аднаго вепручка, то другога, усё ніяк не рашаючыся, на якім спыніць свой выбар. – Давай гэтага… Магамая! – тыцнуў ён пальцам у большага, як яму падалося, трохі лепш укормленага ды дагледжанага, нечакана нават успомніўшы ягоную мянушку.
– Ну, давай… – замітусіўся па вепручках марылькін пагляд.
Ёй таксама болей падабаўся гэны, на якога тыцнуў Грысь. Чарнабокі, ладненькі, ён навеяў жанчыне ўспаміны аб басотным сваім дзяцінстве, калі пасьвіла яна падсьвінкаў на выгане і любіла пачухаць якому кручкахвостаму гарэзьліўцу белы гладкі пузанчык ці пад шыйкаю…
– Давай, давай! Бражкі яму давай! – сыкнуў на жонку Грысь.
– Вой, зараз… – рукі Марылі ўспацелі; бутля так і наравіла высьлізгнуць зь іх на драўляны насьціл. – Ледзь не ўпусьціла…
Грысь зьнішчальна наставіў вочы на жонку:
– Я табе ўпушчу! Давай хутчэй! Пакуль ціха…
– Вой, а як ня пройме?
– А як ня пройме, дык… – але Марыля так і не пасьпела зразумець, што хавалася за гэтым страхотным “дык”.
Читать дальше