– Н-не п-паспелі… в-віхор наляцеў, – праз сілу выдыхнуў адзін з рабацяг, зачапіўшыся плечуком за пацямнелае ад дажджу шула весніц.
«Хуткая» ад’ехала не адразу. Праз акно было бачна, як хворай ставяць кропельніцу – нечая рука трымала бутэлечку. Нарэшце машына завялася, праехала колькі метраў, заднія дзверы прачыніліся, і медсястра, вытыркнуўшыся з проймы, радасна крыкнула:
– Ажыла! Просіць, каб вы хату замкнулі ды нейкай Людзе патэлефанавалі.
Аўрора Леанідаўна доўга глядзела ўслед легкавушцы, якая паволі калывалася па вуліцы: Прафінтэрнаўскую ўвесь час перакопвалі, і асфальт скрозь прасеў, – і калі тая, даехаўшы да крамы, павярнула направа, уголас прамармытала:
– А вось жа паехала на казённай машыне… І ўжо ідучы дахаты, дадала:
– Карты не хлусяць.
– Месца – дакладна тое? – гукнуў Мікола, выціраючы мокрую чупрыну калашыннем спартовых штаноў.
– Тое, – адгукнуўся дзед Трахім, – якраз ля каменя. Тады ён, праўда, на паверхні быў, а цяпер во… у зямлю ўехаў, – дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак «Беламору».
– Можа, далей адплывем? – падаў голас Гасюта, зірнуў на дзеда, і той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: – Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скідваў. Так што – шукайце. Дзесьці там і ляжыць.
Мікола памыляў ссінелымі ад холаду вуснамі, зморана ўздыхнуў і, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкі, сігануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як ніколі доўга: Гасюта нават сцягнуў з галавы кашулю, збіраючыся ратаваць сябра, ды тут Мікола вылецеў, па самы пояс, з вады і радасна выдыхнуў:
– Ёсць!
Пару хвілінаў Мікола аддзімаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку і з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамі ад днішча, што Гасюта, які стаяў у поўны рост і разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя вострыя сонечныя промні працялі небасхіл, і рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.
– Глеем зацягнула… ледзь адшукаў, – прамармытаў Мікола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалі дрыжыкі, ён увесь ссінеў, зуб паганяў зуба, і Гасюта, перш чым пачапіць да трактара канец вяроўкі, палез у кабінку і выцягнуў адтуль пачатую пляшку.
Мальцы глынулі на поўную губу, працягнулі пляшку дзеду Трахіму, але дзед піць адмовіўся.
За пару хвілін Гасютаў «Беларус» залескатаў на высокіх абаротах, вяроўка напялася, струной заспявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахім паглядаў на свет з лёгкай усмешкай, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасур’ёзнеў, прыхапіўся на ногі і застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужліва завуркатаў, зямля здрыганулася, і з вады ўзнялося штосьці зялёнае і круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя відарысы, і толькі калі камлыга прапаўзла па пяску, а затым успарола берагавы дзірван, пакінуўшы на ім пасму зялёнай твані, сталі праглядацца няўклюдная галава і шырокая грудзіна.
– Някволы бюсцік… – выдыхнуў Мікола, з натхненнем выкручваючы свае шырозныя, у «сэканд-хэндзе» набытыя трусы. Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакінуў з рукі на руку пакарабачаную манціроўку і міжволі засяродзіўся, прыкідваючы, відаць, колькі «зялёных» ім адваляць за бронзавага балвана.
Манціроўка ляснула тупым канцом па балване, і гук ад удару атрымаўся глухім і няўцямным.
– Цэмент, – прамовіў дзед Трахім, а ўнук, паспеўшы нацягнуць трусы толькі на левую кумпячыну, перахапіў манціроўку і з амапаўскім натхненнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.
– Цэмент, – уголас прашапталі хлопцы і разам паглядзелі на дзеда.
– Ну што, дзядуля… дзе твая бронза? – голас Міколавы дрыжэў, як авечы хвост. – Папёрліся… з цёмнага рана… поомнік… бро-онзавы… – унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы і рушыў да «Беларуса» – дапіваць рэшткі гарэлкі.
Добрых паўгадзіны хлопцы моўчкі ляжалі на траве, смалілі цыгарэты, нарэшце Гасюта падняўся на ногі і, кіўнуўшы ў бок камлыгі, запытаў:
– Дык што, адвязваем?
– Ды не-е… – прыспана прамовіў Мікола, – цягні да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгі дурыць.
– Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! – крыкнуў дзед Трахім, але Гасюта тым часам ужо залез у кабінку, паддаў газу, і цэментавая гаргара, пакідаючы пасля сябе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мікола ўжо трэці тыдзень гасцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзіў у мясцовы клуб альбо піў гарэлку на пару з дзедавым суседам – трыццацігадовым механізатарам Гасютам. Вось і пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправіўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, ззелянелы ад часу самавар.
Читать дальше