– Не, не вазьму скарбаў. Не вазьму чараў, – ды болей нічога не мовіш.
– Чаму гэта? – спыняюся, бо няма ўжо куды бегчы.
А ты з маёй спіны на зямлю саскочыла ды азіраешся сюды-туды, нібы шукаеш каго. Пра тое, дзе ж каралевіч закляты, чакальна кажаш. «Знік, няма яго!» – смяюся здзекліва і пазіраю, што ж ты рабіць будзеш…
Нічога не робіш, адно зноўку слязьмі залілася надрыўна, як быццам і шчырымі. Дзе ўпадзе твая слёзка на зямлю, там кветка сінім агнём успыхне. Як і ты, дзівосная, мілая… А сама наракаеш, за што ж гэта стаць не жывой, не мёртвай… Не выбавіла заклятага каралевіча? Дык жа зрабіці таго не магла, бо зусім не бачыла яго. І думалася табе, што павінна быць справядлівей за такое…
Плачаш уголас, а я ж схаваўся ў нетрах лясных, ляжу ціха, скруціўшыся пад ракітай. Справядлівасць, кажаш… Чмыхнуў носам, лапамі лісця як паболей загарнуў, утульна абвіўся шэрым хвастом. Будзе табе справядлівасць. Хоць і воўк я, дык усё ж…
І сніцца табе сон, што з гушчару ляснога прыходзіць нейкі з шэрымі глыбокімі вачыма, памяркоўны, спагадны. Абліччам гожы, з голасам ціхмяным. Каралеўнай сваёй цябе кліча, застацца з ім у цёмных лясах просіць. Кажа, што гэтак яго адчаруеш, выбавіш, выратуеш…
А ты ж яму ўсміхаешся, кажаш, увесь да сэрца прыйшоўся табе… Застанешся з ім у цёмных лясах, а змрок іх – зусім не цёмны, не страшны… І адчаруеш, выбавіш, выратуеш яго, прыгожага, невінаватага. Адно няхай жа ён ваўка шэрага, дакучлівага са свету звядзе, які цябе палохае ды пагражае гнеўна.
Мінаецца сон, і ты не памятаеш, не ўспомніш нічога-нічога. У невядомы вырай знікаюць сны! А я з-пад ракіты падымаюся, да цябе з’яўляюся і абяцаю ўрачыста, што з’ем цябе, з’ем… Адно сонейка ваўчынага прычакаю, каб смачней ды весялей было! Хочаш плакаць – плач. А ўцякаць уздумаеш – злаўлю! Хто ж у цёмных лясах спрытнейшым за мяне будзе?!
Не плачаш, не ўцякаеш, хоць і чакаю, што птушкай легкакрылай абернешся. Бачу па вачах, што хочацца табе ўзняцца ды паляцець… Кажаш як на тое чынна, міла:
– Не буду ўцякаць, не змагу птушкай свабоднай стацца, у неба падняцца… Горкі мой лёс, ды не падзецца ад яго нікуды! Як вырашыў мяне з’есці, то ж еш… Але перад смерцю хачу пабачыць наяве таямнічага каралевіча, пра якога столькі баек-цудаў!
Ды ўсміхаешся… Ды спадзяешся, што каралевіч звядзе шэрага ваўка са свету. Хто сказаў, што сон лёгка забыць? І што мне рабіці з таго… Гірчу на цябе папраўдзе гнеўна, але ж апошняе жаданне няспраўджаным не пакінеш. Хоць і воўк я, ды ўсё ж…
Яве светлай не давяраючы, як на ўвесь свет зазлаваўшы, зноўку сон на цябе насылаю. І бачыш ты, як ваўчынае сонейка жаўталявае ўзыходзіць, чуеш, як скаланае лясы радаснае выццё… Спяшаешся некуды? Да некага… Я ж твае крокі здалёку пазнаю. А ты рукі цягнеш, а ты просіш:
– Лясы цёмныя, маімі станьце! Сонца ваўчынае, ярчэй мне свяці! Шлях асмужаны, прымройлівы, не хавайся, пакажыся!
Ды не кажаш: «Каралевіч лясны, мне азавіся». Не каралевіча ты шукаеш… Не азваўся табе цёмны лес, не ўсміхнулася ваўчынае сонейка, не паказаўся зманлівы шлях. Някліканы каралевіч з’яўляецца, усміхаецца прыязна, як і раней, просіць яго выбавіць. Выратаваць, бо ты абяцала…
– Не выбаўлю! Не выратую! – узгараешся гнеўна. – Заставайся навек заклятым!
– Закляццё… Нямала часу мінулася, як палоннікам ягоным стаў! А ты з чаго такою нялітасцівай зрабілася? Болей не мілы табе?
– Не выратую, бо не змагу. Воўк мяне з’есць! Вось і ўсё! – ты крыху паспакайнела. – Каб жа можна было мне ваўка таго не баяцца!
– Ды, можа, і не з’есць? – Зазірае табе ў вочы каралевіч. – Мабыць, ён цябе палохае… А сам цешыцца з твайго страху. Змагайся з ім… – ды не кажа, ці то са страхам, ці то з ваўком.
– А мне ўсё роўна, – уздыхаеш стомлена, ціха. – Баюся яго, дужа яго баюся…
– Баішся свайго страху? – хоча насмяшыць цябе каралевіч. – Не ваўка. Калі б ваўка баялася, не дазволіла сябе знесці ў цёмныя лясы… Праўда?
– Можа, і праўда… А ты адкуль ведаеш тое?
– А я ведаю даўно… гэтага ваўка. Не цябе першую ён зносіць. Ды не шукай ім забраных, не пытайся пра іх, не плач… Намарныя такія клопаты. Адно сама не спыняйся… Абяцай, што не спынішся!
– А ты цяпер зусім не мілы. Бязлітасны, як той шэры. Можа, ён і сябра твой? Як воўк, не ведаеш пра дабрыню. І ніколі не быў спагадным…
– Тое праўда, далёка ад людзей быўшы, не меў каму спагадаць, добрае чыніць. А ты сярод людзей жыла. Ведаеш, як балюча можа зрабіцца…
– Ад чаго ж?
– Ад чалавечай хцівасці… Падману. Здрады… Ды ці мала яшчэ ад чаго… Усяго таго, чым людзі жывуць. Ты, прыгожая, ці не з-за гэтага з людзьмі быці не змагла? У цёмныя лясы падалася…
Читать дальше