— Just a moment? — сказаў доктар h.c. Ісак Колер і загадаў шафёру Францу спыніцца перад «Du Théâtre», вылез, сказаў пачакаць хвілінку, паспеў яшчэ парасонам паказаць на фасад «васемнаццатага стагоддзя», але міністр Б. ніяк не зрэагаваў, ён драмаў і бачыў сны. Кантанальны радца скіраваў у рэстаран, праз круцёлку ў дзвярах дастаўся ў вялікую залу, дзе быў пачціва сустрэты мэтрдатэлем. Блізілася сёмая гадзіна, усе столікі былі занятыя, госці вячэралі, гармідар галасоў, плямканне храпаў, дзыньканне відэльцаў і нажоў. Былы радца разгледзеўся па баках, пасля рашуча прайшоў у цэнтр залы, дзе за маленькім столікам сядзеў прафесар Вінтэр, заняты філе а-ля Расіні і пляшкай шамбэртэна, дастаў рэвальвер і прыстрэліў сябра ПЭН-клуба, не забыўшыся папярэдне прыязна з ім павітацца (наогул уся сцэна разыгралася вельмі і вельмі прыстойна), пасля чаго гэтак сама спакойна і няўзрушна прайшоў міма аслупянелага мэтрдатэля, які моўчкі лупіў вочы, міма разгубленых, да смерці перапалоханых кельнерак, праз круцёлку ў дзвярах пад пяшчотнае сакавіцкае неба, зноў сеў у свой «ролс-ройс» да задраманага міністра, які так нічога і не заўважыў, які нават не ўсвядоміў, што машына спынялася, які, як ужо было сказана, проста драмаў, проста бачыў сны, ці тое яно пра віскі, ці пра палітыку (дарэчы, яго і праўда ж змыла хваля Суэцкага крызісу), ці тое пра нейкае прадчуванне што да сваёй пухліны (на тым тыдні газеты апублікавалі бюлетэнь пра яго смерць, з вельмі сціслым каментаром, прычым большасць газет дадумаліся пераблытаць арфаграфію ягонага імя).
— У аэрапорт, Франц, — загадаў д-р h.c. Ісак Колер.
Intermezzo яго арышту . Без пакепу пра гэта не раскажаш. За некалькі столікаў ад забітага якраз сталаваўся начальнік нашай кантанальнай паліцыі са сваім старым прыяцелем скульптарам Мокам, глухім, як пень, які, увесь у сабе, наогул не ўшалопаў анічога з таго, што адбылося, ні раней, ні потым. Абодва елі potaufeu — гатаванае мяса з прыправамі і да яго булён з гароднінай, Мок — са смакам, начальнік, зусім не шчыры заўсёднік «Du Théâtre», — не без агіды, нават з буркатою, усё яму не ў губу: і булён астылы, і мяса не пражаваць, і брусніцы засалодкія. Калі грымнуў стрэл, начальнік і галавы не падняў, што цалкам магчыма, прынамсі, так распавядаюць, бо як рыхтык у тую хвіліну ён сама-сама высмоктваў па ўсіх правілах мастацтва мархель з мазгавой косткі, пасля нарэшце ўсё-такі ўстаў, нават абярнуўшы пры гэтым крэсла, і, як чалавек строгіх правілаў, спярша падняў яго, пасля падышоў да Вінтэра, але той ужо ляжаў тварам у сваім філе а-ля Расіні, усё яшчэ сціскаючы рукою келіх з шамбэртэнам.
— А гэта тут быў часам ці не Колер? — спытаўся начальнік у па-ранейшаму непрытомнага, спалатнелага мэтрдатэля, які з жахам вытапырыўся на яго.
— Яволь. Яволечкі ж ён, — прамармытаў той.
Начальства задумліва разглядвала забітага германіста, пасля перавяло змрочны позірк на талерку са смажанай бульбай і бобам, слізганула вачыма па місцы з далікатнай зелянінай салаты, памідорамі і радыскай.
— Што ж, тут больш нічым не парадзіш, — сказаў ён.
— Яволь, нічым, нічым.
Госці, спярша скамянелыя, паўскоквалі са сваіх месцаў. З-за стойкі раззявілі вочы кухар і ўвесь кухонны персанал. Толькі Мок як бы нішто яму ніякага еў далей. Наперад праціснуўся худы чалавек.
— Я лекар.
— Нічога не чапайце, — спакойна распарадзіўся начальнік. — Нам яго спярша трэба сфатаграфаваць.
Лекар нахіліўся да прафесара, але загаду не парушыў.
— Праўда, — канстатаваў ён. — Забіты.
— Менавіта, — спакойна сказаў начальнік. — Вярніцеся на сваё месца.
Пасля ўзаў з крэсла бутэльку шамбэртэна.
— А гэта мы канфіскуем, — сказаў ён і працягнуў бутэльку мэтрдатэлю.
— Яволь. Ага, канфіскуем, — прамармытаў той.
Пасля начальнік пайшоў тэлефанаваць.
Вярнуўшыся, ён застаў над трупам пракурора Емэрліна. На ім быў цёмны святочны гарнітур. Ён збіраўся ў канцэртную залу на сімфанічны канцэрт і, калі пачуўся стрэл, якраз спажываў на другім паверсе ў французскім рэстаране амлет flambee на дэсерт. У горадзе Емэрліна не любілі і марылі пра той час, калі ён сыдзе на пенсію, марылі ўсе: шлюхі і іх канкурэнты з іншага лагера, злодзеі і грабежнікі, недацямныя пракурысты, дзелавыя людзі ў складанай сітуацыі, але ж і юрыдычны аппарат — ад паліцыі да адвакатаў, ды што там яны — нават свае калегі і тыя неабольвалі. Усе выдурніваліся ў недарэчных жартах на яго адрас: маўляў, дзіва што горад загінаецца, — тут жа Емэрлін, дзіва што юстыцыя кульгае — Емэрлін жа…, ну, і так далей. Пазіцыя ў пракурора была нікудышняя, аўтарытэт спляжаны, прысяжныя ўсё часцей у адкрытую аспрэчвалі яго заявы, а з імі заадно і суддзі, але больш за ўсіх даставаў яго аўтарытэтны начальнік паліцыі, казалі, быццам начальнік лічыць так званую крымінальную частку нашага насельніцтва яго найлепшай часткай. Зрэшты, Емэрлін быў юрыст высокага стылю, не заўсёды ён нёс паразы, ягоных запытаў і рэплік баялія, яго бескампраміснасць гэтак жа паважалі, як і ненавідзелі. Ён быў узорам пракурора старога замесу, якому кожны апраўдальны вырак — асабістая абраза, які аднолькава несправядлівы і з беднымі і з багатымі, нежанаты, недаступны ніякім спакусам, ні разу ў жыцці не дакрануўся да ніводнай жанчыны, што, зрэшты, і было яго галоўным прафесійным недахопам. Злачынцы былі яму чымсьці незразумелым, амаль сатанінскім, яны ўводзілі яго ў старазапаветную ятру, ён быў аджытым рэліктам непахіснай, але затое і непадкупнай маралі, даледніковы валун у «багне юстыцыі, якая ўсё чыста апраўдвае», казаў ён гэтак жа палымяна, як і зласліва. Вось і цяпер ён быў незвычайна ўзбуджаны, тым болей што асабіста ведаў і забітага, і забойцу.
Читать дальше