Цяпер пра мяне, тадыташняга і цяперашняга . Такая ў агульных рысах папярэдняя гісторыя, яна можа расчараваць, разумею, гэта надзённая падзея, дзіўная толькі для непасрэдных яе ўдзельнікаў і для больш дасведчаных, прычына плётак, жартаў больш ці менш банальных і для некаторых маральных сентэнцый пра крызіс Захаду і дэмакратыі, крымінальная справа, сумленна асветленая судовымі рэпарцёрамі і пракаментаваная галоўным рэдактарам нашай сусветна вядомай гарадской газеты (між іншым таксама сябрам Колера) са звычайнай у нашай краіне годнасцю, на некалькі дзён тэма гаворак, якія наўрад ці сягнулі за межы нашага горада, скандал правінцыйнага маштабу, які з поўным правам быў бы забыты ў недалёкай будучыні, калі б за ім не крылася адна дужа пэўная задума. Калі ж мне наканавана было сыграць у гэтай задуме галоўную ролю, дык гэта ўжо мая асабістая бяда, хоць, мушу прызнацца, я з самага пачатку адчуваў нешта падступнае. Зрэшты, тут трэба крыху асвятліць мае шанцы пасля працэсу Колера. Ужо тады яны мала радавалі. Я паспрабаваў неяк устаць на ногі; на Шпігельгасэ, над малітоўнай залай пабожнай секты «Святыя з Ютлі», я пачаў сваю ўласную практыку, памяшкане з перакошанай знешняй сцяной на тры акны, з некалькімі крэсламі вакол пісьмовага стала ад Пфістэра, з вядомымі налепкамі з «Бэобахтэра» на сценах, прычым прамоўчу пра якасць шпалераў на сценах, і пакуль што з няспраўным тэлефонам, — закутак, які ўзнік таму, што ўладальнік дома загадаў знесці сцяну паміж двума мансардамі і, натуральна, забіць другія дзверы. У трэцяй мансардзе жыў прапаведнік, ён жа заснавальнік секты Сымон Бэргер, вонкава вельмі падобны на св. Мікалая Флюэнскага, з ім у нас была агульная прыбіральня. Праўда, размяшчэнне маёй канторы было вельмі рамантычнае, праўда, непадалёк сваім часам жылі Бюхнер і Ленін, выгляд на коміны і тэлеантэны Старога горада абуджаў захапленне, давяральнасць, пачуццё ўтульнасці роднага кута і жаданне разводзіць кактусы, але для адваката яно не гадзілася, і не толькі ад нязручнасці з транспартам, да мяне наогул было цяжка дабрацца: ліфта няма, крутыя рыпучыя лесвіцы, хаатычнае плеціва калідораў. (Дадам: гэта раней мая кантора была размешчана няўдала, калі ў мяне яшчэ былі нейкія рэшткі амбіцыі, калі я яшчэ цвёрда хацеў стаць на ногі, чагосьці дасягнуць, зрабіцца спраўным бюргерам, а прапітаму хадайніку па справах паненак лёгкіх паводзінаў, якім я ў выніку зрабіўся, мой закутак пасуе як найлепш, хоць цесната ад размешчанай у ім сафы набыла катастрафічныя памеры; тут я сплю адзін альбо з кім выпадзе, тут жыву і нават часам гатую, а ўначы «Святыя з Ютлі» ў мяне пад нагамі гарлаюць песні, тыпу «Цябе чакаем мы, наш друг і брат, цябе мы любім вельмі шмат», прынамсі, Луцкі, патрон і абаронца той самай дамы з вартай подзіву канстытуцыяй цела і няпэўнай прафесіяй, які крыху з цікаўнасці, крыху з дзелавога інтэрасу меў са мной гутарку і наогул зандзіраваў глебу, здаваўся ўсім гэтым цалкам задаволеным і нават па-прыяцельску зазаначыў, што толькі тут якраз і можна адпачыць душой). Карацей, кліентура і раней не лашчыла мяне, я быў амаль беспрацоўны адвакат, апрача некалькіх дробных лавачных крадзежыкаў, спагнанняў па выканаўчым лісце ды статутаў спартыўнага таварыства арыштантаў (з даручэння дэпартамента юстыцыі), мне не было ўвогуле чым займацца, я бавіў час альбо на зялёных лаўках уздоўж нябярэжнай, альбо каля кавярні «Сэлект», гуляючы ў шахматы (з Лесэрам, прычым мы абодва ўпарта разгортвалі гішпанскі дэбют, так што ў цэлым гэта ўвесь час была адна і тая самая партыя, і заканчвалася яна аднолькава, патам), у сталоўках жаночага аб'яднання я спажываў стравы хоць і не выштукаваныя фантазіяй, затое вельмі карысныя. У такіх акалічнасцях я наўрад ці мог адхіліць Колерава запрашэнне наведаць яго ў турме ў Р.; думка, што ў запрашэнні старога ёсць нейкая дзіўната, што абсалютна нельга зразумець, навошта яму спатрэбіўся невядомы, яшчэ нічым такім не адметны адвакацік, і ўдадатак страх перад ягонай вышэйшасцю — адным словам, усе мае цьмяныя прадчуванні я прагнаў, проста не мог не прагнаць. У імя маральнасці, якая ёсць прадукт нашай працоўнай маралі. Працуй, склаўшы рукі, дык выцягнеш ногі. Гультаю і Бог не паможа. Карацей, я паехаў у Р. (тады яшчэ ў «фольксвагене»).
Наша папраўчая турма . На машыне можна даехаць хвілін за дваццаць. Пляскатая даліна, прыгарадная вёска, панылая, шматбетонная, некалькі фабрык, на небакраі — лясы. Шчыра кажучы, было б перабольшаннем заяўляць, што нашая турма вядомая кожнаму жыхару горада. Бо чатырыста арыштантаў складаюць ад сілы нуль цэлых адну дзесятую працэнта яго насельніцтва. Зрэшты, гэтая ўстанова павінна быць вядомая аматарам нядзельных вылазак на прыроду насельніцтва, нават у тым выпадку, калі шмат хто прымае яе за бровар альбо за вар'яцкі шпіталь. А таму, хто прайшоў праз браму з аховай і стаіць перад галоўным будынкам, можа здацца, быццам перад ім няўдалае архітэктурнае выкананне кірхі альбо капліца з чырвонай цэглы. Гэтае цьмянае адчуванне рэлігійнай прыналежнасці ніякім чынам не парушаюць постаці ахоўнікаў: ветлыя, пабожныя фізіяноміі, ну, рыхтык табе Армія выратавання, паўсюль цішыня, дабрадайная для нерваў, у прахалодным змроку на чалавека міжволі нападае пазяхотка, да якое, аднак, дамешваецца душэўная сруха. Тут юстыцыя з'яўляецца перад божым светам з заспаным тварам, што і не дзіва, улічваючы вечна завязаныя вочы гэтай дамы. Ёсць і іншыя прыклады дабрахоцтва і клопату пра выратаванне душы, — насустрач табе выходзіць барадаты капелан, нястомны руплівец і дбалец, пасля турэмны пастар, далей дама-псіхолаг у акулярах, усё так і прамяніцца жаданнем ратаваць, мацаваць, настаўляць душы, толькі ў самым канцы даволі бязрадаснага калідора прасвечвае пагрозлівы свет, хоць праз закратаваныя шкляныя дзверы немагчыма разгледзець дэталі, ды і двое ў цывільным, што сядзяць на ўслончыку каля кабінета дырэктара і чакаюць, аддана і змрочна, абуджаюць нейкі лёгкі недавер, нейкае несамавітае прадчуванне. Але той, перад кім адчыняюць шкляныя дзверы, хто пераступае таямнічы парог і заходзіць усярэдзіну, малой бяды ў якасці каго — ці тое крыху разгубленых членаў нейкай камісіі, ці тое арыштантаў, пастаўкай якіх займаецца правасуддзе, апынаецца на сваё здзіўленне ў царстве па-бацькоўску строгага, але зусім не бесчалавечнага парадку, карацей, перад трыма магутнымі галярэямі ў пяць паверхаў, якія ўсе праглядваюцца з аднаго пэўнага месца, у царстве зусім не змрочным, а наадварот, прасякнутым святлом зверху данізу, у царстве кратаў і клетак, не пазбаўленым, аднак, ні свайго аблічча, ні прыветлівасці, бо тут праз адчыненыя дзверы камеры можна ўбачыць столь нябесна-блакітнага колеру і пяшчотную зеляніну пакаёвай ліпы, там — ветлівыя, задаволеныя фізіяноміі арыштантаў у карычневых турэмных робах, стан здароўя падапечных вышэй за ўсе пахвалы, манаскі, мерны лад жыцця, ранняе выключэнне святла, простая ежа — цуды твораць, у бібліятэцы ёсць побач з апісаннямі падарожжаў, побач з душарадным чытвом для арыштантаў абодвух веравызнанняў хай нават не самая новая літаратура, затое класіка, ад дырэкцыі раз на тыдзень — кінасеанс, на гэтым тыдні — «Мы вундэркінды», наведвальнасць нядзельнай казані прыкметна перавышае ў працэнтных адносінах аналагічную па той бок турэмнага мура, жыццё размотваецца паступова, марудліва і раўнамерна, людзей забаўляюць і захапляюць, яны атрымліваюць ацэнкі. Тут прыкладныя паводзіны маюць сэнс, яны палягчаюць становішча, гаворка ідзе, зразумела, толькі пра тых, каму адседжваць гадоў дзесяць ці меней, тут выхаваўчыя меры дарэчныя. І наадварот, там, дзе ніякай надзеі няма, ад пажыццёва асуджанага нікто не патрабуе выпраўлення з удзячнасці за паслабленні, нездарма ж яны — гонар установы, напрыклад Дросэль і Цэртліх, якія на волі сваімі зладзействамі ўвагналі ў трымценне мірных грамадзянаў; ахоўнікі ставяцца да іх з нясмелай пачцівасцю, яны — зоркі мясцовага кантынгенту і паводзяцца адпаведна. Нельга замоўчваць той акалічнасці, што ў звычайных крымінальнікаў гэта часам выклікае зайздрасць, і яны даюць сабе слова наступным разам падысці да справы з большай грунтоўнасцю; гэтак сама ж і медаль, заслужаны нашай турмой, мае свой другі бок, але, калі разглядаць пытанне сукупна, хто б не захацеў пры такіх умовах ступіць на сцежку дабрачынства, пазбаўленыя пасадаў і пастоў чыноўнікі здабудуць новую надзею, забойцы звяртаюцца да антрапасофіі, вычварэнцы і кровамесы шукаюць духоўных даброцяў, тут клеяць скрынкі, плятуць кашы, акладаюць кнігі, друкуюць брашуры, і нават урадавыя радцы замаўляюць сабе гарнітуры ў мясцовай швальні, удадатак будынак прапах цёплым хлебам, тутэйшая пякарня славіцца, яе булачкі на бутэрброды подзіву вартыя (каўбасу трэба замаўляць асобна), папугайчыкаў, галубоў, радыёпрымачы можна заслужыць прыкладнасцю і ветлівасцю, для ахвотнікаў прадоўжыць адукацыю ёсць вячэрнія класы, і не без тайнай зайздрасці міжволі закрадваецца подумка, а ёй на змену прыходзіць цвёрдая ўпэўненасць, што гэты свет у поўным парадку, не наш, а менавіта гэты.
Читать дальше