— Добра, — сказаў я, — вельмі пахвальныя высновы. Але цяпер дзейнічаць за вас павінен буду я. Яшчэ раз даследаваць вашу справу. А ці дазволена аслу папытацца, што вы намыслілі?
— Нічога я не намысліў, - коратка адказаў доктар h.c. Ісак Колер. — Я проста разважаю. Пра свет. Пра людзей. Магчыма, пра Бога. Але на развагі мне патрэбен матэрыял, інакш мае думкі пачынаюць круціцца ў пустаце. Ад вас мне не трэба нічога, апрача невялікай дапамогі ў маіх занятках, якія вы спакойна можаце разглядаць як хобі міліянера. Дарэчы, вы не адзіны, у каго я прашу нязначных паслугаў. Вы ведаеце старога Кнульпэ?
— Прафесара?
— Яго-яго.
— Я ў яго вучыўся.
— Ну, вось бачыце. Цяпер ён на пенсіі, і каб ён канчаткова не спарахнеў, я і яму даў даручэнне. Цяпер ён заняты даследаваннем. Вынікі аднаго забойства. Ён высвятляе наступствы, якія паследавалі і яшчэ паследуюць у выніку гвалтоўнага спынення жыцця аднаго калегі. Надзвычай цікава. Ён у захапленні. А задача ў тым, каб, даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку. А ваша задача, шаноўны, будзе іншага роду, і ў пэўнай ступені яна процілеглая таму, што робіць Кнульпэ.
— Якім жа чынам?
— Вы павінны нанава разгледзець мой выпадак, зыходзячы з дапушчэння, што забойца быў не я.
— Не разумею.
— Вам трэба скласці фіктыўнае дапушчэнне, толькі і ўсяго.
— Але ж раз вы забойца, дык усе мае дапушчэнні не маюць сэнсу, — запярэчыў я.
— Не, толькі так яны і набываюць сэнс, — адказаў Колер, — дарэчы, вас ніхто і не прымушае даследаваць рэчавасць, гэтым займаецца наш мілы Кнульпэ, вам трэба разгледзець адну з магчымасцяў, якія тояцца ў рэчаіснасці. Бачыце, дарагі Шпэт, рэчаіснасць нам і без таго вядомая, за яе я і сяджу тут і пляту кашы, а вось пра магчымае нам вядома якраз жа і мала. І гэта натуральна. Магчымае амаль бязмежнае, тым часам як рэчаіснае строга абмежавана, бо толькі адной з магчымасцяў дадзена ўвасобіцца ў існасць. Рэчаіснае — гэта проста асобны выпадак магчымага. А таму яго няцяжка ўявіць і ў іншым выглядзе. З чаго вынікае, што нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснае, каб пранікнуць у сферу магчымага.
Я засмяяўся.
— Не зусім звычайны лад разважанняў, гер Колер.
— Так, у тутэйшых мясцінах прынята разважаць, — адказаў Колер. — Ведаеце, гер Шпэт, начамі, гледзячы на зоркі праз аконныя краты, я часта задаю сабе пытанне: як бы выглядала рэчаіснасць, калі б забойца быў не я, а хто-небудзь іншы? Хто б ён тады быў, гэты іншы? Вось на якое пытанне я хацеў бы атрымаць ад вас адказ. Я кладу вам трыццаць тысяч ганарару, з іх пятнаццаць — авансам.
Я прамоўчаў.
— Ну, дык што? — спытаў ён.
— Падобна на пакт з д'яблам, — адказаў я.
— Я ж не патрабую ад вас душы.
— Хто ведае.
— Вы нічым не рызыкуеце.
— Магчыма. Але я не бачу сэнсу ў вашай задумцы.
Ён паківаў галавой, засмяяўся.
— Годзе вам і таго, што бачу я. Астатняе хай вас не турбуе. Ад вас патрабуецца толькі прыняць прапанову, якая анічым не ўшчамляе закону і якая мне патрэбна на даследаванне магчымага. Усе выдаткі я, зразумела, бяру на сябе. Звяжыцеся з якім-небудзь сумленным дэтэктывам, сама лепш з Лінгардам, заплаціце яму, колькі ён папросіць, грошай хопіць на ўсё, і наогул дзейнічайце, як вам заўгодзіцца.
Я яшчэ раз абдумаў гэтую дзіўную прапанову. Яна мне не спадабалася, я спадыспаду ўнюхаў нейкую пастку, хоць і не мог уцяміць, у чым яна.
— А чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? — спытаўся я.
— Таму што вы нічога не петрыце ў більярдзе, — спакойна адказаў ён.
І тут я прыняў прапанову.
— Гер Колер, — сказаў я, — ваша даручэнне ўяўляецца мне надта загадкавым.
— Адказ можаце паведаміць маёй дачцэ, — сказаў Колер і ўстаў.
— А мне не трэба часу на роздум, я адмаўляюся, — адказаў я і таксама ўстаў.
Колер спакойна зірнуў на мяне, распраменены, шчаслівы, ружовы.
— Вы возьмецеся за гэта даручэнне, мой юны дружа, — сказаў ён, — я ведаю вас лепш, чым вы самі сябе ведаеце: шанец — ён і ёсць шанец, а вам ён патрэбен. Вось, шчыра кажучы, і ўсё, што я хацеў сказаць. А цяпер, Мёзер, вернемся да нашых кашоў.
І абодва сышлі, пад ручку, каб я так жыў, а я быў рады, што змагу нарэшце пакінуць прытулак абсалютнага шчасця і па магчымасці хутчэй. Я зліняў у самым першым значэнні гэтага слова. Поўны цвёрдай рашучасці не ўблытвацца ў гэтую справу і ніколі больш не бачыцца з Колерам.
Я ўсё-такі згадзіўся. Хоць яшчэ назаўтра мерыўся адмовіцца. Я адчуваў, што на карту пастаўлена мая адвакацкая рэпутацыя, хай нават ніякай рэпутацыі ў мяне пакуль што і не было. Але прапанова Колера не мела сэнсу, нейкі фокус, ніжэй годнасці маёй прафесіі, чыстая магчымасць зарабіць шмат грошай на дурніцу, супроць чаго паўставаў мой гонар. У тыя часы я яшчэ хацеў заставацца незаплямленым, марыў пра сапраўдныя працэсы, пра магчымасць прыносіць людзям карысць. Я напісаў кантанальнаму радцу ліст, дзе паўторна паведаміў яму свае рашэнне. На гэтым справа для мяне была закончаная. З лістом тым у кішэні я выйшаў са свайго пакоя на Фраерштрасэ, як выходзіў штораніцы, а дзевятай ноль-ноль, каб для пачатку як звычайна наведаць «Сэлект», пазней забегчы ў сваю кантору (мансарда на Шпігельгасэ), а яшчэ пазней — прайсціся па набярэжнай. У дзвярах я раскланяўся са сваёй кватэрнай гаспадыняй, прымружыў вочы ад сляпучага святла, гледзячы на жоўтую паштовую скрынку каля дзвярэй крамы, праз дарогу ад мяне, некалькі крокаў, смеху вартая адлегласць, але, як што жыццё часам нагадвае сюжэт дрэннага рамана, я гэтай раніцай, цяжкай, гнятлівай, бо дзьмуў фён, г. зн. тыповай для нашага горада, звычайнай раніцай паміж дзевятай і дзесятай, як ужо было сказана, сустрэў, і ўдадатак падрад, аднаго за адным: а) старога Кнульпэ, б) архітэктара Фрыдлі, в) прыватнага дэтэктыва Лінгарда.
Читать дальше