Ён прачнуўся ноччу ад беспрычыннага пачуцця трывогі, невыразнага адчування небяспекі, ці што. Паляжаўшы крыху, уцяміў, што ягоны неспакой ішоў болей знутры, з глыбіні свядомасці — навокал была ноч і стаяла глухая цішыня, якая была калісьці і ад якой ён адвык з пачатку вайны. Дрыжыкі яго, здаецца, мінулі, ён ляжаў мокры ад поту, але холадна яму не было — было нават душна, кажушок упаў з тапчана долу, і цяпер ён ляжаў не накрыты, у змакрэлай кашулі. Рана, калі ён незнарок варухнуў нагой, азвалася болем, але той боль быў ужо не такі востранясцерпны, як учора. У застаронку панавала цемра, ледзьве свяціліся дзве-тры шчыліны пад самым дахам, і ў адной з іх тонкім праменьчыкам мільгала дробная зорачка ў небе.
Агееў прыслухаўся, імкнучыся злавіць хоць які-небудзь рух жыцця за сценамі яго дашчанага сховішча, але, мабыць, ні адзін гук не патрывожыў застаялай цішыні ночы. Ён не адразу сцяміў, якія гукі шукаў у цішы яго ўстрывожаны слых, але тых гукаў, мабыць, даўно ўжо не было чуваць — з таго самага часу, як яны адбіліся ад групы і павярнулі на поўдзень. І тады ён падумаў: што ж гэта такое здарылася ў свеце, як адбылося, што вайна дакацілася ў такую глыбіню краіны? І чаму ён апынуўся ў гэтым застаронку, бездапаможны, бяззбройны, пераапрануты ў нейкую цывільную кашулю? Дзе яго армія? Дзе фронт? Колькі будзе доўжыцца гэтае адступленне і хто ў ім вінаваты? Чырвонаармейцы? Камандзіры? Наша баявая тэхніка? Ці, можа, усё вырашае перавага немцаў, нечаканасць іх магутнага ўдару, іхняе майстэрства і дасканаласць іх тактыкі на полі бою?
За некалькі дзён баёў, у якіх прыняў удзел Агееў, ён паспеў пераканацца, што ў войска хапала рашучасці супраціўляцца ворагу, што байцы і асабліва камандзіры без літасці да сябе, нярэдка звыш усялякай магчымасці, змагаліся з ворагам, часам здорава білі яго на малых участках, хаця і не маглі тым змяніць агульную абстаноўку на фронце, якая з таго самага брутальнага ранку заставалася разгромнай. Не зважаючы на свае страты, на стойкасць і супраціўленне нашых часцей, немцы ламалі абарону, абыходзілі, акружалі на шырокім фронце і няспынна ішлі на ўсход. Дзе яны зараз і дзе фронт, што чакае армію і краіну ў недалёкай будучыні? — во тыя пытанні, ад якіх ва ўчэпістым страху білася сэрца, і, калі над імі задумацца, здаецца, можна было звар'яцець. На ягоных вачах гінулі людзі, рушыліся шматгадовыя асновы дзяржаўнасці і ставілася пад пытанне будучыня ўсёй зямлі — як можна было заставацца спакойным, мірна спаць у гэтым ціхім кутку, куды яго загнала вайна?
Усе апошнія дні пасля разгрому, прабіраючыся да гэтага мястэчка, Агееў пакутаваў ад невядомасці, ад абсалютнай адсутнасці інфармацыі; людзі, што сустракаліся на іх шляху, таксама няшмат ведалі, болей абыходзіліся здагадкамі і чуткамі, якія былі занадта ўжо фантастычныя, — чуткам Агееў стараўся не верыць. Але якім бы ні быў ягоны недавер, адно заставалася несумненным — немцы перайшлі Дняпро. І ён думаў, што калі нават на Дняпры іх не змаглі спыніць, здалі Магілёў, Віцебск, Гомель, дык чаго чакаць далей? Там жа рукой падаць да Масквы.
Яшчэ тыдзень назад, прарываючыся з групай на ўсход, спакутаваны ад хранічнага недасыпу, трываючы боль раны, галодны і насцярожаны ад няспынных сутычак з немцамі, ён неяк не задумваўся аб такіх нечаканых паваротах вайны, імкнуўся толькі прабіцца да фронту, да сваіх, а там, здавалася, усё стане на месцы. Але во да сваіх так і не выйшаў, засеў немаведама дзе, у жахлівай далечы ад фронту, у баку ад вялікіх дарог, выспаўся, пазбавіўся ад асколка ў ране, і трывожныя думкі аб лёсе вайны і клопат за ўласны лёс сталёвымі абцугамі сціснулі сэрца — было неспакойна, трывожна і пакутна. Але што мог ён зрабіць?..
Калі б не гэтае раненне…
Шмат што было загадкава ў яго вымушаным становішчы, але тое, што з такой ранай ён не баец, — гэта ён разумеў пэўна. Самае кепскае было ў тым, што ён зусім не мог бегчы, не мог пры патрэбе спадзявацца на ногі, кульгавага, яго мог лёгка дагнаць кожны паліцай. Значыць, выйсце для яго было ў адным — як мага хутчэй залячыць рану і што б там не стала прарвацца на ўсход, да фронту і сваіх.
Калі праз дашчаныя сцены застаронка пранік нясмелы світанак, ён падняўся і, адольваючы слабасць і кружэнне ў галаве, пачаў злазіць з тапчана. Ён падумаў, што лепш гэта зрабіць цяпер, пакуль вакол спяць і яго ніхто не ўбачыць. Накінуўшы на плечы сваю ватоўку, марудна апусціў ногі на зацярушаны сенам земляны дол. Усё ж рана балела, нагу проста курчыла ад болю пры кожным неасцярожным руху, і ён, сцяўшы зубы, ашчадна наступаў на левую пяту. Трымаючыся за шула, ціхенька адчыніў нізкія дзверы, выйшаў у хлеў. Аднекуль з-пад яго ног кінуўся прэч шэры вялізны кот, выскачыў з варот, засцярожліва паўзіраўся ў Агеева разумным позіркам касых вачэй на шчакастай мордзе і схаваўся ў дзядоўніку. У хляве дужа пахла сенам, перасохлым гноем, але за паламанай агародкай, здаецца, было пуста, каровы ў Бараноўскай не было. Не чутна было і якой іншай жывёлы, хлеў пуставаў. Праз трохі прычыненыя ад ветру вароты, усё хапаючыся за сцены, ён выбраўся ў двор. Рослы дзядоўнік і крапіва ля сцежкі стаялі ў халоднай расе, прыслоненыя да сцяны хаты, тырчалі нейкія жэрдкі ці, можа, дровы Бараноўскай, вузенькі дворык быў вымашчаны дробнымі каменьчыкамі, але хадзілі па ім, мабыць, няшмат: месцамі сярод камянёў ужо дружна лезла маладая траўка. Насупраць ад увахода ў хату стаяла пустая паветка, адным сваім бокам прымыкаючы да штакетніка-тыну, што адгароджваў двор ад вуліцы. Гэтая паветка, якая неўзабаве адыграе пэўную ролю ў ягоным жыцці, цяпер не звярнула на сябе яго асаблівай увагі — ён болей прыглядаўся да таго, што мясцілася далей ад вуліцы, у глыбіні гэтага даўгога, са шматлікімі хлявамі і хлеўчукамі двара. Пад агульнай страхой з хлявом відаць былі і яшчэ нейкія старыя будыніны, паветкі, куткі з ламаччам, і ўсё заканчвалася дрывотняй з невялікаю клеццю дроў пад страхой, над якой угары, у змрочным світальным небе, цямнелася магутнае суччо некалькіх старых дрэў. Ад дрывотні ўздоўж саду бегла ўніз сцежка, што знікала ў канцы гародаў ля рова, дзе яны пераходзілі ручай. Толькі пачынаўся ранак, было сонна і спакойна, мястэчка спала, здавалася, не ведаючы ні вайны, ні бяды, ні смерцяў, якія абрынула на зямлю вайна. І каторы раз Агееў адчуў, што такая цішыня яго проста здзіўляе пасля ўсяго перажытога ім за некалькі тыдняў; ён адчуваў у ёй затоеную злую трывогу, невыразнае чаканне бяды.
Читать дальше