— Ну, і што ж ты яму адказаў? — стрымана спытаў Агееў.
— Я? Анічога. Я прамаўчаў. Але дужа мне хацелася ў яго мой ТТ разрадзіць.
— Во маладзец! — здзекліва сказаў Агееў. — Так бы яны і цябе разам з тымі двума. Трэцім.
Малаковіч, здавалася, без увагі да яго здзеклівасці трохі цішэй паведаміў як аб чымсь канчаткова вырашаным:
— Я яго ўсё роўна стрэльну. Ён жа маю настаўніцу арыштаваў. Адправілі ў горад. Во гэта і будзе мой асабісты ўклад у барацьбу з акупантамі. Шлёпну і змыюся. Нельга нам тут доўга заставацца.
Агееў змоўчаў, ён быў гэткай жа думкі, толькі не хацеў гаварыць пра тое пры гэтым староннім хлопцу. Хто ведае, кім стаў гэты Малаковічаў сябра за час вайны.
— Як тваё плячо? — спрабаваў Агееў перавесці размову на іншае.
— Плячо загоіцца. Яшчэ дзень-другі, і зніму павязку.
— Ну, дык вось. Пакуль не знімеш павязку, не рыпайся. А то сам па дурасці ўліпнеш і маці падставіш.
— Ну, матка як-небудзь абыдзецца. А брацельнік сам лезе супраць іх што-небудзь выкінуць. Вунь у Кіслякова болей — чацвёра з маткай, і то не дрэйфіць, радыё слухае.
Мусіць, ніякавата паёрзаўшы на сваім мяккім сядзенні, Кіслякоў вытлумачыў:
— Баяцца — не тое слова. Страшна, канечне. Але ж трэба. Калі паддацца страху…
— А ваш бацька дзе? — запытаўся Агееў.
— Бацьку мабілізавалі. У першы ж дзень.
— Самога не прызывалі?
— Не. Я ж нягодны па зроку.
— Ён жа студэнт, — ціха сказаў Малаковіч. — У Мінску ў дзяржуніверсітэце вучыўся. Скончыў два курсы…
— Ды што там, — махнуў рукой Кіслякоў, і яго вастраносы тварык зрабіўся надта самотным. У ранішнім паўзмроку ён здаваўся цяпер заўчасна састарэлым хлопчыкам, гэткім сарамлівым, разумненькім гномікам.
— Да-а. Ну, а што людзі кажуць? Як настрой у народа?
Ад гэтага пытання Агеева Кіслякоў заклапочана нахмурыў лобік і пачаў ахвотна тлумачыць:
— У асноўнай масе людзі настроены патрыятычна. Але ўсе чакаюць. Гэтыя поспехі немцаў, безумоўна, не маглі не выклікаць некаторай разгубленасці. Але гэта часова. Хутка пачнецца ўсеагульнае выступленне. Асабліва калі будуць працягвацца рэпрэсіі. А яны, несумненна, будуць працягвацца, таму што пашырыцца супраціўленне. Гэтыя рэчы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.
— А што ж кіраўніцтва раёна? Інтэлігенцыя?
— Тут, бачыце, якая сітуацыя: з парткіраўніцтва амаль нікога няма. Інтэлігенцыі таксама. Каго мабілізавалі ў першыя дні, хто ў іншыя месцы падаўся. Настаўнікі, напрыклад. Але, я так думаю, ёсць недзе арганізаванае падполле. Таксама як і партызанскія атрады.
— Гэта павінна быць. Гэта абавязкова! — з жарам падхапіў Малаковіч. — У нас тут у грамадзянскую славуты партызанскі атрад дзейнічаў. Атрад Макоўчыка. Недзе яны і цяпер ёсць. У Сырамятаўскім лесе, мабыць.
— Яны знаюць — дзе, — ціха сказаў Кіслякоў.
— Было б нядрэнна звязацца, — зазначыў Агееў. Але Малаковіч не пагадзіўся.
— Гэта нашто нам? Нам партызаны не трэба. Што, я ў партызанах ваяваць буду? Маё месца ў арміі. Я ж сярэдні камандзір усё-такі
— На ўсякі выпадак, — сказаў Агееў.
— Не, гэта не для нас. Гэта для вясковых дзядзькоў. Няхай яны ў лес ідуць, шалашы будуюць. Маё дзела на фронце. У полк нам трэба, я так думаю, — гарачыўся Малаковіч.
— Ты добра думаеш, — з уздыхам сказаў Агееў. — Але во заселі мы тут, і яшчэ пасядзець прыйдзецца. Фронт вунь дзе, а я пакуль не хадок, сам разумееш. Яшчэ з тыдзень, напэўна, праваляюся…
— А то і болей, — сказаў Малаковіч і з прыкрасцю ляпнуў сябе па калене. — Ну што ж, можа, за гэты час вайна не скончыцца…
Ён ускочыў з тапчана, захінуў на грудзях куртаты свой пінжачок, надзеты на аблезлую, у палоску, кашулю, — зусім не падобны на сябе нядаўняга, лейтэнанта — высокі, худы і тонкі, вясковага выгляду хлопец з рашучым выразам загарэлага твару.
— Да, забыўся сказаць: заўтра тут сабантуй намячаецца. Усім яўрэям загадана сабрацца каля царквы, кудысь перасяляць будуць.
— Куды перасяляць? — не зразумеў Агееў.
— А чорт іх ведае — куды.
— Загадана ўзяць ежы на трое сутак, каштоўныя рэчы, — дадаў Кіслякоў.
— Значыць, кудысь пагоняць. Можа, у канцлагер ці яшчэ куды. Іх хіба зразумееш, фашыстаў. Ну, дык папраўляйцеся, таварыш начбой. Я буду забягаць, калі што…
Калі іхнія крокі сціхлі на падворку, Агееў адкінуўся плячыма на падушку і доўга ляжаў так, стомлены невясёлай размовай, сваімі думкамі, цьмяным прадчуваннем горшага. Усё было трывожна і незразумела. Праўда, трывог хапала з самага пачатку вайны, ён пачаў ужо прывыкаць да іх, шмат у чым спадзяючыся на сябе, на сваю сілу і кемлівасць. Але да нядаўняга часу ён быў бадай што салдат, не надзелены правам прымаць вялікія рашэнні — рашэнні прымалі другія, яму ж належала іх выконваць. Тут жа ён апынуўся ў становішчы, калі сам стаў начальнікам і падначаленым у адной асобе, сам мусіў прымаць рашэнні і сам выконваць іх, што аказалася трудна і нязвыкла. Асабліва ў такіх вось абставінах, калі нічарта як след невядома і кожны промах можа абярнуцца пагібеллю. Добра яшчэ, калі б пагібеллю цябе аднаго. А то вось кола залежных ад яго людзей рабілася ўсё шырэйшым, быў адзін Малаковіч, цяпер за некалькі дзён да яго далучыліся Бараноўская, доктарка, Кіслякоў. У выпадку, калі ён дзе памыліцца, ім не паздаровіцца таксама.
Читать дальше