— Можна, начальнік?
— Давай сюды, Чарамісін, — пачулася з пакоя, калі дзверы адчыніліся. — А сам пачакай там…
Агееў ступіў у пакой і спыніўся. Мяркуючы па ўсім, тут быў кабінет дырэктара, мабыць, выкладчыка геаграфіі — з зашклёнай шафай у куце, глобусам на ёй. У прасценку паміж двума вокнамі вісела вялізная карта Эўропы, на фоне якой, грозна настырчыўшыся, стаяў начальнік паліцыі Драздзенка. Ён курыў і, як увайшоў Агееў, нервова пажаваўшы цыгарэту ў зубах, кінуў яе на падлогу.
— Ну, давай дамовімся. Будзем гуляць у жмуркі ці адразу папараўдзе? Падумай, што для цябе выгадней?
— Мне няма чаго думаць, — знарок пакрыўджана сказаў Агееў. Усё ж яму не было вядома, што яны дазналіся пра яго, у чым падазраюць.
— Ах, няма чаго думаць? — злосна здзівіўся Драздзенка. — Вельмі нават дарма. Я б на тваім месцы моцна задумаўся. Ёсць над чым.
Ён узяўся за спінку крэсла, але перш чым падсунуць яго і сесці, са сначэннем паглядзеў на канец вялікага стала, дзе сярод папак і розных папер ляжалі нейкія рэчы. Зірнуўшы туды, Агееў адразу сцяміў, што ноччу яны, мабыць, папрацавалі няблага, добра перавярнулі сядзібу Бараноўскай. На стале ляжала акуратна, па-вайсковаму складзеная яго гімнасцёрка з трыма кубікамі ў чырвоных пятліцах, зверху на ёй — шырокі рамень, дакументы, паперы, камандзірскае пасведчанне і кандыдацкая картка, нейкая кніга без вокладкі. Пісталета, аднак, там не было. Драздзенка кіўнуў галавой.
— Ну, пазнаеш? Твае рэчы?
Агееў спакойна цепнуў плячмі.
— Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.
Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.
— А сумачка во гэтая?
Агееў амаль шчыра здзівіўся:
— З якой нагоды? Упершыню бачу.
— Значыць, не прызнаеш?
— Не прызнаю, — сцята сказаў Агееў.
— Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. — А вот гэтую абложку?
Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.
— Не!
— Сукін ты сын! — злосна аб'явіў Драздзенка. — Можы, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! З ададраным пераплётам! Во!
Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер…
— Дык што? Будзеш і далей адмаўляцца ці пачнём дзелавы разгавор?
Ён прамаўчаў, і Драздзенка, счакаўшы, уклаў кнігу ў вокладку, кінуў да кучы на гімнасцёрку.
— Чаго вы ад мяне хочаце? — нервова запытаўся Агееў. Здаецца, з кнігай адмаўляцца было бескарысна, але і не прызнавацца ж яму ва ўсім.
— Узрыўчатку Марыі ты даў? — запытаўся Драздзенка і ва ўпор пранізаў яго цяжкім злым позіркам.
— Якую ўзрыўчатку? Якой Марыі?
— Ах, ты не ведаеш, якой Марыі?! Чарамісін! — гаркнуў начальнік паліцыі і, калі дзверы з калідора адчыніліся, загадаў: — Прывядзі тую!
Сэрца ў Агеева па-здрадніцку страпянулася, у вачах прыцьмела, і ён увесь сцяўся ў прадчуванні найгоршага. Аднак Чарамісін марудзіў, мабыць, бегаў куды, і Драздзенка з непадробнаю асабістай крыўдай пачаў лаяць Агеева:
— Эх ты, сука! А я цябе пакрываў! Намеснікам хацеў зрабіць. А цяпер ты здохнеш, і пашкадаваць не будзе каму.
— Гэта магчыма, — марудна авалодваючы сабой, сказаў Агееў. — Калі вы так… без разбору.
— Без разбору? Мы разбярэмся, не думай…
Дзверы ціха адчыніліся, і ў кабінет ціха ўвайшла мілая яго Марыя, адзін толькі позірк на якую прымусіў Агеева ўнутрана здрыгануцца. Цёплай вязанай кофты на ёй ужо не было, з-пад разадранага на спіне сарафаніка востра тырчалі голыя плечы, усе ў драпінах і сіняках ад пабояў, на левай шчацэ пад вокам цямнелася сіняя пляма, распухлыя вусны сачыліся крывёй. Хуткім позіркам яна слізганула па кабінеце, ледзь-ледзь затрымала позірк на Агееве, нічым, аднак, не адзначыўшы свайго да яго пачуцця, і ўставілася ў Драздзенку.
— Ну, пазнаеш? — запытаўся ў яго начальнік паліцыі.
— Не памятаю.
— Не памятаеш!.. А ты? — кіўнуў ён Марыі.
— Я памятаю. Гэта сапожнік, што ў Бараноўскай жыў, — слабым, з дрыготкай голасам сказала Марыя і змоўкла, уся ў насцярожанай пакутнай увазе.
Читать дальше