— Вы ўжо на пенсіі? — запытаўся Агееў у Хаміча, які тут здаўся яму самым старым, апроч хіба Еўсцігнеева. Хаміч нязгодна смыкнуў рэдкімі брывамі.
— Раблю. Ваабшчэ мог бы ісці, але, ведаеце… Грошы трэба.
— Ён у нас многасямейны, — сказаў Прахарэнка. — Бацька-герой!
— Ну. Пяць дачок, восем унукаў. Мусіш рабіць, памагаць трэба.
— А што, у дачок мужыкоў нама? — запытаўся Агееў.
— Ёсць, чаму! Адна толькі ў разводзе. А так зяці, усё як мае быць. Калі ўлетку наедуць — цэлы ўзвод. Аж гул у хаце стаіць. Ну, і трэба даць кожнай: сальца, кілбас, вясковага масліца — гарадскія цяпер падабаюць. Гародніны таксама. Ну, яблыкаў, грыбкоў, варэння. А затым трэба і паслаць! Адна кааператыўную кватэру будуе, другая машыну купляе. Трэцяя прадаўшчыцай у Мінску рабіла, недастача выйшла, трэба пакрыць, бо ў турму сядзе. Усё трэба.
— Панятна, — задуменна сказаў Агееў, а Жалудкоў растлумачыў проста:
— Паразіты яны ў цябе, Хаміч. І дочкі, і зяці твае.
Цень заклапочанае нязгоды прабег па добразычлівым Хамічовым твары.
— Ну, чаму — паразіты? Цяпер ва ўсіх так. Валакуць з вёскі ў горад. Што толькі можна. Во ў Прахарэнкі адзін сын, а што — ён меней за маіх дачок цягне?
— Не меней, — трасянуў сівой галавой Прахарэнка. — Трэцяя жонка, аліменты, што ж застаецца. Прыходзіцца.
— Нам хто калі так дапамагаў?
— Ну, мы — іншая справа, — адразу пазмрачнеў Прахарэнка. — У нас іншае жыццё было. Можна сказаць — не было ніякага. Адна пагібель! Хай цяпер гэтыя жывуць. Пакуль вайны няма.
— Во-во! Пакуль няма вайны, — падхапіў Хаміч. — А то як лясне гэты атамны грыб, дык нічога і не застанецца. Кажуць, што адны мурашы толькі выжывуць. І то яшчэ невядома, навука сумняваецца.
— Ну, лясне, дык лясне, тут ужо нічога ад нас не залежыць, — загаварыў Прахарэнка. — Але я так думаю, пакуль мы таго дачакаемся, палавіна з глузду з'едзе. Хаця б ад гэтага жывадзёрства ў эфіры. І яшчэ ад гарэлкі. Вы чулі, учора Грыбанаў сына з ружжа застрэліў — шафёра з нашай аўтабазы.
— Гэты пенсіянер? Што ў райфо працаваў?
— Той самы. Сын выпіць не даў, без апахмелкі пакінуў, бо сам выпіў. Ну, і той у яго — з ружжа. А затым і сябе з другога ствала.
Яны ўсе змоўклі, уражаныя гэтай навіной, і Агееў хвіліну самотна пазіраў на аўражныя зараснікі. Роў быў развалісты, глыбокі і маляўнічы, як і сорак гадоў назад, а можа, і яшчэ больш, чым тады, — густое, ужо кранутае восеньскай жаўцізной голле кашлатых дрэў знерухомела ў вечаровай цішы — кожнае дрэва асобна ад іншых, сярод маладняку і драбналесся; сонца свяціла збоку і ярка высвечвала той, другі схіл рова да абрывістай крутой павароткі; гэты ж, аўражны бок — высокі і стромкі — амаль увесь цямнеўся ў засені. Угары, у дубовым суччы над імі, шорхнуўшы жорсткай, бы бляшанай, лістотай, пырхнула нейкая пташка, піскнула раз-другі і паляцела ў роў. Нядоўга падумаўшы, Прахарэнка сказаў:
— Я так мяркую, не дажывём мы да гэтага грыба, і на тым вялікае дзякуй. Вось лёг у зямлю Сямён, там жа хутка ляжам і мы. Усе гэтыя жахі будуць без нас. Яшчэ нам пазайздросцяць.
— Яно-та так, — журботна ўздыхнуў Хаміч. — Унукаў шкада!
— Гэта праўда, гэта канечне…
Жалудкоў раптам падхапіўся, далоняй абтрос на каленях штаны.
— Ладна! Ну вас з вашымі размовамі. Паслухаеш — ужо цяпер гатоў пазайздросціць Сямёну. Трэба яшчэ выпіць.
Ні з кім не развітаўшыся, ён палез цераз плот у гарод, і Прахарэнка з Хамічом пераглянуліся.
— А, знаеш, праўду кажа, што знычыць — кулямётчык! — падміргнуў Хаміч і таксама падняўся. За ім устаў даўганогі Прахарэнка, мякка сказаў Агееву:
— Можа, пойдзем? Шчэ прымем па адной за Сямёнаву памяць.
Агееў развёў рукамі.
— Ды не… знаеце. Я не таго… Не ў каня корм.
— Ну, як хочаце.
— Дзякуй, — сказаў ён. — І дай бог вам здароўя, добрыя людзі. І трошкі яшчэ пажыць на гэтым свеце. Я тут, ведаеце, па ўзроўку прайдуся. Надвор'е харошае…
— Ну што ж, яно можна, — пагадзіўся Хаміч.
Пасялкоўцы развіталіся, таропка падаўшы Агееву шурокія рукі з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, і палезлі ў гарод. Агееў праводзіў іх раптам затуманеным паглядам і нетаропка пабрыў па ўзроўку пад суцэльнай сцяной драбналесся, шукаючы якой-небудзь сцежкі. Павінна ж яна недзе быць, гэтая сцежка, якая, думалася яму, яшчэ раз выведзе яго да пустога падворка Бараноўскай — застаронка, гарышча і Марыі — да яго даўняга страшнага мінулага…
Ляжаць было жахліва нязручна — мала, што цвёрда на няроўным каменным доле, дык яшчэ і не было куды выпрастаць ногі, якія ўвесь час упіраліся ў сцяну. Агееў не ведаў, што гэта было — карцэр, які ізалятар ці проста цесны закутак у царкоўным склепе, куды яго прывялі ноччу два маўклівыя канваіры з ліхтарыкам. Тут нікога болей не было чуваць, не далятала ніводнага гуку знадворку, і Агееў падумаў, што ён тут адзін. Спярша ён сядзеў, прыхінуўшыся спіной да сцюдзёных камянёў сцяны, потым устаў, пастаяў, зноў сеў. Пасля ўсяго перажытога за дзень уладарна даймала стома, хацелася легчы, ды ляжаць можна было хіба падкурчыўшы ногі. Але ў такім стане ногі нясцерпна нылі ў каленях, асабліва левая, хворая нага, ён увесь час варочаўся, вырушыў імі, хваравіта шукаючы лепшага месца, якога тут не было. Пакутуючы, ён чакаў, што яго павядуць на допыт або расправу — усё ж павінен Драздзенка спрабаваць з яго нешта выцягнуць перш, чым яго расстраляюць або павесяць. Але ішоў час, пакутна нылі на камянях яго косці, ад стомы звінела ўвушшу, а па яго ніхто не ішоў. І ён думаў, пакутаваў у неспакойным чаканні, шукаў прычыны свайго правалу, хоць шукаць ён мог, толькі мяркуючы і згадваючы без жаднае пэўнасці.
Читать дальше