Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:
- Дык я паплыву, ваша высакароддзе... Прыйду потым на кардон паплавамі.
І сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:
- Вайна вайною, а баб шкада... Вельмі баб шкада.
...Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.
«Божа, - падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. І на гэткай благадатнай зямлі паміраць? І такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне - і тое выдатна. І я не шкадую».
За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з цыгаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.
Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. І гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.
- Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.
Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.
- Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.
- Вы яшчэ хлопчык, капітан... І як лёгка яна вас акруціла.
- У яе загад графа Мураўёва.
- Святая нявіннасць... Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.
- У яе загад. І нельга гуляць жыццём памілаванага.
На вуснах Пора-Леановіча з'явілася ўсмешка.
- Вы лічыце, што наш граф так лёгка выпускае з пятлі людзей?
- Н-не разумею вас.
- Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.
- Што?
- Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся.
Гораў сцяў зубы.
- Калі гэта праўда, дык ён падлюга.
- Ён чалавек, - сказаў Леановіч, - чаго ад людзей чакаць?
- Што далей? - сурова спытаў Гораў.
- Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін - не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам... І ўсё ж фельд'егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны...
Твар Горава быў белы як палатно.
- Не лічыце графа дурным, - раўнадушна сказаў Леановіч...
Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.
- Дзе той фельд'егер?
- Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам... Гэты ўлан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.
- А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?
- Магчыма, - сказаў Леановіч.
- Ну што ж, - сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, - яна ўсё ж паспее. І гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.
- Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку - чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.
- Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, - ускіпеў Гораў. - А жанчына паспее, яна не можа не паспець.
Леановіч не слухаў яго.
- Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар'ерыст, а яго жонка - распусніца.
- Гэта ганебна, тое, што вы кажаце.
- Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах... А пакуль што... - Ён пазяхнуў. - ...Пакуль што ідзіце лепей выспіцеся... Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е - да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
- Бадай што, ваша праўда, - сказаў ён, - я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
Читать дальше