– Табе, Зося, трэба клапаціцца, каб Варгін быў заўсёды накормлены і дагледжаны, – сказала паручнікава. – Цешыць мяне, што ён з’явіўся ў маім доме. Тут такое няшчасце, якое ён зазнаў нядаўна ў доме ў пана Н., яго не напаткае. Ці ж праўда, што такі прыгожы кот мае атруту і шкодзіць сваім варкатаннем?
Колькі тыдняў Варгін быў найшчаслівейшы з катоў: меў добрае малако, усе яго любілі, а найбольш дзеці. Яны кідалі кату мячык, а той спрытна лавіў яго лапамі, бегаў з дзецьмі па пакоі, скакаў па крэслах, сталах і канапах, гуляў з малымі ў садзе, забаўляў іх, лазячы па дрэвах. Пасля забаў і праменадаў ён ляжаў з дзецьмі на траве пад шатамі густых ліп; а калі вяртаўся ў пакой, яго сустракала Зося, брала на рукі, гладзіла белаю ручкаю, і няраз шчаслівы Варгін, варкочучы, засынаў у яе на каленях.
Нарэшце дзіўныя перамены заўважаюць усе: дзеці, раней спакойныя, цяпер лезуць на сталы, на камоды, страшна крывелюцца, часам мружаць вочы, як совы, баючыся святла, глядзяць, як пачвары, выкрыўляюцца целам, кідаюцца ў вокны, бягуць да вады, усіх лаюць. Зося зусім змянілася. Часам разгневаецца на ўсіх, сядзіць смутная, наракае на ўсіх людзей і на цэлы свет, а часам – занадта вясёлая, танцуе адна, кружляе па пакоі, пляце лухту; зрабілася легкадумнаю, пераборліваю, ніхто ёй дагадзіць не можа.
Аднаго дня пані паручнікава бавілася з гасцямі, дзеці коўзаліся на падлозе, Зося павярнулася колькі разоў у пакоі і села ў куце, самотная і сумная, а Варгін прымайстраваўся ў фатэлі і варкатаў, прымружыўшы вочы.
– Дзіўныя перамены бачу я ў тваім доме, – сказала прыяцелька пані паручнікавае, – дзеці, а асабліва твая старэйшая дачка, непадобны да саміх сябе. Чула я пра чорных катоў, што яны вельмі шкодзяць. Ці не Варгін гэта іх заразіў? У такім няшчасці, як кажуць людзі, дактары не дапамогуць. Прасі Тамаша. Ён адзін можа вылечыць.
Калі сказала гэта, то кот Варгін завішчаў некаціным голасам, скочыў у вакно і вокамгненна знік.
Паручнікава пабялела, і ўсіх гасцей ахапіў страх. Раскрыліся ў маці вочы, зразумела яна сваю памылку і нешчаслівыя вынікі яе. Хутка пасылае карэту па Тамаша, просячы, каб паспяшаўся і ўратаваў яе ад няшчасця.
Прыехаў Тамаш. Маці расказала яму пра бяду, што прыйшла ў дом. Чараўнік глянуў на паненку, на дзяцей, паціснуў плячыма і кажа:
– Будзь, пані, спакойная, хоць дзеці ўжо хворыя, але яшчэ не позна: з іх галоў лёгка можна выгнаць пачвар, што завяліся ад кацінага варкатання.
Ён загадаў паставіць усіх дзяцей пасярод пакоя, а сам, наблізіўшыся да іх, прашаптаў таемныя словы.
Страх агарнуў усіх, хто глядзеў на гэта: з дзяцей сыпаліся нейкія дробныя страшныя і дзіўныя звяркі, накшталт жаб і мышэй, поўзалі па пакоі і шукалі сховаў у шчылінах, пранізлівы іх піск закладаў людзям вушы. З галавы ж паненкі Зосі выляталі матылі размаітых памераў і расфарбоўкі, мітусіліся пад столлю, а маці, гледзячы на гэта, дрыжэла ад страху і была як непрытомная. Тамаш, бачачы яе пакуты, махнуў рукою, і адразу зніклі матылі і ўсе пачвары.
Нарэшце Тамаш, каб яшчэ больш супакоіць расхваляваную маці, запэўніў, што дзеці яе не захварэюць больш на гэтую немач, калі яна не забудзе цяперашніх пакут і будзе пільнаю, баронячы дзяцей ад гэткіх забаваў.
Калі пасля чараў дзеці пайшлі ў свой пакой, а Тамаш узяў шапку, каб ісці дадому, прыехаў суддзя Дадэмуха, чалавек багаты і, кажуць, разумны, бо ўсе суседзі і знаёмыя заўсёды ў яго прасілі рады ў судовых справах. Пан суддзя зайшоў у пакой, прывітаўся з гаспадыняю, зірнуў на Тамаша і сказаў:
– А гэты чараўнік чаго тут?
Пані паручнікава расказала пра няшчасце, якое яна зазнала ад чорнага ката. Дадэмуха смяяўся да ўпаду, слухаючы пра такія цуды, і сказаў, звяртаючыся да Тамаша:
– Добры ты круцель. Я няраз чуў пра твае чары, але сцеражыся, каб не зазнаў праз іх бяды.
– Аднак я нікому зла не зрабіў, – адказаў Тамаш.
– Людзей ашукваеш.
Госці і гаспадыня, баронячы Тамаша, даводзілі, што ў тых цудах, якія яны бачылі на свае вочы, не было ніякага ашуканства.
– А дзе ж усё-такі той Варгін? – спытаўся суддзя. – Хачу яго пабачыць. Гэта звер незвычайны. А можа, пані паручнікава, не жадаючы мець у сваім доме ката, што, як люты вораг, учыніў ёй столькі гора, дазволіць мне ўзяць яго сабе? Я люблю такія рарытэты. Чуў гісторыі, што дзесьці ў пекных садах каты апавядалі байкі і розныя старыя паданні, прыязджалі туды багатыя паны і князі, каб пабачыць і пачуць такія цуды. І гэты кот у мяне не менш здзівіў бы ўвесь свет, творачы сваім варкатаннем рознакаляровых матылёў, жамярыц і розных звяркоў. З далёкіх краёў прыязджалі б да мяне паглядзець на такія дзівосы.
Читать дальше