Мінае год, мінае другі, і робіцца ўсё горш і горш. Сяляне пана З. дазвання згалелі, кінуўшы хаты, блукалі па свеце і шукалі сабе спажывы; ды і ў панскім доме панавала бяда; суседзі і знаёмыя, едучы па блізкіх дарогах, міналі наш маёнтак. Чорны госць прыходзіў толькі часам, раіў прадаваць людзей і такім чынам збіраць грошы. Паслухаўся пан, шмат вывез моладзі ў далёкія краі, але і з гэтага не забагацеў, а госць той чорны хутка знік.
Даймалі пана праз суд крэдыторы, вымагаў нясплочаныя за колькі гадоў падаткі ўрад. Суд апісаў маёнтак і перадаў яго апекуну, а пану З. дазволілі мець пры сабе да паслуг адно лёкаяў. Сярод іх быў тады і я. Мы жылі ў далёкім фальварку; пан быў самотны. Праз колькі месяцаў я заўважыў у ім дзіўныя перамены. Почасту ён гадзінамі сядзеў моўчкі на адным месцы, часта задуманы, нібыта ў роспачы, хапаўся за галаву і размаўляў сам з сабою, ходзячы па пакоі, не спаў ад захаду да ўсходу сонца.
Аднаго разу акурат апоўначы пачуў я панаў голас, убачыў агонь у вакне; падумаў: кліча каго-небудзь з нас – і заходжу ў пакой. Пан гаворыць сам з сабою так гучна, быццам з некім спрачаецца. Здзіўлены, я доўга глядзеў на яго, а ён мяне не заўважаў. Нарэшце я сказаў:
– Пачуў панскі голас і падумаў, што клічаш каго з нас, а пан быў самотны і размаўляў сам з сабою.
Ён зірнуў на мяне неспакойным вокам і сказаў, паказваючы рукою на сцяну:
– Самотны? А гэта хто?
Бачу: на сцяне цень у рост чалавека, нос доўгі, валасы натапыраныя – пазнаю чорнага госця. Апанаваў мяне страх, дрыготка скаланула цела, стаю на месцы, як скамянелы, а цень той пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік.
– Пайшоў. Не дае мне спакою, – сказаў пан, – а ты ідзі, няма табе тут чаго рабіць.
Я выйшаў адтуль, увесь агорнуты страхам; здавалася, што той страшны цень стаіць перада мною, і я ўсю ноч не мог заснуць. А калі апавядаў іншым пра той жахлівы прывід, ніхто мне не верыў, усе смяяліся, кажучы, што я перапалохаўся свайго ценю, але я думаў іначай і забыць гэтага не мог.
Прайшло колькі тыдняў. Пан заўсёды быў самотны і неспакойны. Аднаго разу ўвечары ён сказаў мне:
– Сёння я блага пачуваюся. Пасля вячэры адразу прыходзь і будзеш спаць тут, бо, можа, здарыцца якая патрэба, а ты ў сваім пакоі моцна заснеш і мяне не пачуеш.
Я паслаў сабе пасцель на падлозе, патушыў агонь. Ноч была ціхая і ясная, свяціў месяц. Пан не мог заснуць: уздыхаў, уставаў, сядаў і зноў клаўся. Доўга я чуў кожны яго рух і толькі заснуў – моцны голас абудзіў мяне. Усхопліваюся і бачу: пан, седзячы на ложку, гучна гаворыць як бы сам з сабою, але я той гаворкі зразумець не мог. Поўня свяціла ў самае вакно, бледнае святло разлівалася па ўсім пакоі так, што ўсе рэчы можна было добра бачыць. Раптам я заўважыў жахлівы цень у рост чалавека, што быў на сцяне насупраць самага ложка і, павярнуўшыся тварам да вакна, рухаўся, нібы жывы. Нос доўгі, валасы натапыраныя – пазнаў чорнага госця. Ахапіў мяне люты страх і я, як непрытомны, ускочыў з месца і закрычаў:
– Кажы, пане, запаліць агонь!
– Навошта запальваць агонь, – сказаў пан. – Цяпер яшчэ толькі поўнач.
– Гэты жахлівы цень палохае мяне, – адказваю.
– Не табе, а мне не дае ён спакою.
Сказаўшы гэта, ён устаў з ложка і паходжваў па пакоі, а мне загадаў не сыходзіць з месца. Тут заспяваў певень. Цень пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік. Пан сядзеў нерухомы, як камень. Я лёг на сваё месца і пазіраў на яго; дрыжыкі прабягалі па маім целе, і да самага світання я ўжо не заснуў.
Аднаго разу той жахлівы цень з’явіўся на сцяне апоўдні пры ясным сонцы. Я заўважыў на твары ў пана страшную перамену: ён быў бледны, як навец, і, шпарка ходзячы, казаў нейкія няўцямныя словы.
Я, перапалоханы, ледзь змог прамовіць:
– Загадай, пане, паклікаць ксяндза, каб прачытаў малітвы і свянцонаю вадою пакрапіў сцены. Відаць, гэты дом доўга стаяў пусты, вось нячысцік тут і пасяліўся. Або нейкі чарнакніжнік выклікаў яго сюды, каб ён нас мучыў не толькі ўначы, але і ўдзень.
Пан здзекліва глянуў на мяне і сказаў:
– Стары дом, можа, няраз ужо крапілі свянцонаю вадою. Не з тваім розумам сюды лезці.
Неяк, калі заходзіла ўжо сонца, пан, вярнуўшыся смутны са шпацыру, зайшоў у пакой, сеў і ашчаперыў рукамі галаву.
– Пэўна, у пана моцна галава забалела? – пытаюся.
– Так шуміць у галаве, – сказаў ён, – што даўно ўжо ніякага паратунку няма.
– Параіў бы пану, як вылечыцца, ды не ведаю, ці паслухае мяне пан.
– Паслухаю, калі што добрае скажаш.
– Кажуць, што калі мучыць шум у галаве, найлепей пастаяць ля самае званіцы, паслухаць касцельных званоў, як на імшу звоняць, потым зайсці ў святыню, укленчыць перад алтаром, шчыра памаліцца і паслухаць святую імшу. Такім чынам шмат хто вылечыўся. Няхай і пан паспрабуе 169 169 На Беларусi i цяпер яшчэ просты люд лечыцца так ад шуму i iншых хвароб у галаве.
.
Читать дальше