“Што гэта такое? – думае сам сабе пан Н. – Такая нечаканая перамена ў Антосі”.
Параіўся са старымі і дасведчанымі людзьмі. Усе пагадзіліся на тым, што пані хворая, бо часта плача, наракае, хапаецца за галаву, нібыта мучыць яе моцны боль, і падае на ложак. Хворай ніхто не мог дагадзіць. Толькі кот спакойна варкатаў ля яе.
– У яе напэўна спазмы, – сказаў пан. – Трэба клікаць доктара.
Прыязджае доктар, пасылае па лекі, лекі дарагія, выдаткі вялікія, а рады няма. Задумаўся доктар, не можа паставіць дыягназ, дык пан Н. запрашае яшчэ некалькі медыкаў. Сабраліся, пагаманілі між сабою, перамянілі лекі – але і гэта не памагло, бо ніхто з іх не мог зразумець хваробу.
Калі ўжо дактары з усёй сваёй навукай не далі палёгкі (хворая зрабілася яшчэ больш слабая і неспакойная), знаёмыя і суседзі параілі пану паслаць па Тамаша.
– Тамаш, – казалі, – нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў. Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.
Паслухаў пан Н. і паслаў па чараўніка.
Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач.
Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак.
Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе. Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся тая куслівая жамяра знікла.
– Няхай цяпер хворая крыху адпачне, – сказаў Тамаш. – Праз колькі гадзін будзе зусім здаровая.
– Скажы, Тамаш, з чаго пачаліся тыя страшныя пакуты мае жонкі? Адкуль і як у яе ў галаве завяліся тыя восы? Дактары не маглі вызначыць яе хваробу.
– Няма тут нічога дзіўнага, – адказаў Тамаш, – пані любіла бавіцца 171 171 Беларусы вераць, што жамяра ў галаве заводзiцца да варкатання катоў.
з катом, і ён сваім нячыстым варкатаннем распладзіў у яе галаве, як у гняздзе, атрутных восаў.
– Кот?! Варгін?! – закрычаў пан. Ці можа такое быць? Такі пекны, такі лагодны звярок; усе яго любілі, і ўсё ў яго было.
– Раю пану быць асцярожным. Каты, асабліва чорныя, маюць атруту.
Сказаўшы гэта, ён узяў шапку і выйшаў з пакоя.
– Павесіць ката! – закрычаў пан Н., і гэты, поўны гневу загад, перапалохаў усіх. – Паклікаць сюды каго-небудзь, няхай выцягне ката з-за грубкі. Павесіць яго!
– Сорам, – сказала пані паручнікава, – даваць веры чараўніку, які тут нас усіх сваім шарлатанствам падмануў. Хіба маглі ад гэтага ката нарадзіцца атрутныя восы ў галаве; не чыні, пан, такой жорсткасці – я яго забяру з сабою. Кот рэдкі, і ён у маім доме, пэўна, ніякае шкоды не ўчыніць.
– Павесіць ката неадкладна! – крычаў пан Н. у гневе.
Заходзіць у пакоі лёкай, шукае за грубкаю ката, але таго там ужо не было. Пан і лёкай агледзелі ўсе куты, глядзелі пад сталамі і пад ложкамі, шукалі за мэбляй і нідзе Варгіна знайсці не маглі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, як ён уцёк? Стаяць здзіўленыя: кот як праз зямлю праваліўся.
Пані ўжо была здаровая і спакойная. Ва ўсёй ваколіцы дзівіліся з гэтага здарэння. Дактары кпілі з людское прастаты; але люд верыў у сілу Тамашовых слоў, ішоў да яго па параду і заўсёды меў палёгку ў пакутах. Пані паручнікава хацела мець Варгіна ў сваёй хаце, дужа шкадавала, што не ведае, дзе гаротнік хаваецца ад несправядлівага панскага гневу.
Аднаго разу, бавячы час дома з суседкамі, так апавядала гасцям пра ката Варгіна:
– Я не бачыла нічога пякнейшага, як той незвычайны звярок: чорны як вугаль, поўсць бліскучая, гладкая, мяккая – як аксаміт; касматы хвост як у собаля, вочы, поўныя агню, гараць, як свечкі; сам велізарны. О! Калі б магла дзе-небудзь такога ката знайсці – дорага заплаціла б за такую рэдкасць.
Падчас гэтае размовы забягае Зося, старэйшая дачка пані паручнікавае, і крычыць:
– Ах, мама! Які велізарны кот сядзіць у вітальні!
Адчыняюць дзверы і бачаць у цёмным куце чорнага ката – вочы зіхацяць, як свечкі. Гаспадыня адразу пазнала Варгіна і ледзь сказала: “Варгін!”, як ён, варкочучы, падышоў да яе. Пані ўзяла яго на рукі, занесла ў пакой і пусціла на падлогу. Варгін паважна пахаджваў па пакоі, а дзеці і госці, стоячы вакол, глядзелі са здзіўленнем і хвалілі незвычайнага ката.
Читать дальше