– Ахвотна аддала б пану суддзю, але ж ён уцёк у вакно.
– Ах! Як шкада, – сказаў Дадэмуха, а павярнуўшыся да Тамаша, дадаў: – Ці не можаш ты злавіць яго якімі чарамі і прывезці мне?
– Можаш, пане, узяць яго і цяпер з сабою.
Толькі Тамаш гэта сказаў, як раптам з’явіўся кот Варгін. Змоўклі ўсе і дзівіліся на яго. Кот стаяў ля печы, натапырыўшы выгнутую дугою спінку; кашлаты хвост, як вужака, звіваўся на падлозе, вочы гарэлі, як два распаленыя вугельчыкі.
– Да яго страшна падысці, – сказаў суддзя. – Пэўна, ён быў жорстка пакараны, што так гневаецца. Але ж які велізарны кот!
– Бяры, пане, цяпер смела, потым толькі будзь асцярожны.
Суддзя Дадэмуха загадаў лёкаю занесці ката ў карэту і сам, трохі забавіўшыся, развітаўся з пані паручнікавай. Тамаш таксама заспяшаўся дахаты.
Прайшло няшмат часу. Дзіўныя гісторыі пра пана суддзю папаўзлі па павеце. Што з ім зрабілася? Абрыд усім, усіх падазраваў, што раяць яму дрэннае, зычаць злое, хочуць яго загубіць, выдумляюць нейкую страшэнную здраду, штовечар аглядаў зброю, набіваў стрэльбы і пісталеты, уначы не спаў, быццам баяўся нейкага нападу. Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў лёкаяў, ва ўсім яго доме не было жывое душы, якая чулася б у бяспецы і спакоі.
Толькі кот Варгін, найлепшы прыяцель, седзячы ля яго, свяціў вачыма і нязменным варкатаннем бавіў пана. А найбольш мроілася пану суддзі, нібыта ўсе маёнткі ў Полацкім і Невельскім паветах належалі калісьці яго фаміліі. Апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх у суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі: добра пілі, добра елі, жылі пышна, як сапраўдныя паны.
Аднаго дня за нейкаю патрэбаю прыехала да пана Дадэмухі некалькі чыноўнікаў. Не ведаю, што там было, але кажуць, пан суддзя быў на той час вясёлы, гасцей прымаў ласкава. За жартамі і размоваю адзін з іх убачыў на фатэлі ката Варгіна.
– А гэта ж той самы кот, які некалі быў у доме пана Н. і пані паручнікавае, і там быццам бы ад яго варкатання завяліся ў галовах восы, матылі і розныя звяркі.
Вучоныя дактары не маглі даць рады, а Тамаш, шэпчучы нейкія сакрэтныя словы, вылечваў усіх.
– Га, га, га! – рваў смехам бакі пан суддзя. – Ці можна верыць такой лухце!
Ужо колькі месяцаў гэты кот заўсёды са мною, аднак я зусім здаровы і ніводзін паразіт не дакучае мне ў галаве.
– Аднак, пане суддзя, – сказаў, жартуючы, другі госць, – ці не кот гэты параіў распачаць справу аб маёнтку з панам ротмістрам Ц. Мне здаецца, што гэта закончыцца анічым, бо я не бачу ў патрабаваннях пана ніякае слушнасці.
– Гэты кот не вучыўся праву, – сказаў суддзя. – Я сам ведаю, што раблю.
– Я не бачыў ніколі таго Тамаша, – сказаў адзін з гасцей. – Ці не можна паклікаць яго сюды? Здаецца, недалёка дзесьці жыве. Няхай бы пашаптаў свае чарадзейскія словы, можа, і мы ўбачылі б якія цуды.
– Пэўна, хочаце даведацца, – сказаў, смеючыся суддзя, – ці ёсць у мяне ў галаве якая-небудзь жамяраў Каб задаволіць вашу цікаўнасць, зараз пашлю па яго. Няхай прыйдзе і лечыць мяне самога. Убачым, ці здолее нас ашукаць сваім шэптам.
Калі суддзя загадаў лёкаю ісці па Тамаша, кот пырхнуў, скочыў з крэсла і, седзячы пад сталом, дзікім і неспакойным варкатаннем выказваў свой гнеў. Яго вочы гарэлі агнём, на спіне і хвасце тапырылася поўсць; здавалася, кот бачыць перад сабою ворага.
– Варгін баіцца Тамаша, – сказаў нехта з гасцей. – Толькі ўспомнілі імя, ужо спакою яму няма.
Суддзя ўзяў яго на рукі, пасадзіў каля сябе, гладзіў, каб супакоіць, але вочы ў ката ўсё адно гарэлі, і поўсць тапырылася на спіне і хвасце.
Неба закрылі воблакі, а зямлю зацьміў вячэрні змрок. У доме ў пана суддзі гарэлі свечкі і не перапыняліся размовы і спрэчкі аб розных судовых справах. Гаспадар імпэтна даводзіў законнасць усіх сваіх юрыдычных патрабаванняў, сцвярджаў, што павінен абавязкова дамагчыся свайго, што не пашкадуе на гэта выдаткаў, каб завалодаць маёнткамі сваіх ворагаў, а іх прымусіць жыць на жабрачым хлебе.
Знячэўку здзіўляе ўсіх нечуванае дзіва: кот вырастае да сабакі і вые лютым сабачым голасам. Гаспадар і госці, уражаныя гэтым, акамянелі. Ад спалоху не маглі і слова вымавіць.
Адчыніліся дзверы, зайшоў Тамаш. Кот скочыў і з такім імпэтам сігануў у вакно, што зламаная рама ўпала за сцяною, шыбы разляцеліся на друзачкі, і ён знік у начным цемрыве.
Тамаш падышоў да гаспадара, і калі той глядзеў на яго як непрытомны, пачаў казаць чарадзейныя словы. І тут можна было ўбачыць яшчэ страшнейшае відовішча: з усіх адтулін з галавы пана суддзі выляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяніліся ў жахлівых пачвараў – тут і крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў. Усё гэтае страхоцце лётала над галовамі, на падлогу падалі косці і галовы нябожчыкаў. Ад жаху ўсе самі нагадвалі трупаў, што паўставалі з магіл. Нарэшце Тамаш махнуў рукою: усе тыя гадзюкі, цмокі і шкілеты зніклі – і ён сам выйшаў за дзверы, пакінуўшы гаспадара і гасцей анямелымі ад страху.
Читать дальше