– А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?
– Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе пачынаць
Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; паціснуў ён плячыма і пайшоў выконваць панскі загад.
Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.
Дол быў не глыбейшы, чым на паўтара локця 127 127 Локаць – адзінка вымярэння даўжыні. У Вялікім княстве Літоўскім раўнялася 64,96 см.
. Знайшлі мураваны склеп, дык раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту. Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склепа былі маленькія вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.
Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў сонечны прамень, – глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў страх: паўсюль – пасярод і ля сцен – у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.
– Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, – сказаў пан М., – і прывязіце мне. Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.
Завезлі кайданы пану. Ён, паказваючы іх гасцям і сваім суседзям, ганарыўся, што такія старажытныя рэчы здабыў з зямлі, хоць з выгляду яны былі зусім падобныя да цяперашніх.
Косці нябожчыкавыя людзі сабралі, пахавалі ў адной магіле на бліжэйшых могілках, запрасілі святара і з набажэнствам паставілі велізарны драўляны крыж.
Кажуць, што ў той самы вечар з’явілася Плачка ў сваім звычайным жалобным уборы, аздобіла магілу кветкамі і, укленчыўшы перад драўляным крыжам, тварыла малітвы, заліваючыся слязьмі. Людзі бачылі гэта, але ніхто не падышоў да яе. Паглядаючы здалёк, яны адмаўлялі “Вечны супакой” за душы памерлых.
Яшчэ колькі вечароў Плачка малілася, пасыпала магілу кветкамі, але цяпер ужо яе ніхто не бачыў.
На беразе Палаты, за пяць вёрст ад горада, дзе гэтая рэчка мінае бары і набліжаецца праз абшары палеткаў да Дзвіны, з’явілася тая самая Плачка. Бачылі яе на пагорку, таксама пры захадзе сонца. Яна сядала на камень, які там ляжаў у засені разложыстых бяроз. Бачылі яе сяляне, ідучы дахаты пасля дзённае працы, і падарожныя, што вярталіся з горада ўвечары.
Разышлася вестка пра гэтую праяву. Людзі, так як і ўсюды, мелі розныя меркаванні, але большасць трымалася тае думкі, што там ляжаць закапаныя ў зямлі скарбы. У Полацку асобныя казалі, што ваколіцы іх горада і даўней вельмі часта былі тэатрам вайны. Засталася легенда, быццам частка нейкага войска, зразумеўшы трагічнасць свайго становішча і баючыся, каб іх багацце не дасталося непрыяцелю, закапала золата і срэбра, якое мела пры сабе, на тым пагорку ў зямлю, паклала наверх дзікі камень, каб пазначыць гэтае месца, калі хто з іх вернецца шукаць схаваны там скарб. Але прайшлі стагоддзі, той камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім – некрануты скарб.
Чуючы такія размовы, некалькі юнакоў, што жылі ў Полацку, дамовіліся пайсці ноччу на той пагорак, дастаць скарб і падзяліць яго між сабою. Узялі патрэбны струмант і, калі ўсе спалі, выйшлі за горад.
Ноч была пагодлівая. Неба – высыпанае зоркамі, і поўня плыла ўверсе. Ішлі яны ціха і асцярожна, каб ніхто не сустрэў іх на дарозе. Мінулі касцёл св. Ксаверыя, дзе спачываюць астанкі законнікаў 128 128 Манахаў.
і абывацеляў гэтага краю. Пачуўшы на Спасе голас вартаўнікоў, што пераклікаліся між сабою, яны звярнулі з дарогі і доўга ішлі берагам рэчкі аж да самага месца.
Прыйшлі на пагорак, знайшлі дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верх пакрываў сухі мох. Акапалі яго вакол і супольна сапхнулі з таго месца. Глыбока ў зямлю ўбілі рапіру. Востры канец стукнуў так, нібы крануў нейкую металёвую рэч. Бясспрэчна тут скарб. Пачалі капаць
Працавалі доўга. Часта паролі зямлю рапіраю. Скарб быў неглыбока, але пясок некалькі разоў засыпаў яму. Стаялі нейкі час здзіўленыя: ім здавалася, што зачараваны скарб хаваецца глыбей, не хоча давацца ім у рукі.
Пакуль раіліся між сабою, што рабіць, з усходу паплылі чорныя хмары, закрылі ўсё неба і схавалі месяц. Зрабілася так цёмна, што яны адзін аднаго ледзь бачылі. Зацерусіў дожджык.
– Лепей будзе капаць, калі пясок зробіцца мокры, – сказаў нехта з іх. – Дык давайце не марнаваць часу.
Читать дальше