І, падахвочваючы адзін аднаго, супольна пачалі капаць. Дол выкапалі доўгі і шырокі, такі, што ўжо лёгка не засыплецца. Рыдлёўкі скрабуць па жалезе.
– Чыгун! Чыгун з грашыма! – закрычалі ўсе з вялікай радасцю, але, калі абкапалі вакол і хацелі падняць чугун з зямлі, – убачылі, што гэта цяжкі жалезны панцыр. Ён закрываў грудзі шкілета, ля якога ляжаў меч, а на чэрапе – жалезны шалом-шышак. Стаяць усе задуменныя, бачачы, якім дзіўным чынам падманула іх надзея.
Тут адзін смялейшы кажа:
– Давайце пакінем гэты шкілет, а зброю забяром сабе. Няхай хоць яна будзе памяткаю пра гэтую ноч.
Толькі хацелі зрабіць гэтак – аж раптам маланка асвятліла пагорак, бачаць: стаіць Волат у жалезным панцыры, трымаючы ясны меч у іх над галовамі. Страх працяў сэрцы. Гром скалануў зямлю. І Волат такімі словамі азваўся:
– Нікчэмныя людзі! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах Героя, які слаўна скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час падняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!
Азваўся ў хмарах гром, і Волат знік.
Страх апанаваў іх душы. Доўга стаялі нема, як начныя здані. У святле бліскавіцы зноў бачаць перад сабою засыпаны пяском дол, і здаецца, што на гэтым месцы зямля некранутая.
Забылі на пагорку рапіру і свае рыдлёўкі; забылі, якая дарога вядзе да горада; беглі праз лугі і палеткі, і здавалася ім, што той Волат з мячом у руках доўга гнаўся за імі.
Раніцаю вярнуліся ў горад. Знясіленыя, з бледнымі тварамі – нібы змучаныя цяжкаю хваробаю, са страхам успаміналі тое здарэнне. Расказвалі іншым, але не ўсе далі веры.
Пасля гэтага Плачку бачылі ў розных мясцінах паблізу горада, на могілках, сярод якіх стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя. Там, заломваючы рукі, хадзіла яна ад аднае магілы да другое, часам, як слуп мураваны, моўчкі стаяла над астанкамі нябожчыкаў. Не адзін прахожы, мінаючы начной парою гэтыя мясціны, уцякаў спалоханы, нібы ад вампіра, і расказваў дзівы іншым.
Бачылі яе і ля касцёла св. Казіміра. Сядзела яна перад дзвярыма гэтае святыні ад захаду аж да ўзыходу сонца; няраз плакала ў полі, седзячы на камені або на беразе Дзвіны. Але плач яе і нараканні не шмат каму краналі сэрца. Мала было такіх, што, узняўшы вочы ў неба, прасілі міласэрнасці Божае. Адны не зважалі, іншыя марылі пра скарбы.
– На маю думку, – сказаў Завальня, – гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але прыкра, што людзі цяпер такія разумныя, што ўсё яны ўжо ведаюць, ні ў якія цуды не вераць, ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі цанілі некалі даражэй за жыццё.
– Аднак няблага і скарбы шукаць, – сказаў я. – Багаты чалавек шмат дабра можа зрабіць.
– Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Гэта праўда, – сказаў дзядзька. – Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і любіць тое, што ёсць дабро. А тады Бог зробіць яго годным уладаром зямных скарбаў, як таго старога чалавека, якому ў вакно кінулі асінае гняздо, і яно перамянілася на вачах яго ў залатыя пенязі. Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім дабро, а каб нічога не рабіць або – што яшчэ горш – каб шкодзіць. Але што ж далей?
Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з гэтых паноў ніхто на яе не зважае.
Недалёка ад возера Рабло, дзе цяпер на выспе стаіць мой дамок, калі пан Завальня ведае той край, пэўна, бачыў ён Пачаноўскую гару, яна там вышэйшая ад усіх іншых. Схілы яе пазарасталі лесам, а вяршыня роўная і гладкая.
Пра гэтую гару між людзей розныя ходзяць апавяданні. Кажуць, што колісь там быў кляштар і касцёл, і хоць не відаць ніякіх знакаў, кажуць, быццам чуваць з-пад зямлі спевы і галасы званоў.
Іншыя расказваюць, што на самай вяршыні гэтае гары, уначы, у сваім жалобным уборы, упаўшы на калені, рукі і вочы ўздымаючы да зорак, малілася са слязьмі Плачка. Перад ёю адкрылася неба, найяснейшае сонечнае святло разлілося ўверсе гэтак, што ў лясах і на палетках прачнуліся ўсе птушкі і звяры і ад слёз гэтае кабеты ўтварылася крыніца жывое вады.
З таго часу чалавек, які першы раз наведае вяршыню Пачаноўскае гары, той, хто раней не чуў пра гэтае дзіва, сустрэне чысцюткую крыніцу, а недалёка ад яе стаіць журботная сіраціна ў сялянскім уборы. Хто нап’ецца з гэтае крыніцы і пазнае сірату, той будзе вешчуном, усе таямніцы убачыць ён з вяршыні гары.
Читать дальше