Адным пахмурным днём пад коранем з'явіўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна і павольна, як страшэнна стомленая істота ці драпежны рабаўнік. Маленькая Дафнія спачатку спалохалася і стаілася ў шчыліне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец і не рабаўнік, а ўсяго толькі вялікая Старая Дафнія, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная і трухлявая.
— Не бойся, — вымавіла яна слабым голасам. — Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасіць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блізкія і сваякі адвярнуліся ад мяне і адусюль выгналі. Прымі мяне, у цябе добрае сэрца.
Маленькая Дафнія супакоілася і, усцешаная, запрасіла:
— Уваходзь, калі ласка, месца хопіць на дзвюх.
Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчыліны, паслала ёй ціны і пачала ганяцца за калаўроткамі і інфузорыямі, каб накарміць госцю. Але тая спыніла яе:
— Не трэба. У маіх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамі і памяццю. Клапаціся аб сабе — табе сілы больш патрэбныя.
А калі надышла ноч, Старая Дафнія сказала, што адчувае блізкую смерць і таму ёй трэба спяшацца — ёсць таямніца, якой нельга памерці разам з ёю.
— Падыдзі да мяне, — сказала яна, — будзь побач. Нас ніхто не павінен пачуць. Ты была добрая і ласкавая, таму сваю таямніцу я адкрыю табе. Слухай...
І Старая Дафнія расказала такую гісторыю.
Даўным-даўно, калі бабулі было столькі гадоў, колькі цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалі казку. Іх лужына каля пня нібы зусім не лужына, а глыбокая студня, і вось на дне яе ляжыць Плацінавы Абруч.
— Зусім невялікі абруч — самая маленькая дафнія магла б абабегчы яго ў адзін момант. Але ніколі не зможа гэтага зрабіць, бо бясконца будзе апісваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафній, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мінулае і, каб утаіць гэта, выдумляюць усялякія небыліцы.
Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзіла, што Абруч той — незвычайнай уласцівасці: варта да яго дакрануцца і сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссільны быў Абруч толькі ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго і таго ж жадання двойчы і не мог адмяніць выкананага. І яшчэ — Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.
Старая Дафнія ў маладосці была натурай уразлівай і летуценнай і таму запомніла казку, і ёй нават сніўся гэты Абруч.
Жыццё ў іх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзіўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафніям не было ратунку — нават калі ён не нападаў, а толькі здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах і не было сіл уцякаць і ратавацца. Тады вось і з'явіліся вартаўнікі, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб набліжэнні Чорнага Жука.
Аднойчы гэта дафнія, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мільгнуў чорны цень і побач з ёю ў жахлівай пашчы захрабусцелі панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.
— Я забілася ў нейкі кут, — апавядала яна, — і наваколле знікла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка — дрыжыкамі; часам здавалася, што храбусценне панцыраў — жахлівы сон. Перамяшаліся дні і ночы. А калі я нарэшце ачуняла і выглянула са свайго сховішча, то адразу ж адчула, што на мяне скіраваны бязлітасны і ненажэрны позірк. На гэтым мая маладосць і скончылася... Магчыма, Маленькая Дафнія, шмат што з гэтага табе расказвалі як старыя плёткі. Але Чорны Жук — не плётка... Ён быў бязлітасны і з'яўляўся ўсюды. Кідаўся імкліва і дакладна. А мы не былі арганізаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнікоў, кожны дрыжаў за сябе і нічога не ведаў пра іншага. Страх быў нашай доляй. І племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнія паддаліся роспачы і паніцы, і я тады зразумела, што калі так будзе далей, то хутка карычневых дафній залічаць у разрад зніклых відаў. І вось я асмелілася на самы важны крок у сваім жыцці. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлічыць усе дробязі і нарэшце прыйшла да адзінага вываду...
Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацінавы Абруч. І вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травінцы да сярэдзіны вадаёмчыка, адчапілася і кінулася ўніз.
І набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянілася пякучым холадам, ад хуткасці падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго — апраметная цемра. Падарожніца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволілася і знізу бліснула святло: яно было белае і нібы струменілася. Каменьчык ужо не імчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымі дафніямі муць у сонечным промні. І вось нарэшце ён спыніўся, і дафнія ўпала каля белага зіхатлівага круга. Гэта быў Плацінавы Абруч.
Читать дальше