— А што з вамі?
— Баліць нага... Я не ведаю, як усё гэта здарылася. Памятаю толькі, што ўпаў ля парога нявесты...
— Ля парога нявесты?! Дык яны... уваходзілі на яе палову?!
Моўчкі стары кіўнуў і звесіў галаву...
Камарыдзін выхапіў з ножнаў крывую шаблю.
— Дзе гэтыя шакалы?!
Шамсібек спыніў яго рухам рукі:
— Алах ужо асудзіў іх на вечную муку. Хай зброяй яго хуткай помсты будзе суд султана!
— Ты добра сказаў! Хай закон знішчыць гэтых слуг шайтана!
А неўзабаве з цэнтра паселішча пачуліся гулкія ўдары барабана, і ўсё насельніцтва кішлака збеглася да вялізнага вогнішча, якое шугала пасярод пляца.
З натоўпу коннікаў аддзяліўся сіпах на гарачым жарабку. Грозна пабліскваючы бялкамі, ён павярнуўся тварам да натоўпу і паказаў бізуном на кучку раскудлачаных маладых людзей, што ціснуліся вакол Ахмадбайвачы.
Камарыдзінаў голас грымеў:
— Гэтыя паганцы пасягнулі на чужую жонку! Якога пакарання вартыя яны?
Натоўп зароў:
— Толькі смерць!
— А што скажа нам муфці? — спытаўся сіпах.
Паважны стары ў чалме ступіў з натоўпу і сказаў:
— Народ кажа правільна. Так загадвае закон.
— Чаму ж вы не засудзілі злачынцаў раней? Вы, кадзій і мула, — вось хто нясе адказнасць за тое, што вылюдкі ніяк не былі пакараныя.
Муфці не адказаў. Тады да вогнішча прабраўся суддзя і заявіў:
— Я наогул не чуў пра гэтую справу.
— Ну дык цяпер вы пра яе ведаеце. Злачынцы ва ўсім прызналіся.
Камарыдзін павярнуўся да сваіх джыгітаў і гучна прамовіў:
— Імем закону! Злачынцаў пакараць смерцю! Укрывальнікам злачынства — па пяцьдзесят бізуноў!
Натоўп з ухвалой зашумеў.
***
Маленькі караван, які складаўся з двух коннікаў і некалькіх арбаў, на якіх размясціўся Шамсібекаў скарб, а таксама ехалі яго жонка з дачкой і Ганімурад, дабраўся да Самарканда позна ўвечары. Павярнуўшы ў першы, які трапіўся, караван-сарай, стомленыя спадарожнікі прачыталі вечаровую малітву і адразу ж паваліліся спаць.
Уранні, пакінуўшы Махфузу з сынам і Ганімурада адпачываць пасля доўгай дарогі, Шамсібек і сіпах накіраваліся ў султанаву рэзідэнцыю. З'явіўшыся ў прыёмную Крыштальнага палаца, яны папрасілі дзяжурнага чыноўніка далажыць пра сябе Ўлугбеку. На здзіўленне саноўнікаў, што тут тоўпіліся, праз некалькі хвілін вяшчальнік выклікнуў імёны тых, што кагадзе прыбылі: Камарыдзіна ды яго падапечных.
Першае, што ўбачыў Шамсібек, калі за ім зачыніліся высокія разныя дзверы, быў трон. Але, наўздзіў маладому чалавеку, ён пуставаў. Султан, апрануты, як заўсёды, проста, стаяў убаку ля невялікага фантана, акружаны гуртам моладзі. Побач з імі прымасціўся пісец, што трымаў на каленях разгорнуты скрутак.
Улугбек кіўнуў Камарыдзіну і Шамсібеку і паказаў ім месца каля сябе. Наблізіўшыся, Шамсібек пачуў словы аднаго з маладых людзей, што сабраліся ля фантана:
— Вы казалі, шахрыяр, што раскажаце пра вярчэнне Зямлі вакол Сонца. Я правільна зразумеў ваш намер?
Камарыдзін нахіліўся да Шамсібека і шалнуў яму на вуха:
— Гэты юнак — адзін з найлюбімых вучняў султана. Яго завуць Мірам Чалабі. Ён унук Румі.
Улугбек, усміхаючыся, зірнуў на таго, хто задаў пытанне:
— А ці не наблізім мы свой смяротны час, калі будзем гутарыць пра тое, што Зямля круціцца вакол Сонца? — На хвіліну ён задумаўся, потым, пасур'ёзнеўшы, працягваў: — Дурні не зразумеюць нас. Гэтая думка можа быць успрынята толькі самымі мудрымі. Так што... — Улугбек павярнуўся да пісца. — Запішам: «Зямля ёсць цэнтр створанага Ўсявышнім свету. І хоць у яе не выяўляецца той сілы, якая магла б прыводзіць у рух іншыя нябесныя целы, навука лічыць яе сэрцам сусвету». Занясі гэта каліграфам. Хай да вечара перанясуць на пергамент.
Кінуўшы маладым людзям, што акружалі яго, ён аддзяліўся ад іхняга гурту і падышоў да Шамсібека і Камарыдзіна.
— Як прайшло падарожжа?
— Слава Алаху. Дзякуючы вашаму апекаванню мы з'ездзілі паспяхова. Акрамя таго, я прывёз вам пасланне ад намесніка Ферганы. — Сіпах падаў султану скрутак.
Разгарнуўшы ліст, Улугбек прабег яго вачыма і сказаў Шамсібеку:
— Намеснік піша, што возьме тваіх бацькоў пад сваё заступніцтва.
— Дзякуй вам, уладар.
— Шахрыяр, дазвольце заняць вашу ўвагу яшчэ на хвіліну, — звярнуўся Камарыдзін.
— Я слухаю.
— Мы прывезлі з сабой волата...
— Цудоўна. Заўтра ж наладзім спаборніцтва ў садзе.
— Гэта немагчыма, о наймагутны. Улугбек няўцямна паглядзеў на сіпаха.
— Справа ў тым, што волат паранены.
Читать дальше