— Я задумаў прыгатаваць для яго лякарства, шахрыяр. Але для таго, каб мая задума ўдалася, мне трэба што-нішто даведацца ў вас...
— Пытайся пра што хочаш.
— На адной з вашых лекцый, о валадар, які ведае шляхі свяціл, вы казалі, што калі б Месяца не было, то ход жыцця на Зямлі быў бы зусім іншы і сілы, што дзейнічаюць на нас, зусім змяніліся б.
— Ты кажаш чыстую праўду.
— Я падумаў, мой валадар, што ў час зацьмення Месяца яго сіла знікае і што ўласцівасці рэчываў змяняюцца на гэты час. Жывёлы, напрыклад, адчуваюць нейкія змены ў свеце, якіх не адчувае чалавек, — сабакі пачынаюць брахаць як шалёныя, аслы равуць, коні ржуць у сваіх стайнях. Сама прырода ў дні зацьменняў вар'яцее — на морах бушуюць ветры, па зямлі пракочваюцца буры і ліўні.
— Што ж, твае меркаванні заслугоўваюць увагі.
— І я вырашыў, о шахрыяр, прыгатаваць лякарства для Ганімурада ў час месячнага зацьмення, у момант, калі ўласцівасці рэчываў змяняюцца. Можа, гэтае зелле прынясе вылячэнне нашаму волату... Але для гэтага мне хацелася б ведаць, ці хутка будзе такое зацьменне — вы ж казалі, што можаце прадказваць іх час.
— Але, мой дапытлівы ювелір, на тваё шчасце, зацьменне павінна быць зусім хутка — у восьмы дзень хамола [27] Першы месяц мусульманскага новага года, які пачынаецца 22 сакавіка.
. Я абвяшчу пра гэта Самарканду. Увесь народ будзе маліцца ў мячэцях пра дараванне перамогі святлу над цемрай. І ты таксама павінен будзеш прысутнічаць на малебне. Інакш цябе палічаць ерэтыком.
— О аздоблены прамудрасцю, няўжо Алах не верне нам Месяц, калі я буду адсутнічаць на малітве? Я думаю, яму пажадана будзе дапамагчы вылечыць таго, хто нявінна цярпеў.
Улугбек тонка ўсміхнуўся і прамовіў:
— Я нічога не чуў... У цябе ўсё?
— Не, валадар. Я хачу паказаць вам вось гэта. — Шамсібек дастаў з сумкі хустку, вышытую Махфузай, і разгарнуў яе.
Улугбек нешта здзіўлена выгукнуў і спытаўся:
— Хто зрабіў гэта?
— Хустку вышыла мая жонка.
— Але адкуль ёй вядомыя рэчы, даступныя толькі разуменню мудрых?
— Я расказаў ёй пра роспісы ў вашай абсерваторыі, шахрыяр. І яна з маіх слоў уявіла сабе ўсё дакладна так, як яно ёсць на самай справе.
Султан на хвіліну задумаўся. Раптам твар яго прасвятлеў.
— Мне прыйшла ў галаву адна думка. Я пастанаўлю, каб кожная нявеста прыносіла з сабой у жаніхоў дом такую хустку... Як яна, дарэчы, называецца?
— Фалак.
— Вось-вось. Каб кожная дзяўчына, што збіраецца замуж, мела такі фалак. Інакш жа людзей не прымусіш купляць гэтыя хусткі, я не кажу ўжо пра карты зорнага неба або схемы руху планет. Нічога не трэба тлумачыць напачатку, бо нас могуць абвінаваціць у сувязі з шайтанам. Уяўленні пра Сонца як цэнтр свету павольна, паступова замацуюцца ў свядомасці народа — бо кожны дзень, гледзячы на фалак, што вісіць на сцяне, чалавек незаўважна для сябе засвоіць тое, што здабыта намі навуковым шляхам. І толькі тады ён зможа прыняць і тлумачэнні вучоных... Даю табе выключнае права на выраб фалакаў. Няхай твая жонка нагледзіць некалькі добрых майстрых і завядзе майстэрню. Гэта, думаю, і дапаможа вам паправіць свае грашовыя справы...
Шамсібек пакланіўся.
***
Настаў вечар восьмага дня месяца хамола. За некалькі гадзін да пачатку зацьмення Шамсібек прыгатаваў на століку пасярод двара розныя травы і яшчэ шмат чаго. Усё гэта ён збіраўся расцерці ў ступцы і змяшаць у той момант, калі цень Зямлі закрые начное свяціла...
Падзьмуў лёгкі ветрык. Край месячнага дыска, што ззяў у бясхмарным вечаровым небе, раптам запунсавеў, быццам дакрануўся да жару. Шамсібек тут жа падкінуў дроў у вогнішча, разведзенае побач са столікам, і сунуў у агонь медны сасуд з настоем з траў. А калі чырвоны колер заліў палову Месяца, юнак склаў у ступку муміё, воск, паленае пер'е арла — і падрыхтаваўся стаўчы ўсё гэта, як толькі настане поўнае зацьменне.
А над горадам нарастаў невыносны гармідар: авечкі бляялі ў загарадзях, сабакі, надрываючыся, брахалі, а людзі — тыя, хто не змог па нямогласці пайсці ў мячэць, — з усіх сіл лупілі ў сваіх дварах па металічных тазах і выкрыквалі заклінанні, каб адпудзіць шайтана, які паквапіўся на Месяц.
Пасярод гэтага грукату Шамсібек не пачуў, як адчыніліся вароты і ў яго двор хлынуў натоўп дэрвішаў. Малады чалавек якраз толькі ўзяў цяжкі таўкачык, каб стаўчы прыгатаваную сумесь. У гэты момант нехта кінуўся на яго ззаду і вырваў таўкачык з рукі. Павярнуўшыся, вучоны ўбачыў скрыўленыя гневам твары абадранцаў. Адзін з іх, закруціўшыся на месцы, дзіка завішчаў:
Читать дальше