Камарыдзін, як выявілася, быў разумны і цікавы суразмоўца. У гутарцы з ім Шамсібек не заўважыў, як мінаюць дні. Сіпах быў адзін з найдужэйшых людзей Самарканда — мала каму ўдавалася пакласці яго на лапаткі. Гледзячы на магутную постаць спадарожніка, Шамсібек думаў: «Калі б ён не нарадзіўся асілкам, дык нарадзіўся б вучоным».
***
Увечары чацвёртага дня, калі караван ступіў ужо на ўрадлівыя землі Ферганскай даліны, спадарожнікі заўважылі мноства агнёў у баку ад дарогі.
— Здаецца, вяселле, — кіўнуў у бок агнёў Камарыдзін.
— Непадобна, — запярэчыў Шамсібек. — Не бачу вялікага вогнішча. Мне здаецца, у кішлаку нейкая банда.
— У такім выпадку давай завітаем.
Прышпорыўшы коней, яны паскакалі да паселішча. Чым бліжэй яны пад'язджалі да кішлака, тым гучнейшы чуўся ім шматгалосы гоман натоўпу, што сабраўся вакол вогнішчаў. Вось ужо спадарожнікі маглі адрозніць у цэнтры зборышча гліняную сценку, а каля яе высачэзнага хлопца ў ірваным халаце і з сінякамі на твары. Рукі і ногі яго былі звязаныя. Побач сядзела танюткая дзяўчына, якая прыкрывала твар касніком. Трохі наводдаль стаяў, перабіраючы ружанец, чалавек з чорнай барадой, у вялікай чалме.
Прывязаўшы коней да дрэва, Камарыдзін і Шамсібек праціснуліся праз натоўп да барадача. Сіпах павітаўся і спытаўся:
— Шаноўны, што здарылася?
Агледзеўшы багата апранутых гасцей, чорнабароды асцярожна сказаў:
— Хто вы? Я павінен ведаць, з кім размаўляю.
— Па загаду султана мы накіроўваемся ў Андыжан, — адказаў Камарыдзін і дастаў з-за пазухі грамату, падпісаную Ўлугбекам. Пацалаваўшы яе, ён правёў ёю па вачах і перадаў грамату барадачу.
Той асцярожна прыняў скрутак, таксама пацалаваўшы і правёўшы ім па вачах. Потым разгарнуў і, убачыўшы султанаў подпіс, нізка пакланіўся:
— Гатовы служыць вам, найшаноўныя. Я мясцовы кадзін [21] Суддзя.
.
Услед за ім увесь натоўп схіліўся перад гасцямі.
— Я хачу ведаць, — паўтарыў сваё пытанне Камарыдзін, — навошта тут гэтулькі людзей...
— Народ сабраўся пакараць тых, што парушылі прарокаў закон.
— У чым іх абвінавачваюць?
— Дзяўчына, якую вы бачыце, была заручана з джыгітам па імені Ахмадбайвачы. Гэты паганец, — барадач паказаў на пакрытага сінякамі гіганта, — закруціў ёй галаву і згаварыўся ўцячы разам з ёю напярэдадні вяселля. Іх схалілі і прывялі да мяне. Я пастанавіў пакараць іх смерцю.
У гэты час у натоўпе пачуўся шум, і праз хвіліну да гасцей праціснуўся худы сіваваты дэхканін. Ён упаў на калені перад Камарыдзінам:
— Выслухай мяне, надзелены даверам найвялікшага з падданых Алаха!
— Кажы! — сказаў сіпах.
— Дзяўчына, якую ты бачыш, — мая малодшая дачка. Гэта я віноўнік яе граху, я прымусіў яе згадзіцца на заручыны з Ахмадбайвачы. Загадай пакараць смерцю мяне, а яе адпусціць...
— Дык ты не давала згоды выйсці замуж за таго джыгіта, пра якога гаворыць твой бацька? — звярнуўся сіпах да дзяўчыны.
Яна, уздрыгваючы ад страху, адмоўна паківала галавой.
— Хто ты такі? — спытаўся Камарыдзін у аздобленага сінякамі асілка.
Гігант панура маўчаў, нават не зірнуўшы на таго, хто пытаўся.
— Гэта мясцовы полван [22] Волат.
, — паспяшаўся растлумачыць дэхканін.
— О, гэта цікава, — прамовіў сіпах і падышоў да асілка. — Як цябе завуць?
— Ганімурад, — змрочна адказаў той.
— У Самаркандзе мала малайцоў, якія могуць пахваліцца тым, што яны мяне перамаглі, — сказаў Камарыдзін. — Калі ты будзеш у ліку тых шчасліўцаў, што змаглі прыціснуць да зямлі Камарыдзіна, Ібрагімавага сына, то атрымаеш ва ўзнагароду жыццё.
Сіпах павярнуўся да кадзія:
— Развяжыце яго.
Загад быў тут жа выкананы, і Ганімурэд пачаў расціраць зацёклыя рукі.
— Дайце яму памыцца і накарміце, — сказаў Камарыдзін. — Я не хачу перамогі над галодным джыгітам...
Тым часам кадзій паспеў распарадзіцца пра начлег для важных гасцей і, лісліва кланяючыся, паведаміў пра гэта сіпаху. Камарыдзін зычліва зірнуў на ўвішнага барадача і сказаў:
— Загадай накарміць нашых коней. Ды няхай прынясуць пояс гэтаму асілку, — ён кіўнуў у бок Ганімурада.
— Пояс! — крыкнуў кадзій, і з натоўпу зараз жа працягнулі некалькі паясоў.
— Ну трымайся, хлопец, — усміхнуўся Камарыдзін, перадаючы волату пояс.
Туга падперазаўшыся, малады чалавек выйшаў у сярэдзіну круга, вызваленага натоўпам для спаборніцтва. Камарыдзін зняў халат, працягнуў яго Шамсібеку. Асветленыя полымем вогнішча, барцы пачалі сыходзіцца. Бронзава-чырвоныя блікі гулялі на іх магутных торсах. Па натоўпе прайшоў міжвольны гул захаплення — праціўнікі відавочна не саступалі адзін аднаму ні ў прыгажосці, ні ў моцы.
Читать дальше