Ідэя Ліелаш атрымала нечаканую падтрымку. Ёю загарэліся і мужчыны і жанчыны. Урад ухваліў план. Спецыялісты па зямной культуры выбралі найбольш зручнае для кантакту месца — горны раён Узбекістана. Яны прыйшлі да высновы, што ўсходнія жанчыны найбольш жаноцкія. Іхняе каханне і пашана да мужа, пяшчотная прывязанасць да дзяцей былі вартыя павагі. Акрамя таго, чыстае горнае паветра было неабходна для нармальнага самаадчування сяброў экспедыцыі, бо агульная забруджанасць зямной атмасферы перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Ліелаш даверылі кіраваць невялікай групай вучоных, якая накіроўвалася па сродак, які, цалкам магчыма, дапаможа цывілізацыі Астры.
— Цяпер разумееш, навошта я тут? — закончыла Ліелаш свой расказ, памаўчала, паглядзела пільна. — Я даўно за табой назірала. Запісы, зробленыя мною ў бальніцы, унікальныя. Ты вельмі востра адчуваеш, Шахноза... Я не хацела ўваходзіць з табой у кантакт, але прыйшлося адкрыцца...
Я адно кіўнула, бо не ведала, што ёй сказаць.
— Мне пара, — вымавіла Ліелаш і знікла.
Наступнага дня, вярнуўшыся з двара, я зайшла ў пакой і непрыемна здзівілася. У крэсле сядзела Ліелаш і назірала, як Джамшыд забаўляецца нейкай рознакаляровай скрыначкай. Убачыўшы мяне, Ліелаш забрала яе ў малога:
— Прыбор не зробіць яму шкоды. Я запісвала некаторыя параметры псіхаполя дзіцяці.
— Мне трэба пакарміць сына, — суха сказала я.
— Вядома, вядома... Я зайду пазней... Не пярэчыш?
Калі б я магла пярэчыць!
З той пары кожны вечар мы праводзілі разам. Спачатку я баялася, што Джамшыд заўважыць няпрошаную госцю, але пераканалася, што Ліелаш можа стаць нябачнай у любы момант. Неяк яна паспрабавала растлумачыць мне механізм нябачнасці, але я нічога не зразумела.
Джамшыд мяне радаваў. Ён прыкметна пасвяжэў, паправіўся, хоць і быў яшчэ вельмі слабы. Ліелаш назірала за нашым няхітрым існаваннем. Я не магла зразумець выраз яе вачэй, калі яна пазірала на дзіця. Часам здавалася, што яна грэбуе ім, як нейкім жабянём, стараецца не дакранацца да яго. Аднойчы я спыталася яе пра гэта. Ад адказу яна ўхілілася.
Некалькі разоў Ліелаш брала ў мяне кроў — гэта рабілася зусім бязбольна, яна запісвала мае адчуванні — адчуванні маладой маткі. Мы многа размаўлялі з ёю. Жанчыны Астры сталіся мне больш зразумелыя і бліжэйшыя, хоць шмат з чым у іх поглядах на жыццё я не магла згадзіцца. Ліелаш таксама прывыкла да нас — не адхоплівала руку, калі да яе дакранаўся Джамшыд. А ён, на маё здзіўленне, зусім не баяўся яе. Знік і мой страх перад ёю. Побач з Ліелаш я чулася больш бяспечна, упэўнена.
Паводле супольнай маўклівай згоды мы сталі разам гуляць. На яе гэтыя шпацыры ўплывалі жыватворна. Палагоднеў выраз вачэй, твар страціў халодную адчужанасць. Яна ўсё болей была падобная на звычайную зямную жанчыну. Аднойчы Ліелаш прыйшла да месца нашай сустрэчы абсалютна непазнавальная. Я нават спалохалася, ці не здарылася з ёю што-кольвек?! Такі змучаны быў яе твар, такія жалобныя былі вочы... Пытанне было гатовае сарвацца з майго языка, але Ліелаш загаварыла першая:
— Шахноза... Нам пара вяртацца дадому. Я не ўпэўненая, што мае даследаванні прынясуць карысць Астры, магчыма, я нават абавязана знішчыць запісы, зробленыя з цябе...
— Але чаму?! — шчыра здзівілася я.
— Даць жанчынам Астры пачуцці — значыцца ўцягнуць цывілізацыю ў дзікія часы! Ці варта дурманіць светлы розум цёмнымі інстынктамі? — пракрычала Ліелаш, і твар яе скрывіўся.
Джамшыд, пакінуты мною без нагляду, зрабіў колькі няўпэўненых крокаў, спатыкнуўся і ўпаў. Я кінулася да яго, аднак Ліелаш апярэдзіла мяне. Яна падхапіла малога і стала асыпаць пацалункамі яго твар, вочы, рукі.
Я застыла, назіраючы за ёю.
Яна ж, зусім не адчуваючы навакольнага, лашчыла дзіця.
Нарэшце яна апамяталася. Стараючыся не глядзець мне ў вочы, аддала Джамшыда, адышла ў засень густой чынары. Я хацела сказаць ёй, што гэта нармальнае пачуццё — любоў да дзіцяці, але яна знікла.
З'явілася яна ўвечары, у пакоі. Падышла да ложка, доўга пазірала на Джамшыда, які соладка спаў.
— Хварэць ён больш не будзе, — павярнуўшыся да мяне, сказала Ліелаш. — Я знішчыла ачаг хваробы. Не мела права ўмешвацца ў ваша жыццё, а ўмяшалася... Джамшыд будзе жыць доўга.
Я маўчала, баючыся паверыць у цуд. А Ліелаш спыталася з роспаччу на твары:
— Як вы можаце жыць, не ведаючы, што будзе з вашым дзіцём заўтра?! Ваша цывілізацыя ўбогая, усюды небяспека, няшчасці, хваробы! А вы працягваеце раджаць дзяцей, якім прызначана жыццё, поўнае бед і нягод, і сцвярджаеце, што любіце іх.
Читать дальше