Лета стаяла гарачае. І як я ні берагла Джамшыда, ён захварэў. Захварэў цяжка. Тэмпература падскочыла да сарака градусаў. Не дапамаглі ні абціранні, ні кампрэсы. Іртуць у тэрмометры апускалася ненадоўга і тут жа імкнулася да гэткай страшнай адзнакі — сорак. Дыхаў Джамшыд з цяжкасцю, амаль не расплюшчваў вачэй. Выклікалі «хуткую дапамогу».
У прыёмным пакоі сына доўга аглядалі, і я пачала плакаць, баючыся, што доктар скажа што-небудзь страшнае, безвыходнае.
— Пнеўманія, — канстатавала яна, гледзячы на нас з мужам. — Дзіця вельмі слабое. Неабходная шпіталізацыя.
Мы з Сарварам маўчалі, не ведаючы, што рабіць, што сказаць.
Доктар аклікнула сястру:
— Хлопчыка ў рэанімацыю. Увядзіце жарапаніжальнае зараз жа... А вы не трывожцеся, як толькі стан палепшыцца, адразу перавядзём вашага малога ў агульную палату.
Сястра спрытна напоўніла шпрыц, увяла іглу ў ягадзіцу Джамшыда. Ён нават не заплакаў — так выматала яго хвароба.
— Скажыце, доктар, а... — павярнулася я да доктара, але тут жа ўчула выгук медсястры: — Зухра Рустамаўна! Яму блага!
Убачыўшы, што сынавы губы пасінелі, а вочы сталі закачвацца, я кінулася да яго, але медсястра ўжо схапіла яго, пабегла па калідоры.
У рэанімацыйнае аддзяленне нас з мужам не пусцілі. Стоячы пад глухімі дзвярыма, я нічога не бачыла і не чула. Толькі адчувала, як слёзы бягуць па твары.
Ачулася ад таго, што Сарвар моцна ўзяў мяне за плечы і трасянуў:
— Шахноза! Джамшыду лепей! Шахноза, ён плача, чуеш?!
Толькі тады я зноў стала ўспрымаць свет вакол. І нават паспрабавала ўсміхнуцца медсястры, якая з'явілася з-за дзвярэй:
— Мне ўжо можна да яго?
Медсястра ўхілілася ад адказу:
— Доктар вам усё растлумачыць...
Доўга Зухра Рустамаўна распытвала мяне пра хваробы Джамшыда, пра тое, як ён рос, якія лекі яму давалі. Пасля роздумнай паўзы асцярожна прагаварыла:
— Выпадак моцна ўскладнены павышанай адчувальнасцю да ін'екцый і алергічнай рэакцыяй на некаторыя лекавыя прэпараты. Гэта і тое, што арганізм аслабеў, а значыцца, амаль не супраціўляецца інфекцыям...
Я падалася да яе, глытаючы слёзы, спыталася:
— Жыць... Ён будзе жыць?!
— Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы хлопчыку. Думаю, абыдзецца... Але многае залежыць і ад вас — матчына любоў творыць цуды. Раніцай вас пусцяць да сына.
Калі ўранні, з марлевай павязкай на твары, я ўвайшла да Джамшыда, ён ляжаў вялы і бяссільны. Я павярнула да сябе яго тварык, пагладзіла лоб, з якога сышоў жар, прашаптала: «Жарэбчык мой...»
У турботах прайшоў дзень. За ім і ноч. Потым зноў дзень. Зноў ноч... Яны былі падобныя адзін на аднаго, гэтыя бясконцыя дні. Абыход. Працэдуры. Мыццё падлог. Гаршкі. Працэдуры. Кампрэсы. Плач дзяцей. Сварка раздражнёных санітарак. Лекі. Працэдуры... І ўвесь час, кожную хвіліну, кожную секунду — Джамшыд. Як ён?! Колькі разоў схілялася я над ягоным цельцам, спрабуючы здагадацца, ці не спыніўся жар. Колькі разоў...
Стаяла самая спякотная пара лета. Увечары ў палаце было вельмі душна. Тады я выносіла на балкон крэсла, брала малога на рукі і сядзела на паветры, закалыхвала яго, напяваючы калыханкі, чутныя яшчэ ад бабулі. Надыходзіла цемра. Потым яна давала месца зорнаму купалу. А яшчэ пазней і зоркі раствараліся ў перадранішнім і перадсвітанкавым часе.
Часам мне раптам пачынала здавацца, што Джамшыд не дыхае. І сэрца маё падала ў бяздонную прорву. Менавіта ў такія хвіліны стала я заўважаць за сабой дзіўныя рэчы. Яны не палохалі мяне, але бянтэжылі. Мроілася, быццам не адны мы з Джамшыдам на балконе, што разам са мной схіляецца над ім нейкая нябачная істота, схіляецца і таксама ловіць яго дыханне... Аднойчы... Аднойчы мне здалося, што хтосьці ўтрымаў малога на імгненне раней, як зрабіла гэта я, калі ён ледзь не ўпаў з ложачка.
Але ўсе мае думкі былі паглынутыя сынавай хваробай. Тое, што, магчыма, я вар'яцею, я адкінула, як дробязь, — што заўгодна, толькі б Джамшыд быў здаровы!
Машыну трасянула, але Джамшыд нават не адчуў гэтага. Ён моцна спаў у мяне на руках. Па звычцы я адразу прыслухалася да яго дыхання.
— Што? — з трывогай спытаўся Сарвар.
— Спіць... Слабенькі... — адгукнулася я.
Фатых, падбадзёрваючы, крануўся пляча Сарвара:
— Ад горнага паветра твой спадчыннік паздаравее мігам. Лепшае за любыя лекі гэтае паветра гор.
— Спачатку я не паверыў дактарам, — больш для сябе, як для нас з Фатыхам, вымавіў Сарвар, не адрываючы позірку ад дарогі. — Малы цяжка перахварэў, а яны раяць везці яго ў горы, дзе сцюдзёна па начах, ды і наогул халаднавата...
Читать дальше