На Фаіс не было ні палёў, ні садоў, і калі на ёй высадзіліся людзі з Зямлі, яны прывезлі з сабою ўсё патрэбнае для жыцця. На аранжавых раўнінах пабудавалі касмадромы, на высокіх гарах паставілі антэны, а цяністыя цясніны пакрылі люстэркавым рэчывам, каб выкарыстаць адлюстраваную энергію белага сонца Фаіс.
Чым больш людзі абжывалі Фаіс, тым часцей іх караблі выкарыстоўвалі яе як прамежкавую станцыю ў космасе, тым больш планета беззваротна траціла сваю яркую прыгажосць.
Аранжавыя даліны зніклі пад пластыкам, з цяснін павылазілі і распаўзліся ў розныя бакі тоўстыя і тонкія кабелі, а горныя вяршыні больш нельга было ўбачыць за густымі кратамі лакацыйных антэн.
Шасцёра астранаўтаў, якія жылі на Фаіс, пакрысе асвойталіся на планеце, ранкам з асалодай любаваліся ўзыходам сонца, а ў тыя ночы, калі не ўдавалася заснуць, садзіліся ў свой старэнькі ўсюдыход і кіраваліся на другое паўшар'е — пазагараць у адной з яшчэ не цывілізаваных далін.
Акрамя людзей, на Фаіс жыў робат. Называлі яго Роберцік. Ён не толькі забаўляў людзей — ён правяраў яшчэ лініі напружання, што цягнуліся ад назапашвальнікаў энергіі. Роберцік рабіў гэта дзіўным чынам: ішоў уздоўж лініі, не выпускаючы правадоў з жалезных пальцаў, і пасвістваў; і чым вышэйшае было напружанне на лініі, тым весялей гучала яго песенька.
Ва ўсім астатнім Роберцік быў проста маленькі дураслівец, які пацяшаў астранаўтаў сваёй балбатнёй, часам нечым памагаў, але часцей замінаў. Начамі, калі людзі засыналі, Роберцік, якому не патрэбны быў адпачынак, блукаў па маленькай планеце, забаўляючыся тым, што прымушаў правады іскрыцца, перасоўваў з месца на месца ракеты, ездзіў на старым усюдыходзе, а з набліжэннем раніцы старанна гатаваў сняданак.
Будзіць людзей і гатаваць ім раніцаю каву прыносіла Роберціку велізарнае задавальненне. Ён, усміхаючыся, сядзеў у канцы стала і ўважліва сачыў за людзьмі.
Роберт адрозніваўся ад тых серыйных робатаў, якія калісьці выкарыстоўваліся экспедыцыямі пры асваенні планет. Ён насіў кароткія штонікі. Праўда, спачатку ён патрабаваў надзець яму такі самы касцюм, які насілі ўсе астранаўты. Аднак такі касцюм закрыў бы мноства індыкатараў і кнопак кіравання ў розных месцах яго корпуса, якія павінны былі заўсёды быць на вачах. Так што давялося яму згадзіцца на спецыяльна яму пашытыя кароткія штонікі.
З усіх астранаўтаў, якія працавалі на Фаіс, Роберцік больш за ўсё пасябраваў з Увальдам, якога тады называлі проста Увіс. Ён быў самы малады ў экіпажы, і маленькая планета стала першым месцам работы ў яго жыцці.
Увіс добраахвотна ўзяў на сябе ўвесь клопат пра Роберціка. Чысціў, змазваў, правяраў рэжымы і ніколі не пакідаў па-за ўвагай ніводнай Роберцікавай скаргі на кантакты, што пачыналі іскрыцца, на суставы, якія парыпвалі, ці на зменлівае напружанне. Псаваўся Роберцік рэдка, у яго былі трывалая канструкцыя, мозг сярэдняга аб'ёму і павялічаны блок запісу інфармацыі. Увісу часам здавалася, што Роберцік запамінае мноства ўсялякай лухты замест таго, каб запаўняць блокі памяці якімі-небудзь карыснымі звесткамі.
У кароткія і бясконца цудоўныя на Фаіс світальныя часіны Увіс з Роберцікам нярэдка любаваліся ўзыходам сонца з-за найбліжэйшага пагорка. Аднак Роберцік і тады больш глядзеў не на сонца, а на Увіса, таму што відовішча ўсходу, аднойчы зафіксаванае ў памяці робата, больш не цікавіла яго. А Увіс кожны раз адметна выказваў сваю радасць і захапленне.
Калі яны вярталіся ў лагер, Увіс звычайна задаваў Роберціку пытанні; яму было цікава, як робат уяўляе сабе розныя жыццёвыя з'явы.
— Роберцік, што такое кветкі?
— Рэдкі ў Сусвеце працэс, калі неарганічныя злучэнні ператвараюцца ў арганічныя.
— А дождж?
— Кругазварот вадароду і кіслароду, — адразу ж адказваў Роберцік.
Тут Увіс пачынаў расказваць пра Зямлю. Роберцік слухаў яго ўважліва: у такія хвіліны ён уяўляў сябе амаль чалавекам і адчуваў, што ў яго жалезным целе адбываюцца нейкія незапраграмаваныя працэсы і змены; яму хацелася кудысьці ляцець, чамусьці спяшацца, яго хваляваў ветрык, што дзьмуў на Фаіс і звычайна адзначаўся толькі барометра-індыкатарам. Роберціку здавалася, што ён улоўлівае водар кветак, які далятае з сенажацяў Зямлі, што высока ў небе павольна лунаюць птушкі (а птушак на Фаіс ніколі не было) і што голыя схілы гор акрываюцца зялёным дываном.
Дзень мінаў за днём, і вось надышоў час чарговага палёту на Зямлю, каб папоўніць запасы харчавання, вады і тэхнічных матэрыялаў. Палёт лічыўся нескладаным, і звычайна яго выконваў адзін чалавек. Зразумела, кожнаму астранаўту карцела пабываць дома, таму ляталі ўсе па чарзе.
Читать дальше