— Дзядзька, і што яны ўвесь час так стаяць будуць?.. — у дрыготкім голасе быў непрыхаваны жах.
— Ды не. Пастаяць і пойдуць. Яны чакаюць цяпер.
— Каго чакаюць?!
— Не каго, — усміхнуўся дзядзька. — Замовы чакаюць. І шкада ж іх... З чалавека ў звера перавярнуцца — не дай Божа.
— А я чуў, — распіхваючы ўсіх, да вазка пад'ехаў Антось, — што раней можна было назад у чалавека перавярнуцца. Нават адзін князь быў... Мне Ігнась Забалоцкі — са збяднелых Забалоцкіх, не з тых, у каго маёнтак, — Ігнась расказваў пра Ўсяслава Чарадзея. Сёння воўк — заўтра чалавек. Адсюль у Кіеў воўкам бегаў.
— Гэтыя назад у людзей самі не могуць, — сказаў Мікіта. — У даўнейшыя часы, можа, і ўмелі, а тут ці забыліся, ці праклён які над імі. Раз вяселле шукаюць — не могуць. Іх людзьмі толькі такія, як мы, могуць зрабіць.
— Як?! — слова вырвалася ва ўсіх, і дружкі, нязвыкла ціхія, уважлівыя да дзядзькавых слоў, збіліся яшчэ шчыльней.
— Яно і проста, ды... Ат! — Дзядзька махнуў рукой. — Бачыце, заўсёды да вяселля, заўсёды. Зразумела, зрэшты — вяселле ж самая што ні на ёсць чалавечая справа. Сям'я ладзіцца, гаспадарка, людзі ладзяцца! Вось як у цябе, — Мікіта павярнуўся да Змітрака.
— Дзядзька!.. — зазвінеў голас маладога. — Кажы, дзядзька, як іх у людзей перавярнуць! А то пра мяне ён!..
— І правільна, пра цябе. А ім мы не дапаможам. Шкада іх, бачыш, чакаюць?
Мікіта раптам выскачыў з вазка і прайшоў колькі крокаў да тых, што чакалі.
— Няма ў нас нявесты, чуеце? — гукнуў ён. — І скрыпкі няма! Не дапаможа вам мая замова. Не верыце? То слухайце! І вы слухайце, — павярнуўся ён да дружыны.
Мікіта набраў поўныя грудзі паветра і закрычаў:
— Ці не досыць жа вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць?! Ідзіце лепш дамоў!
Рэха ўзляцела да вяршалін соснаў, палунала там, дробненька паскакала ў кустах — і знікла ў гушчары. І ўсім здалося, што тых, каму рэха прызначалася, яно абмінула. Бо тыя стаялі ў каменнай маўклівасці, па-ранейшаму чакалі.
— Казаў жа я... — павярнуўся і пайшоў да вазка дзядзька. — Не пайшоў туды голас, не захацеў у бок паляны ісці. А пасля замовы трэба было на скрыпцы зайграць. Ні маладой, ні скрыпкі...
— Зараз!.. — устаў у сядле Змітрок, і як не пазнаць было яго — рашучага, злога, прыгожага. — Зараз, дзядзька, і маладая будзе, і скрыпку ў рукі возьмеш! Чакайце, хлопцы, тут чакайце!
І ён сцебануў каня і памчаў проста на тых, што павінны былі таксама чакаць, мусілі чакаць, бо цяпер ён не збіраўся шкадаваць ні сябе, ні каня, ні сваю маладую, каханую. Не шкадаваць дзеля іх. Дзеля будучых людзей.
— Стой!.. — крыкнуў наўздагон дзядзька Мікіта, але дарэмна.
Тыя, на каго ляцеў Змітрок, ажылі, усе ўтрох адбегліся ўлева, зноў спыніліся. Пошчак слабеў, глухнуў, урэшце зусім сціх. Дружына маўчала, бо гаварыць не было чаго.
І тут тыя, шэрыя, маўклівыя, незямныя, раптам лёгка і бязгучна зрушылі з месцаў, выцягнуліся ў шнурок — морда да хваста — і слізганулі ў гушчар, зліліся з ім, растварыліся.
— Сто-ой!.. — высокім, не голасам, падгалоскам закрычаў-заплакаў самы маладзенькі з дружыны, малодшы брат Змітракоў Васілька, прымусіў здрыгануцца людзей, коней, дрэвы. — Сто-о-й!..
І захвастаў свайго коніка, зусім спудзіў яго, сялянскага коніка, паскакаў у дрэвы, у гушчар з кустамі, засталася ад яго адно магерка, збітая суччам. Ды недалёка праскакаў Васілька, спыніўся, не ведаючы, у які бок гнацца за тымі, і заплакаў, па-дзіцячы, няўцешна.
Пяць машын вяселля, пяць «Жыгулёў», убраных каляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі, паветранымі шарамі, гэтае зімовае поле, на якім павівалася лёгенькая замець і каціліся доўгія, абгладжаныя вятрамі сумёты, пераскочылі даволі хутка і толькі ў пералесачку, што застаўся, як невялікі востраў пасярод мора, ад колішняга Тамашэўскага лесу, прыцішылі хуткасць — дарога тут круцілася, як той вуж, што ўцякае ў хмызняк. Але ад гэтага ляска не ляска — купкі ялін ды бяроз — да вёскі, куды кіравалася вяселле, было ўжо ўсяго пятнаццаць — дваццаць хвілін язды. У першай машыне, дзе на пярэднім сядзенні шчасліва ўсміхалася маладая з шасцігадовай дзяўчынкаю на руках, пляменніцаю, а ззаду надзвычай сур'ёзна глядзеў перад сабой і нічога не бачыў малады, было цёпла, утульна, з радыёпрыёмніка ляцелі рытмы сучаснай рок-музыкі, — у машыне панавалі радасць, свята. Малады, Дзіма, з усяе моцы стараўся прывесці да ладу і свае думкі, хоць бы падумаць аб нечым канкрэтным і абавязковым — і не мог. Маладая, Ірына, проста бяздумна ўсміхалася і прымала гэты дзень — з усмешкамі, віншаваннямі, пацалункамі, жывымі кветкамі — лёгка і вольна, такім, які ён ёсць. Яна была жанчынай, таму і не старалася думаць, ёй хапала таго, што яна ўмела адчуваць.
Читать дальше