Дарэчы, я не сказаў як мяне завуць, ведаеце, я і не стану гэтага рабіць, захоўваючы сваю канфідэнцыяльнасць. Можаце называць мяне як хочаце, гэта вашая справа.
Такім чынам я застаўся адзін, зусім адзін, у мяне не было ні сваякоў, ні сяброў, ні нават блізкага чалавека. Прынамсі, мне пашанцавала ўладкавацца слесарам на МАЗ, дзе я і цяпер працую. Зараз мне дваццаць чатыры гады. Я брунет з чорнымі, як вуглі вачыма. Нежанаты. Спартыўнага целаскладу. Вельмі хутка гэтыя прыкметы будуць разлепленыя па ўсім Мінску, але гэта потым. На той час усё складвалася не так і кепска, я зарабляў добрыя грошы і ў мяне была асабістая кватэра. На заводзе я пазнаёміўся з двума незвычайнымі хлопцамі Саньком і Дэнам, у адрозненні ад мяне яны былі бесшабашнымі асобамі. Кожны, ведаеце, цяпер сходзіць з глузду па-свойму. Гэта менавіта яны падсадзілі мяне на digital hardcore [22] Digital hardcore — жанр электроннай музыкі.
і я амаль кожную суботу праводзіў з імі ў начных клубах. Там я пазнаёміўся з рознымі людзьмі, рознага кшталту і густу, і, вядома, з андэграўнднымі дзяўчатамі. Я заўжды дзівіўся, як Санёк з Дэнам лёгка раскручвалі кароткія, начныя раманы з п’яненькімі дурніцамі, якіх яны заўжды прыводзілі да мяне на кватэру. А на раніцу я вымятаў усіх прэч і ўсе выходныя ў мяне з бадуна расколвалася галава. Праз тыдзень пачыналася ўсё зноўку.
Той сон з’явіўся неспадзеўкі, мая старая парана, якая турбавала мяне з дзевятнаццаці гадоў была амаль забытая і тут з’явіўся гэты сон.
Відаць, я крыху абмовіўся, калі сказаў, што мне адразу прыйшлося ўладкавацца на завод. Не зусім так. Некаторы час я падзарабляў грузчыкам у смуглявых тайцаў і даўганосых грузінаў на кірмашы “Ждановічы”. Я цягаў цяжкія скрыні, набітыя садавінай і агароднінай.
Той нядзеляй, пасля суботняга сэйшну, я лёг, дзесьці, у гадзін дзесяць вечара і адразу ж адключыўся.
І вось я ішоў па карабатым асфальце рынка, шукаць сабе працу. Было вельмі спякотна і я зняў майку. Сонца апякала мае белыя плечы і рукі, а вакол мяне хадзілі загарэлыя хлопцы. Яны безупынку гаманілі. Сярод іх мітусіліся цыганы і мужыкі гадоў пад сорак. Я заўважыў аднаго хлопца, што сядзеў на тратуары, падняўшы твар да сонца. Падышоўшы да яго, я спытаў: “Слухай, а дзе тут можна ўладкавацца на працу?” Хлопец здзіўлена паглядзеў на мяне: “Лепш сказаць знайсці працу, — паправіў ён. — Бачыш тую браму, — паказаў ён пальцам на падабенства брамы, — ідзі да яе, за брамай будуць грузавікі, падыходзь да вадзіцеляў і пытай: “Вам грузчык не патрэбен?”. Я аддзячыў яго і пайшоў да брамы. За брамай аказалася доўгая чарга грузавікоў. І я пачаў абыходзіць кожнага вадзіцеля, з ненадакучлівай, як мне здавалася, прапановай, але адусюль чуў толькі адно “не”. Пад самы канец чаргі я ўжо і не спадзяваўся знайсці працу, я проста спыніўся ля аднаго грузавіка, як раптам пачуў за спінай: “Што, хлопец, працу шукаеш?” Я азірнуўся і ўбачыў у кабіне з адчыненымі дзвярыма вусатага дзядзьку. Ён перакінуў цыгарэтку з аднаго кутка вуснаў у другі і выскаліўся жоўтазубай ухмылкай. “Залазь сюды”, — уладна сказаў ён, і я пакорліва залез у кабіну. Вусач аказаўся вадзіцелем гаспадыні, якая разбіралася ў канторы з дакументамі па закупе тавара. Да заезду на рынак заставалася каля паўгадзіны. Вусач папярэдзіў мяне, каб з гаспадыняй я быў ветлівым і па-уважлівей. Я кіўнуў і спытаў колькі мне заплацяць. Ён сказаў, што каля дваццаці-дваццаці пяці тысяч, (даволі не блага на той час). Калі адбыўся заезд, вусач паставіў грузавік на патрэбным месцы. Тады я і ўбачыў гаспадыню. Гэта была мажная жанчына невялікага росту з дробненькімі, як у хамяка вачыма. Вусач дапамог мне паставіць тавар на вітрыну, (яны гандлявалі таматамі, яблыкамі, персікамі і вінаградам) і хутка кудысьці пайшоў. Я застаўся сам насам з таўстухай. Амаль да самага вечару мне прыйшлося цягаць розныя скрыні, дагаджаць пакупнікам і чуць у спіну словы гэтай каровы: “Давай хутчэй! Чаго сядзіш, шэльма, нясі тавар!” Мяне брала злосць, калі гэтая тлустая дура дзёрзка мной кіравала; але мне былі патрэбны грошы і я стрымліваў сябе ў ганарлівым маўчанні. Некаторы час да нас зусім не падыходзілі пакупнікі і я сядзеў у цені кузава, а гаспадыня круцілася ля вітрыны. З яе шыі, прывязаны за вяровачку, звісаў кашалёк, у якім былі ўгандляваныя грошы. Тады я падумаў, што з усёй стосы яна выцягне дзве пакамячаныя купюры і, нават шкадуючы іх, выдасць мне. Голас у маёй галаве загаварыў: “Чаму так, гэта не справядліва?” “Таму што яна твой працадаўца, а ты яе падначалены”, — казаў другі голас. “І што, гэта не вызваляе яе з-пад адказнасці, яна павінна заплаціць за свой доўгі язык! ” — не згаджаўся першы голас. “Ты не можаш, гэта супраць чалавецтва!” — крычаў другі голас. І я згадзіўся з апошнім. “Лайдак, злазь адтуль і дапамажы мне, ты нічога сёння не робіш, за што я табе буду плаціць?!” — гыркнула на мяне таўстуха, калі я быў у роздумах. Я злез і дапамог ёй, у большай ступені адчуваючы сябе плебеем XXI стагоддзя. Пад самы канец працы гаспадыня загадала мне залезці ў кабіну грузавіка і прынесці ёй з бардачка пачак цыгарэт. Хоць гэта і не ўваходзіла ў мае абавязкі, я залез у кабіну, але цыгарэт там ніякіх не знайшоў. Я паклікаў гаспадыню. Яна, ледзьве не лопаючыся ад злосці, сама, як велічэзная гнюсная жаба ўскараскалася сваімі калодамі па жалезных усходах у кабіну і пачала на мяне раўсці. Па яе словах было зразумела, што я нікчэмны ідыёт, які не толькі працаваць, але і наогул ні для чаго непрыдатны і яшчэ, што я не атрымаю ад яе ані рубліка. Апошняе, відавочна, было перабольшваннем, але ў канцы канцоў з мяне было досыць: кроў падышла да скроняў, твар затросся, а рукі сціснуліся ў кулакі. Аднак таўстуха не спалохалася мяне, наадварот, яе гэта рассмяшыла і яна сказала: “Ведаеш на каго ты падобны?..” Але на каго менавіта я не паспела пачуць. Рэзкі скачок і мае рукі схапілі яе за шыю, і вялікімі пальцамі націснулі на горла. З-за сваёй непаваротлівасці яна нават не змагла мне супрацівіцца. Я сціскаў ёй горла колькі хвілін, пакуль таўстуха не перастала дыхаць. Відаць, я вельмі моцна націснуў, таму што мне забалелі пальцы. Таўстуха асунулася на сядушцы і пабялела на маіх вачах. Я сарваў з яе кашалёк, скінуў працоўныя пальчаткі, выскачыў з кабіны і, як мага хутчэй, пабег прэч.
Читать дальше