— Мне тут страшна і зусім няўтульна, — сказала яна. — Гэта музыка, гэтыя людзі, яны, здаецца, з’ехалі з глузду.
Я засмяяўся.
— Пайшлі да цябе…
— А як жа муж? — кінуў я зусім непатрэбнае пытанне.
— Аб’еўся груш… — сказала Аліса і ўзяла мяне пад руку.
Мы селі ў аўтобус, даехалі да мяне і зайшлі ў кватэру. Я запаліў святло і мы скінулі верхняе адзенне.
— Гарбату ці кавы? — прапанаваў я.
— А ў цябе цукеркі ёсць?
— Знойдзем.
— Тады гарбату.
І Аліса, не пытаючы ў мяне дазволу, адразу пайшла ў залу. Тым часам на кухні я пачаў рыхтаваць для нас гарбату. На халадзільніку, яшчэ з папярэдняй суботы, ляжала каробка не даедзеных цукерак, Санёк і Дэн, звычайна, гэтакім чынам кармілі сваіх начных сябровак. Я зрабіў гарбату, усыпаў сабе, як заўжды, тры лыжкі цукру і праз сценку спытаў:
— Колькі табе лыжак?!
— Паўтары, — пачулася з залы.
— Гарбата гатова, калі ласка, да стала!
Аліса зайшла на кухню з кнігай у руцэ.
— Прабач, мая слабасць лазіць у гасцях па кніжных паліцах.
— О, мне таксама гэта падабаецца, нічога, адчувай сябе, як дома.
— Але дазволь, у цябе ёсць маркіз дэ Сад, — яна затрэсла кнігай у барвовай вокладцы. — Такая брыдота, табе, што, падабаецца?
— Не вельмі, але для калекцыі спатрэбіцца.
Аліса паклала кнігу на стол і села насупраць мяне. Я ўважліва паглядзеў на абрысы яе твару. Яна, у сваю чаргу, паглядзела на мяне.
— А ты прывабны, — сказала яна.
— А ты падобна на Ніколь Кідман…
Аліса зрабіла колькі нервовых глыткоў з кубачка і са злосцю паставіла яго на стол, расплюхаўшы гарбату па абрусе.
— Я, штосьці, не тое сказаў?
— Не, проста мой муж таксама казаў мне аб гэтым.
Мы абодва збянтэжыліся.
— Гэта, канечне, не мая справа, — першым прамовіў я, — але, тым не менш, як там у вас усё скончылася?
— Ніяк, я падаю на развод.
Аліса дапіла гарбату, і з’ела цукерку.
— Пайшлі ў залу, пакажаш мне сваю музыку, я бачыла ў цябе музычны цэнтр.
Я падняўся, узяў яе за руку і мы зайшлі ў залу. Калі я пачаў капацца ў стосе сваіх дыскаў, Аліса падышла да канапы, каб разаслаць яе. Я трохі здзівіўся, але выгляду не падаў. Разаслаўшы канапу, Аліса села на яе і пачала ўзбіваць маю падушку.
— Пастаў што-небудзь класічнае? — разумеючы, што я ніяк не магу выбраць музыку, сказала яна.
Я паставіў Фрэнка Сінатра.
— Добра, — сказала Аліса, пачуўшы яго казачны голас, — зрабі трошкі цішэй і давай патанчым.
І вось мы, прытуліўшыся адзін да аднаго, танчылі пасярэдзіне маёй залы. Аліса паклала на маё плячо галаву і, прыемна праводзячы па маёй спіне рукамі, маўчала, салодка дыхаючы мне ў шыю. Я здагадваўся, чым мы вельмі хутка будзем займацца, але Аліса, яна нават і не падазравала, што ў маім дваццацічатырохгадовым узросце я яшчэ ніколі і ні з кім не ўступаў у палавыя зносіны, і казаць ёй аб гэтым зусім не збіраўся.
…Праз некаторы час мы ўжо танчылі голымі. Здавалася, я толькі міргнуў і мы ўжо распрануліся. Цяпер я дакладна не памятаю, якім чынам так атрымалася, але ўся тая прэлюдыя была не самым галоўным.
Далей у маім разуменні ўсё адбывалася даволі невыразна. Памятаю, Аліса лягла на канапу і рассунула ножкі.
— Пайшло ўсё к чорту, — смела заявіла яна.
І я ўвайшоў у яе зверху.
Усплескі рознакаляровых фарбаў, галасы ў маёй галаве, пацалункі па ўсяму целу, разамлелы твар Алісы — усё злівалася ў адно дзеянне. Гэта быў мой першы раз, але як у сне, я амаль нічога не адчуваў. Яна зусім нягучна стагнала і мы круціліся па канапе, пераплятаючыся, як ліяны. А калі маё цела пачало пранізваць адчуванне чагосьці прыемна-незямнога, мае рукі сціснулі яе шыю.
Што ты робіш? — прахрыпела яна.
І тут я прачнуўся.
Пот выступіў на маім ілбу буйнымі кроплямі і я сцёр яго гарачай рукой.
“Прыснілася”, — падумаў я і пацягнуўся.
Але раскінуўшы рукі, я датыкнуўся да халоднага цела Алісы. Яна ляжала, задраўшы галаву к верху і, адкінуўшы левую руку на падушку. Вочы яе былі заплюшчаны. Я асцярожна вылез з-пад коўдры, апрануў свае трусы і пайшоў на кухню, выпіць вады, адчуваючы ў роце прагную смагу. Дзіўна, я амаль нічога не памятаў з таго, што адбывалася ноччу, хаця зусім не піў спіртнога. Але ўсё ж калі Аліса ляжала ў маёй канапе, значыць сэкс паміж намі адбыўся. Потым я зваротна лёг у канапу. Так прыемна было проста ляжаць каля дзяўчыны, бачыць яе прыпухлы твар, калі памада сцерлася, а закручаныя валасы ператварыліся ў падабенства прычоскі медузы Гаргоны. І яна мне падабалася яшчэ болей. Я правёў пальцамі рукі па яе халоднай шчацэ і пацалаваў у лоб.
Читать дальше