І Аліса знікла з майго жыцця, і больш я ўжо ніколі яе не бачыў. Тым нядзельным вечарам, пасля ночы з ёй, я сядзеў у залі ля акна, назіраючы за людзьмі і разважаў: чаму Аліса сышла ад мяне, нічога не сказаўшы? Божа літасцівы, кім я стаў, што я ёй такога зрабіў? Гэта было невыносна. Але я вытрымаў. Штосьці пстрыкнула ў маім розуме і я супакоіўся.
Ноччу мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў тоўстую прадаўшчыцу на рынку, але ў асноўным толькі той момант, калі я сціскаў яе горла. Я прачнуўся ў халодным поце і не змог заснуць да самай раніцы. Я варочаўся, кідаўся па канапе, а маю галаву ўсё перапаўнялі жахлівыя думкі. У пяць гадзін празвінеў будзільнік, і я з палёгкай падняўся. Абліўшы твар сцюдзёнай вадой, я ўважліва паглядзеў на сябе праз люстэрка і заўважыў мяхі пад вачыма. Я выпіў моцнай гарбаты, зрабіў сабе зсабойку, апрануўся і выйшаў на вуліцу.
На двары нікога не было. Засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, я пайшоў на прыпынак. Я ішоў і думаў аб тым сне. Дзіўна, ён з’явіўся падсвядома, ці прысніўся зноўку? Я думаў і пра Алісу.
У той раз прыпынак аказаўся пустым. Я сеў на лаўку і паглядзеў цераз дарогу на поле. Яно было мёртвым: купкі вербалозу нерухома тырчалі з чэрствай, застыглай зямлі, а высока ў небе крумкалі вароны. Неўзабаве пад’ехаў аўтобус. Я зайшоў у яго і, заплюшчыўшы вочы, зразумеў, што ў маім жыцці пачаліся перамены.
На заводзе Санёк з Дэнам да мяне не падыходзілі, відаць, пакрыўдзіліся з-за таго, што я збег з Алісай і ў чарговы раз не падаў ім кватэру, даўно трэба было зразумець, што яны карысталіся мной. Металічна-карункавая габлюшка разляталася ва ўсе бакі, калі я выточваў на станку свае нарыхтоўкі і так праходзіў мой працоўны час.
Пад канец змены я пачуў немы крык: жанчыне-тэрмісту адбіла пад прэсам усе пальцы на правай руцэ. Добра, што яшчэ так. На нашым заводзе і не такое здаралася.
Часам, я думаў аб безвыходнасці і сваёй заганнасці, і мне хацелася плакаць.
Калі разважаць аб гэтым паслядоўна, з самага пачатку, мусіць, усё пачалося з таго працоўнага дня. Пачалося з таго, што мне вельмі захацелася вярнуцца на прыпынак, не ведаю, ці ў пошуках Алісы, ці ў пошуках яшчэ чаго, але мне проста захацелася прыйсці і пасядзець там на лаўцы.
І я вярнуўся. Тым вечарам, у панядзелак пасля працы, я прыйшоў на прыпынак. Людзі чакалі аўтобуса, а я сядзеў і назіраў за імі. Я ўважліва прыглядаўся да жанчын, якія там знаходзіліся і спрабаваў ім усміхацца. Першыя ўсмешкі выходзілі нацягнутымі, але праз некаторы час у мяне пачало атрымлівацца і жанчыны замест таго, каб адводзіць ад мяне позірк, адказвалі ўзаемнасцю. Здаецца, тым вечарам у мяне ўзнікла манія велічы і я запэўніўся ў тым, што падабаюся любой жанчыне без выключэння.
Наступным вечар я зноў прыйшоў на прыпынак, прыйшоў туды я і ў сераду, і ў чацвер, і ў пятніцу. У суботу я вырашыў нікуды не ісці. Мне патэлефанаваў Санёк і прапанаваў схадзіць на “рэтра”, але я адмовіўся. Той суботай я напіўся ў сваёй кватэры партвейну і заснуў, як немаўля. І мой жахлівы сон кудысьці знік. Гэта было добрым знакам. Але з кожным днём мяне ўсё мацней цягнула на прыпынак. І я прыходзіў на яго. А ў адну з пятніц вечарам да мяне на лаўку падсела вельмі прыгожая дзяўчына. Зграбная і высокая брунэтка. У яе зялёных вачах, здавалася, гарэў спакушальны агонь, а прамыя пасмы доўгіх валасоў ахіналі ўсе плечы. Яна зусім не звярнула на мяне ўвагі, проста села і аб нечым задумалася. Але я адчуў яе цяпло, я адчуў пах яе прыемнага парфуму. Каля нас стаяла маладая пара і тры дзецюка. Я зацікаўлена паглядзеў на дзяўчыну і проста сказаў:
— Холадна сёння.
Яна азірнулася на мяне, але нічога не адказала, толькі здзіўлена ўзняла сваё чорнае брыво. Мяне збянтэжыла яе абыякавасць і я паглядзеў на шэрае неба, нібы намагаючыся адшукаць там патрэбныя словы. Я зразумеў, што сказаў зусім не аб тым, памянуўшы надвор’е, хаця на вуліцы сапраўды было холадна. Хутка пад’ехаў аўтобус і ўсё людзі, што стаялі на прыпынку, селі ў яго. Усе акрамя прыгожай брунэткі. Як толькі аўтобус ад’ехаў, я зноў паглядзеў на яе і яна важна прамовіла:
— Калі хочаш пазнаёміцца, спытай колькі часу.
Я вырашыў выправіць сваю памылку.
— Прабачце, а вы не падкажыце, колькі часу?
— Дзевяць сорак тры, — адказала дзяўчына і паглядзела на мяне. У яе вачах можна было заўважыць іскрынку кволай цікавасці да маёй асобы і я прысунуўся бліжэй.
— Ну і як жа завуць такую красуню? — усміхнуўшыся, запытаў я.
— Каця, — адказала дзяўчына і паказала свае белыя і роўныя зубы.
Читать дальше