— А што ж вы робіце, ірады, на вачах ва ўсіх! Забіваюць! — істэрычна закрычала яна.
Але рабочыя не спяшаліся панікаваць.
— Іх абвінавачванні былі ілжывымі, — кіўнуўшы ў бок зрынутай троіцы, пачаў Снайпер. — Не хацеў бы аб гэтым гаварыць, тым больш голасна, але хопіць маўчаць. Я, як і ўсе вы разумею, што гучыць гэта дзіўна, але віной усяму канвеер.
— Чаму ты так упэўнена пра гэта кажаш, ты ўласнымі вачыма бачыў смерць брыгадзіра? — спытаў, выступіўшы з натоўпу чорнавусы.
— Міхалыч, я веру іх словам…
— Цяпер нікому нельга давяраць, — уздыхнуў чорнавусы.
— Ды яны за адно з ім, забілі Холадава, а цяпер гэтых хочуць парашыць, — гыркнуў сінякасты.
Пазняк паступова прыходзіў у прытомнасць, вярцеў галавой і мармытаў у трызненні незразумелыя словы.
— А навошта было збіваць іх? — спытала Зіна.
Снайпер паблажліва паглядзеў на яе дурны выраз і, спрабуючы не раздражняцца, сказаў:
— Хіба вы не зразумелі, што яны хацелі дэзарганізаваць нас, разбіць на купкі, узлаваць, пасеяць недавер, урэшце ўчыніць самасуд над нявіннымі людзьмі, карыстаючыся бязважкімі здагадкамі. Мы не дзеля гэтага тут згрупаваліся.
— Цяпер, напэўна, усё адно ці ад чалавека, ці ад канвеера загінуць, — сказаў мужык з ліцейкі.
— Ад чалавека не так страшна, — сказала Зіна.
— Не-не, ад канвеера!
— Ні ад каго, — заключыў Снайпер. — Мы сабраліся ў гэтым месцы, каб чакаць раніцы, тут усё навідавоку, мы недасягальныя для канвеера. І чым раней вы гэта зразумееце, тым для вас жа будзе лепш і ніхто больш не загіне.
— Ат, глупства, — сказаў сінякасты. — Чаму мы павінны вам верыць?
— Можаш не верыць, але дзеля бяспекі, заставацца трэба тут.
— Канвеер, кажаш? — не мог супакоіцца сінякасты. — Добра, зараз праверым.
— На тваім месцы я б не выпрабоўваў лёс, — сказаў яму Ласун.
Сінякасты ўсміхнуўся і пайшоў да першай веткі. Ужо набліжаючыся да канвеера, ён адчуў страх, але страх перад прычыненай працоўнымі халатамі гурбой чалавечых рэштак і каб ніхто гэтага не заўважыў, бадзёра ўскочыў на канвеер. Павярнуўшыся да ўсіх, сінякасты зычна свіснуў і выкрыкнуў:
— Ну што, забіў мяне канвеер, разарваў на кавалкі?
Як толькі ён сказаў апошнія словы, канвеер нечакана ўключыўся.
— Ага, пасадзілі там за пульт змоўшчыкаў і цяпер збіраецеся…
Гэта было апошнім, што сказаў у сваім грэшным жыцці сінякасты. На долю хвіліны ён застыг, як прыкаваны да зямлі, вочы яго ашклянелі, а потым усе рабочыя без выключэння ўбачылі, як яго цела падзялілася на шэсць частак і грымнулася на канвеерную стужку, аблiўшы яе пырскамi крывi.
У другі раз працоўныя ўзгадалі перадсмяротныя словы майстра Прошына і, агаломшаныя ўбачаным, большая іх частка кінулася бегчы ўздоўж па пераходу да выйсця ў другі цэх. Спайпер з Рупарам да хрыпаты ў горле крычалі ўсім наўздагон, заставацца на месцы. Быў момант, калі і Дзяніс хацеў сарвацца і кінуцца за імі. Пад нагамі гарэла зямля, але на гэты раз яго стрымаў розум і сорам перад тымі, хто застаўся. Аднак збеглыя працоўныя не надалі ўвагі крыкам. Ніхто не ведаў, што так абернецца.
Як толькі працоўныя кінуліся бегчы, усе, хто застаўся: Снайпер, Дзяніс, Пазаліні, Рупар, Ласун, Гестапа, Дзяцел і падбітая троіца ўбачылі, што акрамя першай веткі запрацавалі і ўсё астатнія канвеерныя веткі трэцяга цэха і ўсе ў зваротным накірунку. Дзяніс пачуў звыклы гуд, які прысутнічаў у цэху падчас працы. Аднекуль знутры ўзнікла жаданне ісці да працоўнага месца і пачаць вырабляць маразільныя камеры. Рухаючыся, першая ветка скінула на падлогу рэшткі рабочых і сінякастага, утварыўшы на ёй крывавую груду костак.
— Цяпер вы бачыце, што яны мелі рацыю! — са злосцю звярнуўся да Пазняка Снайпер. — Вы гэтага хацелі?
Пазняк, задраўшы галаву ўверх, сціскаў пальцамі крывацечны нос. Снайпер спагадліва паглядзеў на яго, потым падышоў і працягнуў яму руку. Пазняк спярша зморшчыўся, але руку падаў. Снайпер ірвануў яго на сябе і паставіў на ногі. У сваю чаргу Пазаліні працягнуў руку Чыпушыле, а Дзяніс накіраваўся дапамагчы Грышы.
— Я сам, — заўпарціўся ён, а калі падняўся, сказаў Дзянісу: — Табе гамон, прыдурак! Мяне і па твары?!
— Ну годзе табе! — сказаў яму Снайпер. — Зараз нельга варагаваць, цяпер без жартаў — трымацца будзем разам.
— Па руках, — выціраючы насоўкай кроў з твару, прабубніў Пазняк.
Невялікая група працоўных, у стане візуальнага шоку, пабегла праз канвеерныя веткі. Дыстанцыя ад іх і да канвеера складала не больш метра, але гэтага хапіла, каб іх імгненна прыцягнула да канвеернай стужкі, як прыцягвае метал да магніта і проста разарвала на кавалкі.
Читать дальше