— Цяпер будзем чакаць, — не зважаючы на кампліменты Масла, сказаў Снайпер і зручней прысеў каля іх. Дзянісу стала прыемна, што ён вырашыў размясціцца менавіта тут. Ён быў героем, ён столькі зрабіў за гэты час. Дзяніс шчыра ганарыўся Снайперам.
— Як ты лічыш, нас выратуюць? — спытала ў Снайпера жанчына, што сядзела акурат за яго спінай.
— Мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. Цяпер галоўнае — заставацца тут, на гэтым месцы.
— Паабяцай, што з намі нічога не здарыцца.
— Я не Бог і не магу гэтага зрабіць.
Жанчына, стрымліваючы слёзы, перажагналася.
— Глядзіце, яны спынілася як раз насупраць майго працоўнага месца, хто б мог падумаць… — Курва паказала пальцам на прыкрытую халатамі груду.
— Лепш менш аб гэтым думаць і старацца не глядзець у той бок, — сказаў Снайпер.
Масла піхнула сваю дурнаватую сяброўку.
Снайпер агледзеўся, а потым прысунуўся бліжэй да чацвярых субяседнікаў.
— Засталося каля пяці гадзін, — ціха прамовіў ён. — Я не ведаю, што нам рабіць, у кожную хвіліну можа здарыцца непрадказальнае.
— Дык што там здарылася на “лініі Краўса”? — спытаў Дзяніс.
— Яны зараз усе знаходзяцца ў стане шоку, іх таксама можна зразумець. Я пакуль не хачу адназначна нічога сцвярджаць, але мне здаецца купка вар’ятаў задумала вельмі небяспечную гульню.
— Можа, Коўшын? — выказала здагадку Масла.
— Ага, наш дырэктар, — мужыцкім голасам сказала Курва і дастала з кішэні жменьку семачак.
— Цішэй, у дадзены момант усё можа быць. Адзінае, што выходзіць за межы майго розуму, пытанне аб тым, хто б гэта не быў: з якой мэтай ён вытварае падобнае, навошта яму такая бесчалавечнасць?!
— Зачым-зачым… вядома зачым, яму то падзі… падабаюцца злачынствы, — прахрыпеў Дзяцел.
— Але хто гэта? — спытаў Дзяніс.
— Я спадзяюся, мы вельмі хутка пра гэта пазнаем, але не прыкладаючы ўласныя высілкі, хопіць непатрэбных ахвяр — мы ўcё ж не героі, — сказаў Снайпер.
Такая праўдзівасць выклікала да яго ва ўсіх прысутных непадзельную прыязнасць. Ніхто не хацеў рызыкаваць.
Калючая дрыготка прайшлася па ўсім целе Дзяніса, ні то ад холаду, ні то ад страху. З кожнай хвілінай ён адчуваў, як узмацнялася яго хваляванне, паглынаючы, засмоктваючы сваёй уладай яго ўражлівы розум. Дзяніс паспрабаваў параўнаць гэта пачуццё, калі досыць моцна смактала пад лыжачкай. Штосьці падобнае здаралася з ім ў дзяцінстве пры наведванні стаматолага, пры першай бойцы ў школе паміж класамі, калі сілы праціўніка значна пераўзыходзілі, пры адным выпадку, калі ў дзясятым класе ад яго заляцела сяброўка і трэба было рабіць вакуум. Але на гэты раз смактала мацней, магчыма, таму што гаворка ішла пра ўласнае жыццё. Каму хочацца паміраць у дваццаць гадоў, калі ўсё яшчэ наперадзе? І што самае жудаснае — паміраць пакутлівай смерцю.
— На ўсякі выпадак, — ціха сказаў Снайпер, — калі, не дай Божа, здарыцца яшчэ якая-небудзь анамалія, можна будзе схавацца ў прыбіральні, гэта, бадай, непрыемнае, але самае непрыступнае месца.
— Фу, — зморшчыла нос Курва.
— Чаму не, — ажывілася Масла, — я б адразу туды і пайшла; дзверы на шпінгалет і ніякая брыда не дастане.
— Але гэта потым, — заспакоіў яе Снайпер.
А людзі, прытульваючыся адзін да аднаго, сядзелі моўчкі, як зацкаваныя і турботна ўглядаліся ў цэх.
Сведкі апошняга злачынства сядзелі каля самага краю прахода. У агульнай сумятні большасць пра іх забыла, таму ніхто не лез да іх з дакучлівымі пытаннямі. Цяпер кожны клапаціўся аб сваім асабістым азадку. Падабраўшы момант, да Рупара, Ласуна і Гестапа падышоў Пазаліні і, прысеўшы на кукішкі, стрымана спытаў:
— Дык хто-небудзь з вас мне растлумачыць, што там здарылася?
Яны ўтрох пераглянуліся. Доўга вырашалі каму расказваць, урэшце загаварыў Ласун:
— Мы прыйшлі на “лінію Краўса”. Канвеер там таксама стаяў. Холадаў адразу пайшоў да галоўнага пульта, каб паспрабаваць уключыць. Аднак марна. Хлопцы з “лініі” пайшлі да рэфрыжэратараў правяраць там па сваёй частцы і зніклі. Потым мы пачулі дзіўныя грукі. Брыгадзір заскочыў на канвеер — адтуль было лепш відаць, што там адбываецца. І тут нечакана ўключыўся канвеер — самастойна, разумееш, хаця яны маглі яго наладзіць, не ведаю. Холадаў павярнуўся да нас і сказаў: “Парадак”. У гэты момант ён паслізнуўся на роўнай паверхні і яго разарвала на кавалкі ў нас на вачах… я не ведаю што гэта было… яго проста лінчавала паветра. Адно імгненне і ўсё.
— Лухта якая, — ажывіўся Грыша, што сядзеў непадалёк. — Гэтага не можа быць, вы проста здурэлі.
Читать дальше