— Вас вывучаюць, Павел Канстанцінавіч,— падказаў я.
— I фатаграфуюць,— пагадзіўся ён.— Праз шмат вякоў мяне будуць разглядаць дзе-небудзь у іншай галактыцы.
От такі вясёлы, дасціпны, П. К. мне больш за ўсё падабаўся. У мяне зніклі нават рэшткі шкадавання, што паляцеў ён, а не я.
Не паспелі мы перакінуцца гэтымі словамі, як святло патухла. Затое ў эфіры пачулася нешта старонняе. Гэта працягвалася хвілін дзесяць, а потым усё сціхла. Вядома, мы запісалі гэты ці то вынік перашкод, ці то сігналы станцыі. Але што яно азначала, разабрацца не маглі.
П. К. некалькі разоў прайшоў па тым месцы, на якім яго заспела спадарожнікава святло. Закінуўшы трос, залез на верх цыліндра. Дарэмна. Спадарожнік больш не падаваў прыкмет жыцця.
— Буду вяртацца,— сказаў П. К.
Мне здалося, што ён пабыў там вельмі мала, каб што знайсці. Але П. К. не пагадзіўся.
— Прылячу праз зямныя суткі. Дадзім час аўтаматам станцыі, калі яны ёсць, ацаніць сітуацыю.
У той дзень мы доўга даследавалі, праслухоўвалі запіс гукаў, што ўзніклі ў эфіры, давалі заданні ЭВМ, Вундэркінду, карацей кажучы, загрузілі ўсе наяўныя мазгі. Аднак да расшыфроўкі гукаў не наблізіліся ні на крок. Чаму я ўпэўнена напісаў расшыфроўкі? Пракідалася ў гуках, пачутых намі, сістэма, зладжанасць. Пачакаем яшчэ суткі!
14 лютага. Каб не зусім рэальныя здымкі і не надта пераканаўчыя запісы, якія ў нас засталіся, напэўна, цяпер, аддаліўшыся ад штучнага спадарожніка на мільёны кіламетраў, мы думалі б, што нам усё гэта прывідзілася...
Назаўтра, пасля першай вылазкі П. К. на іншапланетную станцыю, «Скакунок» зноў пакінуў «Набат». П. К. цяпер трымаўся больш упэўнена. Ён адразу прычаліў да таго месца, дзе яго знаходжанне выклікала пэўную рэакцыю ў механізмаў спадарожніка. Зноў успыхнула святло, яркае, блакітнае. Успыхнула на імгненне, быццам правяраючы, ці той гэта наведвальнік, што быў учора, і, задаволіўшыся, патухла. А ў наступным сектары бліснуў новы агеньчык, маленькі і асляпляльна-белы. П. К. няспешна (як хапіла вытрымкі!) накіраваўся да яго. I ён, і я думалі, што вось зараз адчыняцца якія-небудзь дзверы...
П. К. доўга прастаяў пад гэтым ліхтаром. Ні дзверы не адчыніліся, ні вокны. Гаспадары станцыі былі, падобна, надта недаверлівымі істотамі. А можа, мы нечага не зразумелі? Адчуваючы пякучую крыўду, П. К. апусціўся на насціл галерэі. Пазней ён казаў, што хацеў абдумаць, ці не паспрабаваць разрэзаць корпус станцыі і такім чынам зазірнуць унутр. Напэўна, ён гэтага не зрабіў бы, але і яго зразумець трэба — быць ад тайны на адлегласці выцягнутай рукі і пайсці ні з чым... I ў самы напружаны момант гаспадары быццам адчулі сваю віну. Глухі эфір ажыў. Перадача не магла быць адрасавана не нам, усё вельмі супадае. Цяжка словамі перадаць, што мы пачулі, бо, вядома, не родная мова гучала ў эфіры. На чужой хвалі, нейкім чынам выяўленай аўтаматамі карабля, мы чулі зусім пэўную перадачу, з перапынкамі, паўзамі. Хутчэй за ўсё гэта былі неймаверна сціснутыя сімвалы, потым мы праверым сваё меркаванне, пусціўшы запіс з меншай хуткасцю.
Перадача працягвалася роўна паўгадзіны. Калі яна скончылася, патух і агеньчык.
П. К. не пакідаў спадарожнік. Ды каго б гэта не ашаламіла? Але ён чакаў паўтору. I не памыліўся. Праз пятнаццаць хвілін агеньчык засвяціўся белай зорачкай. Мы запісалі новую перадачу знак у знак. Яна паўтарала папярэднюю.
У той жа дзень на Зямлю панеслася наша паведамленне. Адказ Касмічнага цэнтра ўзрадаваў. На Марсе ўдалося захапіць і ўтрымаць у пастках часцінкі выпраменьвання крыніцы-маяка. Спецыялісты вывучылі іх, і цяпер медыкі гарантавалі, што вылячаць С. В. А нам быў загад вяртацца. Цэнтр адзначаў, што экіпаж «Набата» сваю задачу выканаў. Запісанае намі пасланне іншапланецян вельмі складанае і пакуль расшыфроўцы не паддаецца, тым болей, было сказана ў загадзе, не зможам гэтага зрабіць мы. Нас папярэджвалі ад уварвання сілай у станцыю-спадарожнік. Гэта і небяспечна, і можа наогул нанесці непапраўную шкоду будучаму кантакту. 3 Зямлі да Плутона накіроўваюцца нам на змену два караблі класа «Набат». Мы з імі сустрэнемся ў прасторы паміж Марсам і Юпітэрам.
Трэба збірацца ў дарогу. Аднак замест радасці я адчуў прыкрасць. I П. К., прачытаўшы тэлеграму кіраўнікоў палёту, неяк насупіўся, зрабіўся задумлівым.
Мне здавалася, што я разумею, чаму загад вяртацца не выклікаў у П. К. энтузіязму. Спадарожнік знайшлі мы, а сапраўдныя, канкрэтныя даследаванні гэтага тварэння чужога розуму, можа, сам кантакт ажыццёвяць іншыя. Згадзіцеся, гэта несправядліва. Крыўдна нават мне, хаця мой асабісты ўклад у дадзеным выпадку зусім нязначны. Не тое што П. К., якому належыць галоўная заслуга ў гэтым найвялікшым адкрыцці. Я паспачуваў яму.
Читать дальше