Мне самому было горка расставацца з прыгожай выдумкай П. К. Але факты лбом не зрушыш. Заставалася пагадзіцца з ранейшым поглядам С. В., што на марсіянскай схеме быў пазначаны не спадарожнік, а зоркалёт, таксама чужы Плутону. Я нагадаў пра яго П. К., дадаўшы:
— Зоркалёт, мусіць, ужо ў сваёй галактыцы.
П. К. дзіўна паглядзеў на мяне. Ён наогул апошнія дні як не ў сабе. Вельмі многа навалілася на яго. I трывога за капітана, і адказнасць за «Набат», і да ўсяго — крушэнне гіпотэзы. П. К. можна зразумець. Палёт на Плутон, які ён прапанаваў каля Марса, да той марсіянскай знаходкі мала што дабавіў. Крыўдна.
14 студзеня. П. К. паводзіць сябе бездапаможна, бяздзейна. I на Плутон не спрабуе яшчэ раз высадзіцца, што хоць неяк апраўдала б нашу тут затрымку, і на зваротны курс не кладзе «Набат». Мне ён нічога з гэтага поваду не гаворыць, мусіць, сам не ведае, на што спадзяецца. Хіба можна план, думку падмяніць аднымі разлікамі, якімі ён займаецца ледзь не круглыя суткі — і на вахце, і потым. Ад ЭВМ не адыходзіць.
Учора на маім дзяжурстве паступіла лазераграма. Сувязь з Зямлёй яшчэ ненадзейная, апошнім часам мы не атрымалі ніводнага поўнага тэксту. I гэта не было выключэннем. 3 Касмічнага цэнтра перадалі: «...крыніц-выпраменнікаў не выяўлена...» Я нічога не зразумеў. Паказаў П. К. і спытаў:
— Яшчэ недзе маякі аб’явіліся?
— Я прасіў праверыць Марс,— паціснуў плячамі П. К.
— 3 Плутонам не разабраліся, а на Марс азіраемся,— я абурыўся. Зрэшты, нехта ж павінен мець ясную галаву. П. К. хоць і замяніў капітана, аднак капітанскага, рашучага ў ім мала.— 3 Сцяпанам Васільевічам што будзе, пакуль мы тут гойсаем?
— Гэтага я не ведаю, Віця,— сумна адказаў П. К.
— Што мы чакаем, Павел Канстанцінавіч? — трэба было паставіць кропкі над «і».
П. К. зноў паціснуў плячамі. Я ведаў, што ў яго гэта азначала нежаданне працягваць размову. Ды я быў настойлівы.
— Сцяпан Васільевіч у небяспечным стане...
— Сцяпан Васільевіч, апрытомнеўшы, асудзіць нас, калі мы здымемся дачасна.
Пагаварылі, называецца. Як глухія. Няўжо П. К. лічыць мяне недаросткам? Мне ж хутка васемнаццаць!
17 студзеня. Атрымалі яшчэ дзве тэлеграмы з Цэнтра. Сувязь быццам бы аднаўляецца, скажэнняў менш. На Зямлі непакояцца за С. В., просяць новыя даныя пра яго стан і чамусьці ні словам не ўспамінаюць аб нашым вяртанні. Змова за маёй спіной? Хай сабе, абы ўсё было добра.
П. К. прачытаў прысланыя тэлеграмы і ўпершыню за колькі часу ўздыхнуў з палёгкай (праўда, раней ён наогул не ўздыхаў, хадзіў як у масцы). А потым раптам спытаў у мяне, паказаўшы на тэлеграмы:
— Што ты думаеш пра гэта?
Я прамаўчаў. Сапраўды, што я мог думаць?
— Не зважай, Віцяй, на мой настрой. Ранейшы. У мяне галава кругам ішла, а ты малайчына, трымаўся. А цяпер у тумане вакол нас з’явіўся пробліск.
Я здзіўлена падняў вочы. Хаця сённяшні П. К. мне падабаўся болей.
— Звярні ўвагу,— казаў ён,— нас не прыспешваюць з вяртаннем. Значыць, стан Сцяпана Васільевіча не крытычны. Думаю, ён у своеасаблівым анабіёзе, выкліканым выбуховым выпраменьваннем. Спецыялісты гэтага не адхіляюць.
П. К. быў надта гаваркі. Прыгнечанасць апошніх дзён раптам змянілася ўзбуджанасцю.
— Я табе казаў, Віцяй, што капітан не дазволіў бы адысці адсюль, не праверыўшы ўсе меркаванні да канца.
— Дык, здаецца, вы ўсё праверылі...
П. К. бліснуў вачамі і паклікаў робата:
— Вундэркінд, ты гатовы?
Вундэркінд цяпер заўсёды быў з намі. I зараз ён стаяў з правага боку ад пульта кіравання — ці то драмаў, калі гэта можна пра яго сказаць, ці то слухаў нашу размову. Пачуўшы пытанне П. К., ён, не мяняючы позы, выдаў доўгую чараду лічбаў. Мне аж млосна стала ад адной думкі, што іх трэба запомніць. А П. К. паспеў запісаць, нешта дадаў і ўвёў у ЭВМ.
— Не верылася,— П. К. зноў звярнуўся да мяне,— што маякі на Плутоне выпадкова размешчаны па эліпсе. Пры ўсёй павазе прышэльцаў да акругласцей не магу дапусціць, што яны кіраваліся ёю, размяшчаючы такія магутныя крыніцы на неабмежавана доўгі час.
— Ваша здагадка не пацвердзілася. Навошта таўчы ваду ў ступе? — Гэта было грубавата, разумею. Але П. К. павінен прыслухоўвацца і да майго голасу. А крывіць душой я не ўмею.
— Дзень на дзень не прыходзіцца,— ён не паказаў, што пакрыўдзіўся. Проста сказаў так, каб я зноў нічога не зразумеў. I яшчэ П. К. здзівіў мяне. Нельга ж так упарта верыць у тое, чаго няма.
Напэўна, гэтыя думкі неяк адбіліся на маім твары, бо П. К. пасміхнуўся і папрасіў робата:
— Вундэркінд, раскажы аб прызначэнні марсіянскага маяка.
Читать дальше