Аднойчы гэта дафнiя, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мiльгнуў чорны цень i побач з ёю ў жахлiвай пашчы захрабусцелi панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.
— Я забiлася ў нейкi кут, — апавядала яна, — i наваколле знiкла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка — дрыжыкамi; часам здавалася, што храбусценне панцыраў — жахлiвы сон. Перамяшалiся днi i ночы. А калi я нарэшце ачуняла i выглянула са свайго сховiшча, то адразу ж адчула, што на мяне скiраваны бязлiтасны i ненажэрны позiрк. На гэтым мая маладосць i скончылася… Магчыма, Маленькая Дафнiя, шмат што з гэтага табе расказвалi як старыя плёткi. Але Чорны Жук — не плётка… Ён быў бязлiтасны i з'яўляўся ўсюды. Кiдаўся iмклiва i дакладна. А мы не былi арганiзаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнiкоў, кожны дрыжаў за сябе i нiчога не ведаў пра iншага. Страх быў нашай доляй. I племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнiя паддалiся роспачы i панiцы, i я тады зразумела, што калi так будзе далей, то хутка карычневых дафнiй залiчаць у разрад знiклых вiдаў. I вось я асмелiлася на самы важны крок у сваiм жыццi. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлiчыць усе дробязi i нарэшце прыйшла да адзiнага вываду…
Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацiнавы Абруч. I вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травiнцы да сярэдзiны вадаёмчыка, адчапiлася i кiнулася ўнiз.
I набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянiлася пякучым холадам, ад хуткасцi падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго апраметная цемра. Падарожнiца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволiлася i знiзу блiснула святло: яно было белае i нiбы струменiлася. Каменьчык ужо не iмчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымi дафнiямi муць у сонечным промнi. I вось нарэшце ён спынiўся, i дафнiя ўпала каля белага зiхатлiвага круга. Гэта быў Плацiнавы Абруч.
— Ты — малая i дурненькая казяўка, — гаварыла далей Старая Дафнiя, — i з гэтай прычыны табе зараз шмат чаго не зразумець, Але калi-небудзь… калi-небудзь… Ты, вядома, як мага хутчэй хочаш даведацца, што было далей, i табе зусiм не цiкавыя мае разважаннi. Гэта ўжо так: старыя пацiху мудруюць сабе, маладыя спяшаюцца… Ну што ж! Я здзейснiла сваю задуму. Дакранулася да Абруча i папрасiла яго зрабiць так, каб знiк з нашага вадаёма жахлiвы Чорны Жук, а народ мой быў у далейшым згуртаваны i стойкi i каб пазбавiўся ад легкадумнасцi i страху. Вось якое было маё жаданне. А потым я папрасiла Абруч яшчэ пра адно. «Дай мне, — сказала я, — магчымасць вярнуцца дамоў».
Пасля гэтага яе пачало паднiмаць над Абручом, iмклiва пацягнула ўверх, святло прапала, i ў наступны момант яна была выкiнута да самай паверхнi iх жылля.
Суродзiчы адразу яе заўважылi i акружылi. I яна здзiвiлася iх позiркам, якiя зрабiлiся змрочнымi, нiбы яна прынесла iм бяду. Нарэшце адна з былых сябровак вымавiла:
— Вось яна, баязлiўка i дэзерцiрка! Заяўляю ад iмя ўсiх: з гэтага часу ў цябе не будзе нi сяброў, нi спраў нiякiх. Жывi як хочаш!
Наша Дафнiя разгубiлася, падумала, што сяброўка жартуе.
— Чаго ты?! Цi што-небудзь здарылася?
— Ха-ха-ха! Здарылася! Гляньце на гэту прытвору!
— Прытвора! — паўтарылi ўсе. — Прытвора i здраднiца! — Нiхто не жартаваў.
— Што ж, — сказала яна. — Судзiце, калi вiнаватая.
— Судзiць! — зноў засмяялася сяброўка. — Ты сама сябе асудзiла! Подлая манюка! Лепш скажы, у якой нары ты адседжвалася, пакуль мы распраўлялiся з Чорным Жуком! Ганьба!
I ўсе паўтарылi: «Ганьба!» I асуджаная паплыла ў сваю хату… Ёй было крыўдна i горка, але яна плакала ад радасцi, што збылося яе жаданне: няма больш Чорнага Жука, i народ яе будзе жыць, i нiхто не залiчыць карычневых дафнiй у разрад вымерлых вiдаў.
Яна, якой выраклiся, жыла вельмi доўга, амаль у тры разы перажыла сваiх равеснiц. Ёй было цяжка, бо да яе iмя ставiлiся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда усё-такi пагарда.
— Хiба ты не чула легенды аб здраднiцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я нiколi нi на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змянiць — варта расказаць пра Плацiнавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабiць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (i гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сiлу Абруча, i невядома, чым бы скончылася яго спроба…
Старая Дафнiя склала свае антэны.
— Маленькая Дафнiя, — цiха прамовiла яна, — цяпер гэта твая таямнiца, i я магу спакойна памерцi. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам i карыстайся ёю толькi ў выпадку вялiкай патрэбы — дробнае i пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнiчай сiлы Плацiнавага Абруча! Але калi нашым зноў стане кепска — ты ведаеш, што зрабiць? I перадай таямнiцу вартаму.
Читать дальше