А мне было цiкаўна назiраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялiкiя скачкi (гэту асаблiвасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з iмi васемнаццаць гадоў таму назад), якiм пазайздросцiлi б самыя славутыя нашы спартсмены.
I вось адзiн з iх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць «Першы», наткнуўся на адзiнокi пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся i здзiўлена вымавiў:
— Лон!
— Так, — сказаў Настаўнiк — Па-мясцоваму будзе «дафнiя».
— Як тут апынуўся наш лон? I такi дробненькi! I чаму ён плавае?
— Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якiя скачуць, — адгукнуўся Настаўнiк. — Яны таксама дробныя. I паразiтуюць на жывых.
— I разумных? — спытаўся Другi, якi падышоў.
— I разумных.
— Нашы ў сто адзiн раз больш.
— У сто адзiн i шаснаццаць сотых, — паправiў Настаўнiк. — I нашы на нас не паразiтуюць.
— Гэта i немагчыма, — засмяяўся Другi.
— Ты верыш у той стары прымiтыў? — насупiўся Першы.
— Тэорыя Спiу не прымiтыў, - з лагоднай усмешкай вымавiў Настаўнiк. — Яна была стройная.
I яны зноў пачалi спрачацца, i з iх спрэчак я зрабiў вывад, што нейкi iх мудрэц Спiу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзiлася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад iх дафнiяў: сведчаннем таму некаторыя iх старыя эмблемы, статуэткi, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя iх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай i аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, i гэта цяпер лiчылася настолькi аксiёматычным, што, нават маючы на ўзбраеннi такiя разумныя машыны, як эвальвентар, амнiвiзар i iншыя, з дапамогай якiх можна было б за самы кароткi час аднавiць i прасачыць на экране iх эвалюцыю, яны адмаўлялiся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкi, а то i амаральны, а таму правесцi такi дослед проста нiкому i ў галаву не прыходзiла. Ноблы паходзяць ад ноблаў — гэта зразумела i дзiцяцi, гэта быў абсалют.
Аднак на Зямлi, удалечынi ад сваiх, яны дазвалялi сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якiя не маглi гутарыць дома, i нават спрачалiся. Першы нешта ўжо вельмi ўпарта паўтараў аб прымiтыўнасцi i лжэнавуковасцi старой тэорыi, а другi, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нiбы пацяшаючыся яго ўпартасцю i ўпэўненасцю. Настаўнiк зноў жа ветлiва i тонка наводзiў на думку, што ўсякi пункт гледжання правiльна было б, увогуле, паважаць, — вядома, без шкоды для дамiнуючага, — таму што калi ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланiў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны i развязваў шмат якiя вузлы. Ён нагадаў маладым iншапланецянам, што мiсiя iх пакуль што выключна вучэбная i ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступiць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесцi некалькi падрыхтоўчых, i чаму, напрыклад, не заняцца тымi ж дафнiямi: такi вось вопыт мог быць павучальны.
— Настаўнiк! — прамовiў Першы. — Мы нiколi не эксперыментавалi над лонамi. Гэта лiчыцца…
— Глупствам, — перапынiў весела Другi. — Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хi i пазаймацца глупствам.
— Гэта не мае сэнсу, — сказаў Першы.
— Хто сказаў, што лоны i дафнii — аднаго роду iстоты? — спытаўся Настаўнiк. — Хiба вас не вучылi, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?
Так, ён пераканаў iх! Яны пачалi рыхтавацца да эксперыменту i правялi яго — эксперымент небывалы, якi нельга ўявiць, i я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.
Яны настроiлi сваю апаратуру. Каля пня былi ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнiвiзар i iншыя апараты, якiм пакуль што i назвы няма на чалавечай мове. I калi ўсё было гатова, Настаўнiк сказаў:
— Не забудзьцеся пра стымулятар, разлiчыце час падключэння.
О, гэта ўжо не былi ранейшыя спрытныя, дураслiвыя юнакi, энергiя якiх рабiла iх такiмi падобнымi на нашых зямных; гэта былi суровыя, сталыя iстоты з засяроджанымi тварамi.
— Абскуратам кiрую я, — сказаў Настаўнiк.
I эксперымент пачаўся…
* * *
Як тут яе пазайздросцiць Пасвячонаму, якi ўбачыў такое? I шкада, што «Запiскам» не стае падрабязнасцяў. Цi ведаў гэты Настаўнiк аб прысутнасцi нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават i ўявiць, што не ведаў, калi ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут — усяго толькi метраў сто. Але ж хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кiруе эвальвентарамi… Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзi вось, дапусцiў прысутнасць чужынца, дазволiў яму, праўда, з купюрамi — не ўсё. Значыць, лiчыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такi адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць…
Читать дальше