А чортавы ноблы, вiдаць, i сапраўды далёка абагналi нас, калi на такую аперацыю юнакоў паслалi i называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у iх тады «не практыка», што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявiць!
Але дадзiм далейшы ход дзеянню i як можам перакажам «Запiскi» Пасвячонага, каб карацей было.
Значыцца, яны пачалi сваю справу.
Пасярод лесу ў маленькiм балотцы жыла Маленькая Дафнiя. Гэта было ўжо i не балотца, а ўсяго толькi маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялiчкi вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла i зарасло. Пад пнём вось i жыла тая Дафнiя.
Сонца туды амаль не пранiкала, толькi тоненькiя праменьчыкi прарывалiся часам праз карэннi i зараснiкi, i тады каля пня рабiлася светла i прыемна, усё ажывала i пачынала рухацца. Маленькая Дафнiя нiколi не прамiнала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замiрала i грэлася. Яна нават ненадоўга засынала — так ёй было добра. Вакол у тым промнi вiселi i драмалi iншыя дафнii i таксама рухалiся ўслед за сонцам. Не спалi толькi вартаўнiкi; яны размяшчалiся наўкола i сачылi, цi не з'явiцца раптам небяспека.
Моладзь здзiўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкi пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце…
Потым прамень знiкаў, рабiлася змрочна. I тады дафнii амаль не сустракалiся адна з адной, бо кожная жыла ў сваiм куточку, а калi нехта некаму i трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кiдаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся цi вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафнii свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы i хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: нiхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра — што ж! — праменьчык хутка зноў прыйдзе, i святла будзе ўволю.
Адным пахмурным днём пад коранем з'явiўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна i павольна, як страшэнна стомленая iстота цi драпежны рабаўнiк. Маленькая Дафнiя спачатку спалохалася i стаiлася ў шчылiне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец i не рабаўнiк, а ўсяго толькi вялiкая Старая Дафнiя, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная i трухлявая.
— Не бойся, — вымавiла яна слабым голасам. — Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасiць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блiзкiя i сваякi адвярнулiся ад мяне i адусюль выгналi. Прымi мяне, у цябе добрае сэрца.
Маленькая Дафнiя супакоiлася i, усцешаная, запрасiла:
— Уваходзь, калi ласка, месца хопiць на дзвюх.
Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчылiны, паслала ёй цiны i пачала ганяцца за калаўроткамi i iнфузорыямi, каб накармiць госцю. Але тая спынiла яе:
— Не трэба. У маiх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамi i памяццю. Клапацiся аб сабе — табе сiлы больш патрэбныя.
А калi надышла ноч, Старая Дафнiя сказала, што адчувае блiзкую смерць i таму ёй трэба спяшацца — ёсць таямнiца, якой нельга памерцi разам з ёю.
— Падыдзi да мяне, — сказала яна, — будзь побач. Нас нiхто не павiнен пачуць. Ты была добрая i ласкавая, таму сваю таямнiцу я адкрыю табе. Слухай…
I Старая Дафнiя расказала такую гiсторыю.
Даўным-даўно, калi бабулi было столькi гадоў, колькi цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалi казку. Iх лужына каля пня нiбы зусiм не лужына, а глыбокая студня, i вось на дне яе ляжыць Плацiнавы Абруч.
— Зусiм невялiкi абруч — самая маленькая дафнiя магла б абабегчы яго ў адзiн момант. Але нiколi не зможа гэтага зрабiць, бо бясконца будзе апiсваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафнiй, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мiнулае i, каб утаiць гэта, выдумляюць усялякiя небылiцы.
Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзiла, што Абруч той — незвычайнай уласцiвасцi: варта да яго дакрануцца i сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссiльны быў Абруч толькi ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго i таго ж жадання двойчы i не мог адмянiць выкананага. I яшчэ Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.
Старая Дафнiя ў маладосцi была натурай уразлiвай i летуценнай i таму запомнiла казку, i ёй нават снiўся гэты Абруч.
Жыццё ў iх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзiўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафнiям не было ратунку — нават калi ён не нападаў, а толькi здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах i не было сiл уцякаць i ратавацца. Тады вось i з'явiлiся вартаўнiкi, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб наблiжэннi Чорнага Жука.
Читать дальше