Пасвячоны бачыў iх не раз яшчэ да той сумятнi з дафнiямi, сумятнi дзiкай i непраўдападобнай, на падставе якой розныя разумнiкi, аматары слоўцаў, адразу ж паспяшалiся абгрунтаваць iдэю пра «арбэвалюцыю» (развiццю па кругу) у супрацьвагу старой «гелэвалюцыi» (развiццю па спiралi). Пасвячоны пiша, што хоць яны падобныя да нас рашуча ўсiм, ён умее пазнаць нобла сярод сотнi чалавекападобных. Перад iх ведамi ён, мабыць, стаiць навыцяжку (няхай не прымуць за непачцiвасць у адносiнах да шаноўнага Пасвячонага). А мне зразумела адно: планета iх перагружана, iм трэба кудысьцi рассяляцца, а ўмовы ў нас i на Н-6813 амаль аднолькавыя. Вось i падумайце, з якiмi намерамi яны круцяцца вакол нас i нават адважваюцца на экскурсii сюды i, пры гэтым, адчуваюць сябе тут вельмi нават упэўнена.
У тым вось i справа, што не толькi Пасвячоны iх бачыў. Прагледзьце добра прэсу апошнiх гадоў, будзьце ласкавы, пагартайце — такi цiкавы малюначак адкрыецца!
Цi гэта ўжо ў Пасвячонага нейкi там свой метад, цi гэта звышдакладныя разлiкi, цi гэта асаблiвы нюх, — як бы яно нi было, а менавiта ён стаў сведкам таго, як аднаго дня на казачным поўднi, на паляне сярод джунгляў, цiхiм раннiм часам пагусцела крыху паветра, паднялося лёгкае воблачка пылу, i вось — нi адсюль, нi адтуль — на траву апускаецца невялiчкi апарат калачападобнай формы, i з люка вылазяць двое.
Трэба адзначыць, што дзiўны iх карабель з'явiўся менавiта бясшумна i незаўважна: гэта значыць, яны прызямлiлiся i толькi потым сталi бачныя. Вось яна якая тэхнiка, абскурацыя гэта самая, якая дазваляе рабiцца нiбы адсутным, калi на самай справе ты ёсць. Але хто мае вочы, той бачыць.
Значыць, яны прызямлiлiся, паказалiся i пачалi аглядвацца. А ўжо да iх з узлеску спяшаецца трэцi, i апрануты ён, не ў прыклад гэтым — у зiхатлiвых камбiнезонах, а зусiм як чалавек у той краiне: саламяны капялюш лейкай, падкасаныя па каленi штаны, хустачка на шыi. I яшччэ здалёк пачалi яны гаварыць, але так па-чужому, што Пасвячонаму давялося, само сабой, уключыць свой транскамунiкатар (апарат, якi выдаецца, мiж iншым, па асаблiвым дазволе), i толькi тады ён пачаў разумець iх тарабаршчыну.
Аднак дадзiм слова самому Пасвячонаму.
* * *
Яны прывiталiся, — пiша ён, — стрымана, нават суха, але твары iх задаволена свяцiлiся ад сустрэчы. Тыя, што прыляцелi, былi дужа маладыя, а хто сустрэў — сярэднiх гадоў.
— Вiтаем Настаўнiка, — вымавiлi юнакi, i старэйшы адказаў:
— Вiтаю пасланцоў Студыi Прагнозаў.
Студыёзусы пачалi моцна мiтусiцца, нiбы яны адразу мусiлi прыступiць да неадкладнай справы; старэйшы ж далiкатна стрымлiваў iх, запрашаючы спачатку сесцi i выслухаць яго, а ўжо потым брацца за тое, дзеля чаго яны прыляцелi.
Якiя былi iх намеры, я ў першыя хвiлiны не мог здагадацца. Аднак хутка зразумеў: юныя пасланцы Студыi Прагнозаў Н-6813 — свайго роду практыканты, кажучы нашай мовай, i накiраваныя на Зямлю для збору пэўных звестак, чым надзвычай ганарылiся; а Настаўнiк, таксама зразумеў я, жыве тут ужо даволi доўга, ведае пра нас усё i знаходзiўся сярод нас, мабыць, з мэтай асвойтацца, каб потым прымаць практыкантаў. Няма сумненняў, што iх Студыя Прагнозаў рыхтуе спецыялiстаў па Зямлi, якiх iм, нягледзячы на рознабаковую пра iх iнфармацыю, тым не менш не хапае. Магчыма, паняццi «вычарпальная iнфармацыя» i ў iх i ў нас не супадаюць.
Настаўнiк пасадзiў нарэшце сваiх падапечных, i яны надзелi на галовы зiхатлiвыя абручы (прылады для хуткага i глыбокага засваення, як я здагадаўся), i такiм чынам пачаўся першы ўрок для iх па Зямлi ўжо непасрэдна на Зямлi.
Цяжка перадаць, што я перажыў, назiраючы гэты ўрок. Здзiўленне? Збянтэжанасць? Захапленне?.. Настаўнiк мала гаварыў, скупымi i сцiслымi фразамi-формуламi вызначаючы толькi пэўныя вехi, абагульненнi; затое яго мiмiка, позiрк, якi бурна мяняўся, былi настолькi разнастайныя i багатыя i неслi, як вiдаць, такое мноства iнфармацыi i з такой iнтэнсiўнасцю, што мой транскамунiкатар адразу ж перагрэўся, я ўжо нiчога не разумеў i вымушаны быў выключыць машыну. Усё было ясна: Настаўнiк — унiкальны выкладчык i прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.
Яны знялi свае абручы, урок скончыўся, пачалi спрачацца. А тут i мой транскамунiкатар паспеў астыць, i я ўключыў яго i зноў пачаў разумець iх размову.
Гасцей, як высветлiлася, цiкавiла разумная iстота гэтай планеты, якую яны, мiж iншым, называлi «Хi», што ў перакладзе з iх мовы азначае «яйка». Такое было яго заданне — яны жадалi неадкладна ўбачыць гэту разумную iстоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлiчыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзiвосным з iх дзiвоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнiк, узнаўляльнiк чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта «што-небудзь» пачалося нават мiльён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнiк, якi паскараў працэс, а таксама — амнiвiзар, з дапамогай якога ёсць мажлiвасць усё выразна назiраць — прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былi казачна, i не цярпелася iм сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнiк прасiў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору i фаўну гэтай вось паляны. I яны да часу пакiнулi свае грозныя апараты i разбрылiся, а выкладчык iх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.
Читать дальше