«Старшыня: Беручы пад увагу ўсё сказанае вышэй, камiсiя ў складзе трох лекараў, трох бiёлагаў, аднаго фiзiка, аднаго iнжынера-механiка i намеснiка начальнiка экспедыцыi прыйшла да высновы, што падзеi, пра якiя паведамiў Бертан, уяўляюць сабой праявы галюцынатэрнага сiндрому, якi развiўся пад уплывам атручэння атмасферай планеты, з сiмптомамi зацямнення свядомасцi, якiм спадарожнiчала ўзбуджэнне асацыятыўных зон кары галаўнога мозгу, i што ў сапраўднасцi не было нiчога або амаль нiчога, што адпавядала б гэтым падзеям.
Бертан: Выбачайце, што азначае «нiчога або амаль нiчога»? Як гэта зразумець?
Старшыня: Я яшчэ не ўсё сказаў. У пратаколе запiсана vоtum sераrаtum асабiстае меркаванне фiзiка, доктара Арчыбальда Месенджара, якi заявiў, што расказанае Бертанам магло, як ён лiчыць, адбывацца рэальна i заслугоўвае ўважлiвага даследавання. А цяпер — усё.
Бертан: Я настойваю на сваiм пытаннi.
Старшыня: Усё вельмi проста. «Амаль нiчога» азначае, што нейкiя рэальныя з’явы маглi паслужыць зыходным пунктам тваiх галюцынацый, Бертан. Пад час ветранай ночы нават сама нармальны чалавек можа палiчыць за чалавека куст, якi хiстаецца. А тым больш на чужой планеце, калi на мозг назiральнiка ўздзейнiчае яд. Гэта не папрок табе, Бертан. Якое тваё рашэнне?
Бертан: Спачатку я хацеў бы даведацца, цi будзе мець вынiк votum separatum доктара Месенджара.
Старшыня: Практычна не будзе, гэта значыць даследаванняў у гэтым напрамку нiхто весцi не будзе.
Бертан: Наша гаворка пратакалiруецца?
Старшыня: Так.
Бертан: У такiм выпадку я хацеў бы заявiць, што камiсiя праявiла непавагу не да мяне — я тут нi пры чым, — а да самога духу экспедыцыi. Я хачу яшчэ раз падкрэслiць, што адмаўляюся адказваць на далейшыя пытаннi.
Старшыня: У цябе ўсё?
Бертан: Усё. Але я хацеў бы сустрэцца з доктарам Месенджарам. Гэта мажлiва?
Старшыня: Вядома».
Так заканчваецца другi пратакол. Унiзе дробным шрыфтам была надрукавана заўвага, у якой паведамлялася, што доктар Месенджар на другi дзень амаль тры гадзiны гаварыў з Бертанам з вока на вока, а затым звярнуўся ў Раду экспедыцыi, дабiваючыся вывучэння паказанняў пiлота. Месенджар сцвярджаў, што на карысць такога вывучэння дадатковыя звесткi, атрыманыя ад Бертана, якiя могуць быць аб’яўлены толькi тады, калi Рада прыме станоўчае рашэнне. Рада ў асобе Шэнагана, Цiмолiса i Трае аднеслася да заявы Месенджара адмоўна, i справа была спынена.
У кнiзе прыводзiлася таксама фотакопiя адной старонкi пiсьма, знойдзенага пасля смерцi Месенджара сярод яго папер. Вiдаць, гэта быў чарнавiк; Равiнцару не ўдалося высветлiць, да чаго прывяло гэтае пiсьмо i цi было яно наогул адпраўлена.
«…iх здзiўляючая тупасць, — так пачынаўся тэкст. — У клопаце пра свой аўтарытэт сябры Рады — а канкрэтна Шэнаган i Цiмолiс (голас Трае не лiчыцца) адхiлiлi мае патрабаваннi. Зараз я звяртаюся непасрэдна ў Iнстытут, але ты ж сам разумееш, што гэта толькi бездапаможны пратэст. Звязаны словам, я не магу, на жаль, перадаць табе, што расказаў мне Бертан. На рашэнне Рады, вядома, мела ўплыў тое, што з такiмi неверагоднымi звесткамi прыйшоў чалавек без вучонай ступенi. А многiя ж даследнiкi маглi б пазайздросцiць цвярозасцi розуму i назiральнасцi гэтага пiлота. Калi ласка, паведамi мне са зваротнай поштай наступнае:
1) бiяграфiю Фехнера з самага дзяцiнства;
2) усё, што табе вядома пра яго сям’ю i сямейныя абставiны; здаецца, у яго засталося малое дзiця;
3) тапаграфiчны план населенага пункта, дзе рос Фехнер.
Мне хацелася б выказаць табе сваё меркаванне пра ўсё гэта. Ты ведаеш, праз нейкi час пасля таго, як Фехнер i Каручы выправiлiся ў палёт, у цэнтры чырвонага сонца з’явiлася пляма, карпускулярнае выпраменьванне якой, згодна з дадзенымi Сатэлоiда, перапынiла радыёсувязь у раёне паўднёвага паўшар’я — там знаходзiлася наша База. З усiх даследчых груп на сама вялiкую адлегласць ад Базы аддалiлiся Фехнер i Каручы.
Такога густога i ўстойлiвага туману пры абсалютным штылi мы не назiралi нi разу за ўвесь час нашай пабыўкi на планеце, аж да самага дня катастрофы.
Я лiчу, што ўсё ўбачанае Бертанам было часткай «аперацыi Чалавек», якую выканала гэтая клейкая пачвара. Сапраўднай крынiцай усiх утварэнняў, якiя заўважыў Бертан, быў Фехнер, яго мозг, над якiм было праведзена незразумелае нам «псiхiчнае ўскрыццё»; у якасцi эксперымента ўзнаўлялiся, рэканструявалiся некаторыя (вiдаць, найбольш устойлiвыя) адбiткi ў яго памяцi.
Ведаю, гэта гучыць як фантастыка; ведаю, я магу памылiцца. Таму i прашу ў цябе дапамогi. Зараз я знаходжуся на Аларыху i там буду чакаць твайго адказу.
Читать дальше