— Хто ведае. А мо ўсё акупiцца, — прамовiў нарэшце. — Бадай, пра Акiян мы не даведаемся нiчога, але, магчыма, пра сябе…
Снаўт павярнуўся, узяў свае паперы i выйшаў. Я хацеў спынiць яго, ужо i рот адкрыў, але не прамовiў нi слова. Рабiць не было чаго; заставалася толькi чакаць. Я падышоў да iлюмiнатара i пазiраў на крывава-чорны Акiян, хоць амаль не бачыў яго. У мяне з’явiлася думка — а мо схавацца ў якой-небудзь ракеце на касмадроме — думка несур’ёзная, нават неразумная: усё адно, рана цi позна мне давялося б выйсцi адтуль. Я сеў каля iлюмiнатара, дастаў кнiгу, якую даў мне Снаўт. Было яшчэ даволi светла. Увесь пакой гарэў чырвоным святлом, старонкi таксама пачырванелi. Кнiга ўяўляла складзены нейкiм Ота Равiнцарам, магiстрам па фiласофii, зборнiк артыкулаў i прац, па праўдзе кажучы, сумнiцельных. Кожную навуку суправаджае якая-небудзь псеўданавука — дзiўнае скажэнне навукi ў галовах пэўнага кола людзей: астралогiя — карыкатура на астраномiю, у хiмii некалi была алхiмiя; зразумела, вядома, што нараджэнне салярыстыкi суправаджалася сапраўдным выбухам вучонасцi дзiвакоў. У кнiзе Равiнцара было менавiта такое псеўданавуковае варыва, ад якога, варта прызнацца, сам складальнiк рашуча адмяжоўваўся ў сваёй прадмове. Ён проста лiчыць, i не без падстаў, што такi зборнiк можа служыць каштоўным дакументам эпохi як для гiсторыкаў, так i для псiхолагаў навукi.
Рапарт Бертана займаў у кнiзе значнае месца. Ён складаўся з некалькiх частак. Спачатку iшлi надта лаканiчныя запiсы ў бартавым журнале.
3 14.00 да 16.40 умоўнага часу экспедыцыi запiсы былi кароткiя i аднастайныя.
Вышыня 1000 — альбо 1200 — альбо 800 метраў — нiчога не заўважана — Акiян пусты.
Запiс паўтараўся некалькi разоў.
16.40: падымаецца чырвоны туман. Бачнасць 700 метраў. Акiян пусты.
17.00: туман згушчаецца, штыль, бачнасць 400 метраў, ёсць праясненнi. Знiжаюся да 200 метраў.
17.20: знаходжуся ў тумане. Вышыня 200 метраў. Бачнасць 20–40 метраў. Штыль. Падымаюся на 400.
17.45: вышыня 500. Суцэльны туман да самага гарызонту. У тумане лейкападобныя адтулiны, праз якiя трохi бачна паверхня Акiяна. У iх нешта адбываецца. Спрабую ўвайсцi ў адну з лейкападобных адтулiн.
17.52: бачу падабенства вiру — ён выкiдае жоўтую пену. Вiр акружае сцяна туману. Вышыня 100. Знiжаюся да 20.
На гэтым канчаўся бартавы журнал Бертана. Працяг так званага рапарта складалi вытрымкi з гiсторыi хваробы, а больш дакладна — тэкст паказанняў Бертана i пытаннi сябраў камiсii.
«Бертан: Калi я знiзiўся на трыццаць метраў, трымацца на такой вышынi стала цяжка, бо ў круглым, вольным ад туману прасвеце дзьмуў парывiсты вецер. Мне давялося ўважлiва сачыць за кiраваннем, таму я нейкi час — хвiлiн 10 або 15 — не выглядваў з кабiны. У вынiку я, сам таго не жадаючы, увайшоў у туман, мяне загнаў туды моцны парыў ветру. Гэта быў не звычайны туман, а нешта накшталт калоiднай суспензii: усе вокны былi зацягнуты ёй. Iх было вельмi цяжка ачысцiць. Суспензiя вельмi лiпучая. Тым часам у вынiку супрацiўлення таго, што я называю туманам, абароты вiнта зменшылiся адсоткаў на трыццаць, i я пачаў губляць вышыню. Ляцеў зусiм нiзка i баяўся, каб не капатаваць на хвалю, таму даў поўны газ. Машына перастала знiжацца, але вышынi не набiрала. У мяне заставалася яшчэ чатыры патроны ракетных паскаральнiкаў. Я не скарыстаў iх, бо лiчыў, што сiтуацыя можа ўскладнiцца i яны мне яшчэ спатрэбяцца. На поўных абаротах узнiкла вельмi моцная вiбрацыя, вiдаць, незвычайная суспензiя абляпiла вiнт, аднак стрэлка замеру вышынi па-ранейшаму стаяла на нулi, i я нiчога не мог зрабiць. Сонца я не бачыў з той хвiлiны, як увайшоў у туман, але там, дзе яно павiнна было знаходзiцца, туман чырвона свяцiўся. Я рабiў кругi, спадзеючыся ў рэшце рэшт выйсцi ў прасвет, свабодны ад туману, i сапраўды, прыкладна праз паўгадзiны мне гэта ўдалося. Я апынуўся на чыстым участку ў форме амаль што правiльнага круга дыяметра некалькi соцень метраў, вакол якога клубiўся туман, быццам там былi моцныя паветраныя струменi. Таму я iмкнуўся, як гэта дазвалялi абставiны, трымацца ў цэнтры «дзiркi»: там было цiшэй. Я заўважыў, што паверхня Акiяна змянiлася. Хвалi амаль знiклi, а верхнi слой вадкасцi, з якой складаецца Акiян, стаў напалову празрыстым, з дымчатымi плямамi. Яны паступова знiкалi. Неўзабаве верхнi слой стаў зусiм празрыстым, i праз яго тоўшчу, якая мела некалькi метраў, я мог зазiрнуць углыбiню. Там збiралася нешта накшталт жоўтай каламуцi, якая тонкiмi вертыкальнымi струменямi падымалася ўгору; калi яна ўсплывала на паверхню, то гэтая субстанцыя пачынала блiшчаць, бурлiла, пенiлася i застывала, нагадваючы густы падгарэлы цукровы сiроп. Гэтае рэчыва — цi то гразь, цi то слiзь — утварала патаўшчэннi, нарасты на паверхнi, якiя былi падобны на каляровую капусту, i паступова прымала сама разнастайныя формы. Мяне пачало зносiць у туман, я мусiў заняцца вiнтом i рулём, а калi праз некалькi хвiлiн выглянуў, то ўбачыў унiзе нешта накшталт саду. Так, накшталт саду. Я бачыў карлiкавыя дрэвы, жывы плот, сцяжынкi — не сапраўдныя, а з таго ж самага рэчыва, якое, калi зусiм застыла, нагадвала жаўтлявы гiпс. Так гэта выглядала; уся паверхня iльснiлася, я апусцiўся, як толькi здолеў, каб дасканала ўсё гэта агледзець.
Читать дальше