Снаўт хiхiкнуў, нiбыта меў асалоду ад маёй разгубленасцi, але адразу ж стаў сур’ёзны.
— Не, не, — прамармытаў ён, — i так хапае ўсяго, аж занадта… Вiдаць, адрозненняў значна больш, але я ведаю адно: i мяне i цябе можна забiць.
— А iх нельга?
— Нават не спрабуй. Страшны малюнак!
— Нiчым?
— Не ведаю. Ва ўсякiм выпадку iх нельга нi атруцiць, нi зарэзаць, нi задушыць…
— А калi атамным раскiдальнiкам прамянёў?
— А ты здолеў бы?
— Не ведаю. Калi лiчыць, што яны не людзi…
— У пэўным сэнсе яны людзi. Суб’ектыўна яны людзi. Яны не разумеюць сэнсу… свайго… паходжання. Ты, вiдаць, заўважыў гэта?
— Так, заўважыў. Але… якi гэта мае выгляд?
— Яны рэгенеруюць у неверагодным тэмпе. У немажлiвым тэмпе, проста на вачах, павер мне, i зноў пачынаюць паводзiць сябе як… як…
— Як?
— Як iх вобразы, якiя жывуць у нашай памяцi, на аснове якой…
— Так, гэта праўда, — згадзiўся я.
На маiх абгарэлых шчоках раставала мазь i капала на рукi. Я не звяртаў на гэта ўвагi.
— А Гiбарыян ведаў?.. — нечакана спытаўся я.
Снаўт зiрнуў на мяне ўважлiва.
— Цi ведаў ён тое, што i мы?
— Ага.
— Я амаль што ўпэўнены.
— Адкуль ты ведаеш? Ён табе казаў?
— Не. Але я знайшоў у яго адну кнiгу…
— «Малы Апокрыф»?! — закрычаў я i сарваўся з месца.
— Так. А адкуль ты ведаеш? — занепакоена спытаўся Снаўт i вылупiўся на мяне.
Я адмоўна пакiваў галавой.
— Не хвалюйся. Ты ж бачыш, што я апечаны i зусiм не рэгенерую, — супакоiў я. — Ведаеш, ён пакiнуў мне пiсьмо. Яно было ў кабiне.
— Гэта праўда?! Пiсьмо? Што ў iм напiсана?
— Не надта шмат. Гэта хутчэй запiска, а не пiсьмо. Бiблiяграфiчная даведка да «Салярыстычнага дадатку» i да гэтага «Апокрыфа». Што гэта такое?
— Даўняя гiсторыя. Мо яна нам што-небудзь дасць. Трымай.
Снаўт дастаў з кiшэнi тоненькую кнiгу ў скураным пераплёце з патрапанымi вугалкамi i працягнуў мне.
— А Сарторыус?.. — спытаўся я, хаваючы кнiгу.
— Што Сарторыус? У такой сiтуацыi кожны паводзiць сябе як… умее. Ён iмкнецца трымацца нармальна, для яго гэта азначае — афiцыйна.
— Ну, ты ведаеш!
— Але ж гэта так. Я аднойчы трапiў з iм у сiтуацыю, падрабязнасцi якой не маюць асаблiвага значэння, дастаткова сказаць, што ў нас на восем чалавек засталося пяцьсот кiлаграмаў кiслароду. Адзiн за адным пакiдалi мы свае звыклыя штодзённыя заняткi, у рэшце рэшт мы ўсе хадзiлi няголеныя, толькi ён галiўся, чысцiў туфлi. Такi ўжо ён чалавек. Вядома, што б зараз нi зрабiў Сарторыус, усё будзе або прытворствам, або камедыяй, або злачынствам.
— Злачынствам?
— Ну няхай не злачынствам. Можна прыдумаць якое-небудзь iншае слова. Напрыклад, «рэактыўны развод». Падабаецца?
— Ты вельмi дасцiпны, — прамовiў я.
— А ты хацеў, каб я плакаў? Прапануй што-небудзь сам.
— Ат, не чапай ты мяне.
— Не, я сур’ёзна: ты ведаеш цяпер амаль тое, што i я. У цябе ёсць якi-небудзь план?
— Якi там план? Я не ўяўляю, што буду рабiць, калi… зноў з’явiцца. Павiнна ж з’явiцца?
— Вiдаць, павiнна.
— А як яны трапляюць на Станцыю, Станцыя ж зачынена герметычна? А мо абшыўка…
Снаўт пакруцiў галавой.
— Справа не ў абшыўцы. Не маю паняцця як. Часцей госцi з’яўляюцца, калi прачынаешся, але ж час ад часу трэба i паспаць.
— А калi замкнуцца?
— Дапамагае не вельмi доўга. Ёсць iншыя спосабы… сам ведаеш якiя.
Снаўт устаў. Я таксама.
— Паслухай, Снаўт… Ты гатовы лiквiдаваць Станцыю, але хочаш, каб такая прапанова зыходзiла ад мяне?
Снаўт пакруцiў галавой:
— Усё не так проста. Вядома, мы заўсёды можам уцячы, хоць бы на Сатэлоiд, i адтуль падаць сiгнал SOS. Нас палiчаць, вядома, вар’ятамi — якi-небудзь санаторый на Зямлi, аж да той пары, пакуль усе мы спакойна не адмовiмся ад сваiх слоў, - бо здараюцца ж выпадкi масавага псiхозу на гэткiх iзаляваных участках… Гэта было б не сама горшае. Сад, цiшыня, белыя пакоi, прагулкi з санiтарамi…
Снаўт гаварыў надзвычай сур’ёзна, трымаючы рукi ў кiшэнях, уперыўшыся невiдушчымi вачыма ў кут. Чырвонае сонца ўжо схавалася за гарызонтам, i грывастыя хвалi Акiяна пераплавiлiся ў чарнiльную пустыню. Неба палымнела. Над гэтым двухколерным, невыразна змрочным пейзажам плылi воблакi з лiловымi берагамi.
— Ты хочаш уцячы? Хочаш? Цi пакуль што не?
Снаўт усмiхнуўся:
— Нязломны заваёўнiк… ты яшчэ не ўсё пакаштаваў, iначай ты не прыставаў бы. Справа не ў тым, чаго я хачу, а ў тым, якая ёсць магчымасць.
— Якая магчымасць?
— Не ведаю.
— Значыць, застаёмся тут? Ты думаеш, мы знойдзем спосаб…
Снаўт зiрнуў на мяне, хударлявы, з маршчынiстым тварам, на якiм лушчылася скура.
Читать дальше