— Гэта надыходзiць дзень? — цiха спыталася яна.
Усё было нiбыта i наяве, нiбыта i ў сне.
— Тут заўсёды так, каханая.
— А мы?
— Што мы?
— Мы доўга будзем тут?
Мне стала смешна. Але невыразны гук, якi вырваўся з маiх грудзей, быў мала падобны на смех.
— Я думаю, даволi доўга. Ты не хочаш?
Яна, не мiргаючы, уважлiва пазiрала на мяне. А цi мiргае яна ўвогуле? Я не ведаў. Хэры пацягнула коўдру, i на яе руцэ заружавелася маленькая трохкутная плямка.
— Чаго ты так пазiраеш?
— Ты прыгожая.
Хэры ўсмiхнулася. Але гэта была толькi ветлiвасць, адказ на мой камплiмент.
— Праўда? А ты глядзiш так, нiбыта… нiбыта…
— Што?
— Нiбыта нешта шукаеш.
— Ну ты i выдумала.
— Не, ты не шукаеш, а думаеш, што са мной нешта адбылося або я табе ў нечым не прызналася.
— Што ты, Хэры!
— Калi ты апраўдваешся, значыць, гэта праўда. Як хочаш!
За палаючымi шыбамi нараджалася мёртвая блакiтная гарачыня. Засланяючы вочы рукой, я пашукаў акуляры. Яны ляжалi на стале. Стаўшы на каленi, я начапiў акуляры i ўбачыў у люстэрку адлюстраванне Хэры. Яна чакала. Калi я зноў сеў побач, Хэры ўсмiхнулася:
— А мне?
Я не адразу зразумеў.
— Акуляры?
Я падняўся i пачаў шукаць у шуфлядах, на столiку ля акна. Знайшоў двое акуляраў, яны былi надта вялiкiя, i падаў Хэры. Яна прымерала адны, пасля другiя. Акуляры звальвалiся ёй на нос.
З працяглым скрыгатаннем папаўзлi засланкi, закрываючы iлюмiнатары. Праз хвiлiну на Станцыi, якая, як чарапаха, схавалася ў свой панцыр, наступiла ноч. Вобмацкам я зняў з Хэры акуляры i разам са сваiмi паклаў пад ложак.
— Што мы будзем рабiць? — спыталася Хэры.
— Тое, што робяць ноччу: спаць.
— Крыс!
— Што?
— Мо зрабiць табе новы кампрэс?
— Не, не трэба. Не трэба… каханая.
Гаворачы так, я i сам не разумеў, прытвараюся я цi не. У цемры я абняў яе худыя плечы, адчуваючы iх трымценне, i раптам паверыў, што гэта Хэры. Зрэшты, не ведаю. Раптам мне падалося — падманваю я, а не яна. Хэры такая, як ёсць.
Пасля я некалькi разоў засынаў, уздрыгваючы, прачынаўся, шалёна грукала сэрца, якое паступова супакойвалася. Смяротна стомлены, я прыцiскаў да сябе Хэры. А яна надзвычай асцярожна датыкалася да майго твару, мацала лоб, правяраючы, цi няма ў мяне гарачкi. Гэта была Хэры. I iншай, больш рэальнай, не магло быць.
Ад гэтай думкi ў мяне нешта змянiлася, я супакоiўся i амаль адразу заснуў.
Мяне разбудзiў далiкатны дотык. Мой лоб адчуў прыемны халадок. Твар быў накрыты нечым вiльготным i мяккiм, затым гэтае мяккае паволi паднялося, i я ўбачыў схiленую Хэры. Абедзвюма рукамi яна выцiскала над мiсачкай з парцэляны марлю. Побач стаяў флакон з вадкасцю ад апёкаў. Хэры ўсмiхнулася.
— Ну ты i спiш, — прамовiла яна, зноў кладучы марлю. — Табе балiць?
— Не.
Я зморшчыў лоб. Сапраўды, апёк не адчуваўся. Хэры сядзела на краi ложка, захiнутая ў мужчынскi купальны халат, белы з ружовымi палосамi; яе чорныя валасы рассыпалiся па каўняры. Яна высока, аж да локцяў, закасала рукавы, каб яны не замiналi. Мне страшна хацелася есцi, бадай што дваццаць гадзiн я нiчога не еў. Калi Хэры зняла з майго твару кампрэс, я ўстаў i ўбачыў дзве сукенкi, якiя ляжалi побач i былi цалкам аднолькавыя — белыя з чырвонымi гузiкамi, адна, якую я дапамог ёй зняць, разрэзаўшы, i другая, у якой яна прыйшла ўчора. На гэты раз яна сама распарола нажнiцамi швы, сказаўшы, што зашпiлька, вiдаць, зламалася.
Гэтыя аднолькавыя сукенкi былi сама страшным з усяго, што я перажыў дасюль. Хэры капалася ў шкапчыку з лекамi, наводзiла там парадак. Я непрыкметна адвярнуўся i да крывi ўкусiў сваю руку. Не зводзячы вачэй з сукенак, дакладней, з аднае, паўторанай двойчы, я пачаў адсоўвацца да дзвярэй. Вада па-ранейшаму шумна лiлася з крана. Я адчынiў дзверы, цiхенька выслiзнуў на калiдор i асцярожна зачынiў iх. Я чуў прыглушанае бульканне вады i звон шкла. Нечакана ўсё сцiхла. Калiдор асвятляўся даўгаватымi лямпамi на столi, невыразная пляма адлюстраванага святла ляжала на дзвярах, ля якiх я чакаў, сцiснуўшы зубы. Я схапiўся за клямку, хоць не меў надзеi ўтрымаць яе. Рэзкi рывок ледзь не вырваў клямку з маiх рук, але дзверы не адчынiлiся, а толькi закалацiлiся, пачуўся аглушальны трэск. Здзiўлены, я выпусцiў клямку i адсунуўся — з дзвярыма адбывалася нешта неверагоднае: iх гладкая пластыкавая плiта выгiналася, нiбыта з майго боку яе пхалi ўнутр пакоя. Эмаль адлушчвалася маленькiмi кавалачкамi, вызваляючы стальны вушак, якi напружваўся ўсё мацней. Я зразумеў: Хэры цягне дзверы да сябе, а яны ж адчыняюцца ў калiдор. Святло адлюстравалася на белай плоскасцi, як ва ўвагнутым люстэрку; пачуўся моцны трэск, i плiта, выгнуўшыся, трэснула. Адначасова клямка, вырваная з гнязда, уляцела ў пакой. У праломе паказалiся акрываўленыя рукi, пакiдаючы чырвоныя сляды на лакiраванай паверхнi дзвярэй, яны цягнулiся да мяне — дзверы разламалiся на дзве палавiны i трымалiся толькi на завесах; бела-ружовы прывiд з мёртва-бледным тварам кiнуўся мне на грудзi, заходзячыся ад слёз.
Читать дальше