— За што прасiць у вас прабачэння? За тое, што, замест таго каб прыняць мяне i шчыра расказаць пра ўсё, што тут адбываецца, вы замыкаецеся i ладуеце барыкады ў лабараторыi?! Вы што, з глузду з’ехалi?! Хто вы? Вучоны альбо нiкчэмны баязлiвец?! Хто? Адказвайце!
Не помню, што яшчэ я крычаў, але ён нават не здрыгануўся. Па яго бледнай порыстай скуры кацiлiся буйныя кроплi поту. Раптам я зразумеў: ён наогул мяне не слухае! З усяе сiлы ён абедзвюма рукамi за спiнай стараўся трымаць дзверы, якiя ледзь прыкметна дрыжалi — на iх нацiскалi з другога боку.
— Прашу… вас… адысцiся… — прастагнаў ён раптам дзiўным пiсклявым голасам. — Прашу вас… Хрыстом Богам прашу… iдзiце… iдзiце ўнiз… я прыйду, прыйду i зраблю ўсё, што вы захочаце, толькi iдзiце!!!
У яго голасе было столькi пакуты, што я мiжволi падняў руку, каб дапамагчы яму ўтрымаць дзверы, бо гэта было для яго найважнейшым. Але тады ён нема закрычаў, нiбыта я замахнуўся на яго нажом. Я пачаў адступацца, а ён усё крычаў фальцэтам: «Iдзi! Iдзi!» — i пасля: «Я хутка вярнуся! Хутка вярнуся! Ужо вяртаюся!!! Не! Не!!!»
Ён прачынiў дзверы i кiнуўся ў лабараторыю. Мне здалося, што на ўзроўнi яго грудзей мiльганула нешта залацiстае, нейкi блiскучы дыск, з лабараторыi чуўся глухi шум. Штора адляцела ўбок, высокi цень мiльгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, i больш нiчога не было вiдаць. Што там адбываецца?! Затупалi ногi, зазвiнела разбiтае шкло, шалёная беганiна спынiлася, i я пачуў гучны дзiцячы смех…
Мае ногi трымцелi; я круцiў галавой ва ўсе бакi. Усё сцiхла. Я ўсеўся на нiзкi пластыкавы падаконнiк. Сядзеў хвiлiн пятнаццаць. Не ведаю, цi я чакаў каго, цi проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьцi ўгары нешта працяжна заскрыгатала, i адначасова стала святлей.
З майго месца была вiдаць толькi частка калiдора, якi iшоў вакол лабараторыi. Лабараторыя знаходзiлася на сама верхнiм ярусе Станцыi, проста пад абшыўкай, таму сцены калiдора былi ўвагнутыя i нахiльныя, iлюмiнатары, размешчаныя праз некалькi метраў адзiн ад аднаго, нагадвалi амбразуры; вонкавыя засланкi на iх у гэты час падымалiся. Блакiтны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула слiпучае ззянне. Кожная нiкеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелi, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю — гэта вялiзная плiта з непалiраванага шкла — успыхнула блакiтным полымем. Я зiрнуў на свае рукi, складзеныя на каленях, — у прывiдным святле яны здавалiся шэрымi. У правай трымаў газавы пiсталет, я нават не ведаў, калi i як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкiдальнiк прамянёў, ды i навошта ён? Развалiць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?
Я ўстаў. Сонечны дыск падаў у Акiян i нагадваў вадародны выбух. Гарызантальны пук прамянёў, амаль матэрыяльных, дакрануўся да маёй шчакi (я ўжо сыходзiў па прыступках) i абпалiў як расплаўленым металам.
На палове сходаў я перадумаў i вярнуўся назад. Абышоў вакол лабараторыi. Як я ўжо казаў, калiдор агiнаў яе; крокаў праз сто я апынуўся па той бок, насупраць такiх жа шкляных дзвярэй. Адчынiць iх я нават не спрабаваў, добра ведаючы, што яны замкнутыя.
Я шукаў акенца альбо хоць якую-небудзь шчылiну ў пластмасавай сцяне; я не лiчыў некарэктным падглядваць за Сарторыусам. Мне надакучылi здагадкi, я хацеў ведаць праўду, хоць нават не ўяўляў, цi здолею яе зразумець.
Я ўспомнiў, што святло ў лабараторыю трапляе праз iлюмiнатары ў столi, гэта значыць у верхняй абшыўцы, i калi я выберуся вонкi, то, мажлiва, здолею зазiрнуць унiз. Для гэтага трэба было спусцiцца, каб захапiць скафандр i кiслародны апарат. Спынiўшыся ля трапа, я разважаў, цi варта аўчынка выдзелкi. Зусiм верагодна, што ў верхнiх iлюмiнатарах шкло матавае. Але што яшчэ прыдумаць? Я спусцiўся на сярэднi ярус. Трэба было прайсцi мiма радыёстанцыi. Яе дзверы былi шырока адчынены. Снаўт сядзеў у крэсле ў той жа позе, у якой я яго пакiнуў. Спаў. Ад маiх крокаў ён здрыгануўся i расплюшчыў вочы.
— Алё, Кельвiн! — азваўся ён хрыпла.
Я прамаўчаў.
— Ну што, ты даведаўся што-небудзь? — спытаўся Снаўт.
— Бадай што так, — адказаў я. — Ён не адзiн.
Снаўт скрывiўся:
— Вось бачыш. Гэта ўжо нешта значыць. Дык у яго нехта ў гасцях?
— Не разумею, чаму вы не хочаце растлумачыць, што гэта такое, — зазначыў я знарочыста абыякава. — Бо калi я застаюся тут, то рана цi позна пра ўсё даведаюся. Навошта такая таямнiчасць?
— Зразумееш, калi да цябе самога з’явяцца госцi, — сказаў Снаўт.
Мне падалося, што ён некага чакае i не вельмi хоча размаўляць.
Читать дальше