Ён добра ведаў, што Насаты нiколi не выпраўляецца ў дарогу адзiн, заўсёды ахоўваюць ягоную асобу дзесяткi, сотнi лучнiкаў, якiя непрыкметна, як стэпавыя лiсiцы, шнуруюць у кустоўi ўздоўж дарогi. Так i ёсць — вунь памiж зелянiны мiльгануў пляскаты шлем, начэрнены смалой, каб не блiшчэў на сонцы. Вунь другi, трэцi… Карпук бяссiльна скрыгануў зубамi.
Тым часам Насаты быў у самым лагодным настроi, быў у гуморы. Гледзячы зверху ўнiз на маладых дулебак, на "сваiх кабылачак", як ён iх называў, обр казаў:
— Дзе ж вашы мужчыны, вашы абаронцы! А-я-яй, кiнулi такiх прыгожых, такiх смачненькiх. Ды цi былi памiж дулебаў мужчыны?
— Яны ёсць! — раздаўся раптам пранiзлiвы крык, ад якога ўсе ўздрыгнулi.
Крокаў за дзесяць паперадзе арбы заварушыўся, паплыў ва ўсе бакi жоўты пясок на дарозе. З гэтага пяску, з ямiны, у якой хаваўся, чакаючы свайго часу, выскачыў Карпукоў адналетак — русавалосы Снягур з блiскучым двухручным мячом. А Карпук думаў, што ён разам з многiмi дулебамi згарэў у тым вогнiшчы, дзе обры спалiлi палонных.
Пясок цёк у Снягура па валасах, па плячах. Рот быў разарваны жахлiвым крыкам. Снягур бег насустрач Насатаму, пагрозна сцiскаючы меч.
("Перадсмяротная малiтва дулебаў", — сказаў раптам нейчы голас, i Гай Дубровiч пачуў цiхае стоенае галашэнне: "Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, чаму караеш самых мiрных i самых працавiтых? Цi адальюцца калi-небудзь слёзы дулебаў? Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, утапi на тым свеце нашых мучыцеляў у нашых слязах. Разарвi iм вушы i сэрцы нашым плачам бясконцым. Няхай замест хлеба грызуць свае шаблi i бiзуны".)
Ахова, якая iшла паабапал дарогi, заўважыла Снягура адразу ж. Обры з гiканнем ускiнулi лукi, пусцiлi свае страшныя доўгiя стрэлы. Некалькi стрэл прабiлi Снягуру грудзi, адна ўпiлася ў правую нагу. Але ён, хрыпучы, дабег да арбы, секануў мячом i ўпаў, аблiўшыся крывёю. Насаты не паспеў выхапiць з-за пояса кiнжал. Ён толькi крутнуўся ўсiм целам i гэтым выратаваў сваю галаву. Снегураў меч, цяжка свiснуўшы, адсек яму нос. Насаты ("Бязносы!" радасна крыкнулi дулебкi i рынулiся ад арбы ва ўсе бакi) схапiўся рукамi за скрываўлены твар, пачаў енчыць ад болю.
— Уцякайце! — вытыркнуўшыся са сваёй схованкi, крычаў дзяўчатам Карпук. — Ратуйцеся!
Ды обры забiлi ўсiх. Якую ўзяла шабля, якую дагнала страла. З глухiм стогнам упаў Карпук у елачкi, абадраў сабе шчокi, залiўся няўцешным плачам. Калi ж узняў галаву, убачыў над сабой стэпавiкоў. Са звязанымi рукамi, з арканам, якi да жаўцiзны ў вачах перацiскаў шыю, пабег ён за канём у родную весь.
— Апошнi дулеб? — здзiвiўся Бязносы, седзячы на мяккiх вышываных падушках у святлiцы князя Вастрагляда. — Адзiны?
— Адзiны, — смела адказаў Карпук, — як адзiны быў у цябе нос.
— А-а-а! — люта крыкнуў обр, ускочыў з падушак, цвёрдым наском скуранога бота з усяе сiлы ўдарыў Карпука ў жывот.
Потым Карпука адлiлi вадой, падцягнулi да акна, i Бязносы, пырскаючы слiнай, закрычаў:
— Глядзi, сабака, на двор! Бачыш вунь тыя шасты?! Ведаеш, што на iх вiсiць, што сушыцца?! Шкуры дулебак, якiя хацелi збегчы ад мяне!
I ён, чырванеючы вачамi, зарагатаў. Як па камандзе зарагаталi ўсе прысутныя обры.
Яны смяялiся, а Карпук, кусаючы губы, ломячы пальцы рук, глядзеў на светлую дзявочую скуру, злупленую з цела разам з густымi доўгiмi валасамi. Вунь, як вячэрняя зара, палымнеюць на шасце прыгожыя медныя валасы. Трыснята!
— Апошнi дулеб, — казаў мiж тым Бязносы, пiльна пазiраючы на Карпука. Я не забiваю апошнiх. Жывi. Дыхай. Чарвякам хапае месца там, дзе пасвяцца крылатыя стэпавыя жарабкi. Жывi. Старайся не патрапiць пад бязлiтасны капыт. Але на табе абарвецца род дулебаў, i, як нiкчэмная восеньская павуцiна, назаўсёды знiкнуць яны.
Павярнуўшыся да аховы, Бязносы загадаў:
— Кастрыраваць яго i выкiнуць у поле!
("Цi не занадта жорсткi эксперымент? — спытаў нехта з людзей доктара Метэора. Голас гучаў як з-пад зямлi".
"Боль павiнен лячыцца болем, — адказаў сам доктар. — Толькi праз пакуты ўсе мы знаходзiм радасць — i людзi, i народы".)
Як бяздворны сабака, Карпук жыў у ельнiку. Еў ягады, арэхi, кiслую заечую капусту. У лясным ручаi лавiў рыбу, вялiў яе на сонцы. Кожную ноч снiлiся не обры i нават не Трыснята, а забiтыя волаты, асаблiва iхнi малы. Снiлася, як ён бязгучна плакаў у той час, калi Чацвяртак пераразаў касой яму горла.
Жыццё страцiла ўсялякi сэнс. Ён быў ужо не чалавекам, а паловай, нават трэцяй часткай чалавека, мужчыны. Пасля сябе на зямлi ён нiкога не мог пакiнуць, i зараз у яго нiкога не было, толькi ягоны цень.
Але аднойчы ўпершыню прыснiўся сон не пра волатаў. Устаў над Карпуком, як жытнёвы колас, малодшы брат князя Вастрагляда князь Клён (Клён!!!), сказаў:
Читать дальше