— Адзiны, цябе клiчуць да тэлефона, — сказала Бярозка, якая гэтымi журботнымi днямi насiла чорную сукенку, нiкуды не выходзiла i адчувала цiхую нянавiсць да ўсiх шумных натоўпаў — там сын у лапах невядомай пачвары, а яны вiшчаць, гарлапаняць, патрабуюць даць сыну найвышэйшую ўзнагароду планеты. Ды рассыпся прахам гэтая ўзнагарода — абы сын быў жывы i здаровы, быў побач.
Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асаблiва незнаёмы голас, мог прынесцi нечаканы боль, жахлiвую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, i было адчуванне, быццам яго праз некалькi хвiлiн кiнуць у кiпецень.
— Спадар Гай Дубровiч, — рашуча сказала трубка, — вам тэлефануе маёр рэспублiканскай гвардыi Хвалiбог. Якi ў вас крывяны цiск i што вы бачылi ў апошнiм сне?
"Ну й людзi! Божа, — аж застагнаў у думках Гай, — ведаюць, што нелады з сынам, i цiкавяцца, цi добрае самаадчуванне ў ягонага бацькi. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалi трохпавярховым матам". Але давялося, як i належыць чалавеку ВЭП, пачцiва адказваць на пытанне.
— Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкiна i тэлефаную вам, — напорыста казаў невядомы Гаю маёр. — Атрад касмадэсантнiкаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкi на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзiрам гэтага атрада. Я — чалавек дзеяння. Гэта не прымiтыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровiч, што ваш сын здаровы i непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца i Кiсларод!
На тым канцы запiкалi кароткiя гудкi. "Лаканiчны чалавек. Добры чалавек", — падумаў Гай.
А праз нейкую гадзiну пазванiў Метэор i па старой дружбе запрасiў у Дом Пераўтварэнняў.
— Для вас у мяне маецца навiнка, — сказаў доктар.
Гай адразу ж згадзiўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогi, якая магла скончыцца дэпрэсiяй.
На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялi яго ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явiўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.
— Вiтаю вас, глыбокашаноўны спадар Дубровiч, i прыношу свае шчырыя спачуваннi, — мякка i журботна сказаў доктар Метэор. — Я, як i ўсе зямляне, упэўнены, што ваш сын неўзабаве прыляцiць дадому i ўсе мы, вашы i ягоныя сябры, зможам абняць Клёна. Дзякуй вам i спадарынi Бярозцы, што выгадавалi патрыёта Зямлi. Я ведаю — вам цяжка. I каб скiнуць гэты цяжар, прапаную паўдзельнiчаць у абсалютна новым цыкле пераўтварэнняў.
— Я згодны, — адразу кiўнуў галавой Гай.
— Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым iдзе размова. Паўтараю — гэта зусiм новы, нi на кiм з добраахвотнiкаў не апрабаваны цыкл, i могуць адбыцца нечаканасцi, збоi ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калi казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.
— Нiколi не хварэў калумбiнiзмам, — зморшчыўся Гай, — але згодны ўдзельнiчаць у пераўтварэннi. Давайце пачынаць.
Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыi. Маўклiвыя робаты (дарэчы, iм строга забаронена размаўляць з людзьмi, за парушэнне — кавальскi прэс) панеслi Дуброзiча па вузкiм чорным калiдоры, потым пасадзiлi ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугi, цемра падступiла да вачэй.
…Ён ляжаў у маладым густым ельнiку i пiльна, не адводзячы вачэй, сачыў за тым, што дзеецца на дарозе. Гэтая дарога, слаба раз'езджаная i слаба растаптаная, ужо амаль зарослая травой, выбягала з-за ўзгорка, спускалася ў балоцiстую лагчыну, чаплялася за ўскраек лесу, дзе ён хаваўся, i знiкала ў шырокiм полi. За ўзгоркам была ягоная весь, ягоная беласценная хатка з чаратовай калючай страхой. Была, калi яе дагэтуль не спалiлi обры або не разламалi на бiлы i аглоблi для сваiх вялiзных скрыпучых арбаў. Ён ляжаў, затаiўшыся, нiбы звер, у нiзкарослым ельнiку, якi толькi што зацвiў ярка-жоўтымi, мяккiмi, вельмi прыгожымi шышачкамi. Ён чакаў.
У яго была як бы падвойная, напластаваная адной палавiнай на другую, свядомасць. Ён разумеў, што ён Гай Дубровiч, гiсторык, што ў яго ёсць любiмая жонка Бярозка i любiмы сын Клён, што ён жыве ў горадзе Менску i што зараз на вулiцы 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму. I ў той жа час востра, да звону ў скронях, ён адчуваў сябе маладым дваццацiдвухгадовым воем Карпуком са славянскага племенi дулебаў. У яго быў бацька Красамiр, мацi Няжыла, пяцёра братоў, усе маладзейшыя, i зеленавокая меднавалосая каханка Трыснята. Ён, Карпук, умеў з самага маленства араць зямлю, засяваць узараную нiву, касiць, пiлаваць i калоць дровы, рабiць цэглу, гнуць палазы, дугi, выразаць з мяккага дрэва вёдры, лыжкi, зубы для грабляў, лавiць рыбу, абкурваць горкiм дымам дзiкiх пчол i забiраць iхнi мёд, бiць камень, гнаць смалу, драць лыка. Яшчэ ён умеў лавiць у сiлкi птушак i падрабляць птушыныя галасы, гартаваць у чорнай кузнi меч, iграць на жалейцы, спыняць кроў, калi яна хвошча са свежай раны, малiцца Сварогу i Перуну, цалаваць дзяўчат i асаблiва Трысняту. Ён шмат што ўмеў, бо быў, як здагадваўся сам, братам Ветру i Грому, Ваўку i Вужу. Iхняя весь мясцiлася на высокай надрэчнай выспе, абгароджанай шчыльным дубовым частаколлем. Вясною амаль да самых хат падступала, падыходзiла рака, плылi крыгi, карчы, жмуты бурай саломы. Потым падсыхала зямля, цямнелi, налiвалiся гневам воблакi, ярасна глядзела з нябёсаў слiпучае сонца — пачынаўся Час Навальнiц. На зыходзе асаблiва спякотнага дня рабiлася душна i глуха, замiралi трава i лiстота, з разяўленых пашчаў выкiдвалi чырвоныя доўгiя языкi сабакi, ластаўкi трывожна ляпiлiся да самай-самай зямлi. I вось бухаў гром, расколваючы суровае чорнае неба. Маланка залiвала жоўтым святлом зямныя i нябесныя абшары.
Читать дальше