Сапраўды, ці не дзіўнае, ці не фенаменальнае такое пераўвасабленне, ці магчыма такое наогул, бо і нацыянальная псіхалогія, і склад мыслення, і пачуццё мовы — гэта тое, што даецца як бы ад нараджэння, як бы з малаком маткі. «Паветра, вада і хлеб Францыі ўзрасцілі яго цела, рытмам французскай гаворкі былі прасякнуты ўсе яго пачуцці і памкненні, пакуль ён не ператварыўся ў падлетка. I толькі тады, у чатырнаццацігадовым узросце, прыехаў ён да нас». I, значыцца, новае асяроддзе, новая моўная стыхія цалкам выцеснілі з яго свядомасці, з яго душы ўсё, што даецца чалавеку адзін раз і як бы назаўсёды? Не, усё, мусіць, было не так проста, Томас Ман піша, што Шамісо доўга не адважваўся лічыць сябе нямецкім паэтам, доўга вагаўся паверыць у сябе як нямецкага паэта. Нават у сорак пяць год ён не лічыў сябе ім. «Ён так ніколі і не навучыўся шпарка гаварыць на нашай мове. Ён лічыў па-французску. Расказваюць, што да апошніх дзён свайго жыцця ён выказваў самому сабе ўслых на французскай мове свае задумы, перш чым яны выліваліся ў вершы, і аднак тое, што выходзіла з-пад ягонага пяра, было класічнай нямецкай паэзіяй». «Гэта дзіўна, — зазначае далей Томас Ман, — не, гэта нават недаступна разуменню». I Томас Ман не імкнецца якім-небудзь пэўным чынам вытлумачыць гэты феномен. Ён нават схільны думаць, што Шамісо меў права лічыць, што, каб была на тое воля лёсу, ён гэтак жа знайшоў бы прыстанішча ў любой іншай краіне, як знайшоў яго ў Германіі. Бо ці не сам жа, маўляў, Шамісо выказваўся наконт таго, што ён вынайшаў у сабе здольнасць «усюды аднолькава адчуваць сябе як дома». Тут як бы нейкая універсальная духоўная субстанцыя, якая набывае рэальнасць праз пэўнае асяроддзе, а якое — не так і важна.
Не так і важна, мусіць, было вытлумачваць феномен Шамісо і самому Томасу Ману. Гэта зразумела. Шамісо належаў нацыям, якія былі прыблізна на аднолькавай ступені гістарычнага, культурнага і грамадскага развіцця. I Францыя, і Германія маглі мець патрэбу ў Шамісо ў аднолькавай ступені. I калі ён стаў нямецкім паэтам, дык тут сапраўды, мусіць, толькі воля лёсу. Томас Ман не мог, ды і не меў патрэбы надаваць гісторыі Шамісо ні сацыяльнага, ні нацыянальнага значэння. Яго цікавіў феномен сам па сабе.
Нам гісторыя Шамісо трэба для другога.
Ёсць многа прыкладаў, калі асоба, узрошчаная духам аднаго народа, яго побытам, паветрам яго зямлі, яго песнямі, прылучаецца да духоўнага жыцця іншага народа і часам займае ў ім адно з самых выдатных месц. Ёсць прыклады, якія патрабуюць не проста разгляду іх як фенаменальных, а якія могуць быць і часта даволі лёгка вытлумачваюцца прычынамі менавіта нацыянальнага і сацыяльнага парадку.
Так было з Адамам Міцкевічам, так было шмат з кім.
Фальклор, прырода, побыт і звычаі народа, сярод якога рос, выспелілі паэтычны геній Адама Міцкевіча, далі яму матэрыял для творчасці. Беларусы далі яму песні і казкі, але, на жаль, не маглі даць распрацаванай у пэўным сэнсе літаратурнай мовы. Яны далі яму радзіму, аднак не маглі даць таго, што аздабляе яе — тую нацыянальную, палітычную і эканамічную незалежнасць, што дазваляе генію адчуваць сябе часткай вялікага цэлага і надае сілы працаваць для ўзвелічэння свайго народа, адначасова ўзбагачаючыся і падымаючыся разам з ім. Вось чаму мы, падзяляючы славу Міцкевіча разам з палякамі, вышэйшае права на яе аддаём усё ж ім.
Ён трошкі «мужыцкі», Адам Міцкевіч, побач з другім, падкрэслена цалкам польскім, «шляхетным» праяўленнем нацыянальнага генія — Юліушам Славацкім, У яго заўсёды будзе многа ад той зямлі, на якой ён гадаваўся і рос, той зямлі, гісторыя якой натхніла яго на стварэнне «Гражыны» і «Конрада Валенрода», «Пана Тадэуша», у значнай ступені «Дзядаў». «Litwo, ojczizno moja!», — з замілаваннем прызнаецца ён, пачынаючы адзін з самых задушэўных сваіх твораў — «Пана Тадэуша». «Мой родны кут, як ты мне мілы» — па-нашаму, па-беларуску загучыць у Коласа, у новы час і ў новых умовах, вяшчуючы наступленне жаданай для беларускага слова пары, абзываючыся жыватворным уплывам вялікага Міцкевіча. Так Міцкевіч-Колас пачынае сваю «Новую зямлю» — рэч, як і «Пан Тадэуш», эпічную, але не ў даўніну звернута яна, а ў будучыню: яна будзе расці разам з ростам нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай літаратуры, той літаратуры, дзе поплеч з Коласам стаяць велічныя постаці Купалы і Багдановіча.
Гісторыя як бы ўзнагароджвае нас за мінулыя страты.
Час вяртае Радзіме яе сыноў.
Ні на кім не адбілася прадвызначэнне часу, так, як на лёсе Багдановіча.
Читать дальше