Адам Ягоравіч пакінуў Беларусь у год смерці жонкі. Максіму Багдановічу было тады пяць год. З гэтага часу ён выхоўваецца, вучыцца, сталее па-за Беларуссю. Пяцігадовы ўзрост — магчыма, самы ўражлівы ўзрост, аднак у сэнсе ўласна беларускіх уражанняў наўрад ці даў ён што-небудзь істотнае Багдановічу. Асяроддзе інтэлігенцыі, няхай нават і дэмакратычнай, народнай, у якой ён выхоўваўся ў Мінску і Гродна, трэба думаць, не надта шанавала нацыянальны элемент у выхаванні і побыце. Інтэлігенцыя і дома і на людзях гаварыла па-руску. Сям’я Адама Ягоравіча тут таксама не выключэнне. Бо нездарма ж сам ён піша, што «на няўдзячнай ніве пісання вершаў па-беларуску» ў Мінску спрабаваў свае сілы хіба адзін толькі Янка Лучына (Неслухоўскі). Кропля ў моры! На гэта амаль ніхто не звяртаў сур’ёзнай увагі. У тым ліку і сам Адам Ягоравіч. Ён быў заняты іншым. «Беларусіка» (ягоны тэрмін) магла цікавіць хіба што з этнаграфічнага боку. Нават куды пазней, у год першай паездкі сына на радзіму (1911), куды той прыехаў ужо вядомым беларускім паэтам, Адам Ягоравіч схільны лічыць «карціну беларускага адраджэння даволі бязрадаснай», але, праўда, тут жа дадае, што «не рабіў спробы расхалоджваць яго (г. зн. сынавага. — М. С. ) парыву». Што ж, і на гэтым дзякуй.
Самым моцным «беларускім» уражаннем Максіма Багдановіча была смерць маці. Калі ўсёй меры трагедыі ён не мог разумець, дык перажываць яе ён мог несумненна. Нездарма ж у яго была матчына, а гэта значыць, надта ўражлівая натура. Так сведчыць сам бацька. Гэта засталося на ўсё жыццё. Рана пазбаўлены матчынай ласкі, ён усё жыццё сумаваў па ёй. Здагадацца пра тое мы можам і па ягонай творчасці: найвышэйшы ідэал жанчыны для яго — мадонна, маці. Трапяткая і пяшчотная, ласкава-трывожлівая ў сваёй мацярынскай любві.
Смерць маці пазбавіла яго радзімы, любоў да памяці маці, любоў да радзімы, якую так часта і справядліва звязваюць з іменем маці, вярнула яго на зямлю продкаў.
Калі і як навучыўся ён беларускай мове, калі ў ягонай свядомасці, сэрцы паўстаў, разрастаючыся і падпарадкоўваючы сабе ўсё, вобраз «краіны-браначкі», вобраз Беларусі? Бацька сведчыць: пісаць вершы па-беларуску пачаў ён рана, у дзесяцігадовым-адзінаццацігадовым узросце. Што падтрымлівала, што жывіла яго ў гэтых памкненнях, хто быў той чалавек, што стаўся добрым геніем такога ранняга парыву таленавітага хлапчука? Бацька? Што бацька нейкім чынам уплываў на абуджэнне ў сына цікавасці да радзімы і роднага слова — гэта справядліва і гэтага нельга адмаўляць. Уплываў хаця б праз тое, што сын мог карыстацца ягонымі этнаграфічнымі працамі і тымі фальклорнымі запісамі, што былі ў ягоным архіве. Але, з другога боку, ці не перабольшваем мы часта ўплыву бацькі? Мы звыкліся з гэтым уплывам, канстатацыя яго стала агульным месцам. Але давайце спакойна паспрабуем паразважаць. Пра першыя вершаваныя спробы Багдановіча мы ведаем са слоў таго ж бацькі: ён памятае, што сын паказваў іх сваёй хроснай Вользе Сёмавай у яе прыезд у Ніжні Ноўгарад. Нам трэба запомніць яе імя. Нам не пашкодзіла б звярнуць увагу і на тое, што вершы сын упершыню паказвае не бацьку, што было б натуральна, а хроснай, якая нават не жыве ў адным з ім горадзе і пра магчымую рэакцыю якой на вершы (беларускія вершы!) ён мог толькі здагадвацца. Скажуць: ён мог паказваць вершы бацьку раней. Дапусцім. Але тады якая патрэба была б бацьку пісаць, што ён запомніў пра першыя спробы сына ў сувязі з тым, што той паказваў іх некаму — у дадзеным выпадку сваёй хроснай. Навошта Адам Ягоравіч стаў бы скажаць ісціну з яўнай невыгодаю для сябе? I наогул: ці не паслухаць нам лепш самога яго? Бацька піша: «Яго (г. зн., сынавы. — М. С. ) заняткі беларусікай ішлі абсалютна непрыкметна для мяне і акружаючых; прынамсі, не я падштурхнуў яго на гэту дарогу, але, вядома, і не перашкаджаў». Дакладней дакладнага напісана — пра які ж нейкі асаблівы ўплыў можам мы пасля гэтага гаварыць? «Не перашкаджаць» — было прынцыпам Адама Ягоравіча ў выхаванні дзяцей. «Я не перашкаджаў сваім дзецям быць. кім яны хочуць, але па сутнасці ніколі не быў задаволены тым, чым яны ёсць». Адам Ягоравіч кажа. што бацька дрэнны суддзя сваім дзецям. Не надта хочацца і нам быць суддзёю яго самога, толькі нешта вельмі ўжо супярэчлівай, пры ўсёй сваёй закругленасці, выдае ягоная формула. «Не перашкаджаць і не быць задаволеным». Не перашкаджаць — што гэта значыць? Не браць удзелу, не быць зацікаўленым, дазволіць чалавеку выхоўваць самому сябе. Але навошта тады быць незадаволеным? Якое можна мець на гэта права?
Читать дальше