Размова зь Ігарам Марзалюком
Беларусы ганарацца сваёй бульбай. Пра яе вершы, песьні складаюць. Яна — найпапулярнейшы харч. Бульба ратавала людзей у самы галодны час, як, дарэчы, яна ратуе й сёньня многіх беларусаў, якія жывуць за рысаю беднасьці. А ў былым Савецкім Саюзе, дзе вельмі любілі даваць мянушкі цэлым нацыям, беларусаў называлі бульбашамі. Так што, пэўна ж, можна сказаць, што бульба — сярод сымбаляў Беларусі.
— Бульба для беларуса — сапраўды нешта большае, чым проста харч. Гэты караняплод сёньня ёсьць адным з этнавызначальных беларускіх маркераў, побач зь «беларускім» зьверам зубрам ды «беларускай» птушкай буслам. Уявіць сваё жыцьцё бяз бульбы наўрад ці можа хоць хто-небудзь з сучасных беларусаў. Аднак, перафразуючы ананімнага клясыка беларускай літаратуры XX стагодзьдзя, скажам: быў дзень, быў час, была эпоха, калі на нашай зямельцы нават ня пахла ні дранікамі, ні клёцкамі, ні бабкай, ні іншымі прыемнымі беларускаму страўніку стравамі.
— Калі ж пазнаёміліся беларусы з бульбай?
— Бульбяная экзотыка зьявілася на магнацкім стале хіба што пры канцы XVІІ стагодзьдзя. У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім, слыннай «Compendіum ferculorum, albo Zebranіe potraw» («Усё пра стравы, альбо Збор страваў»), згадваецца першы бульбяны прысмак для эліты Рэчы Паспалітай. Пад назваю «tertofelle» хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле й, пакроеную на скрылікі, смажылі. Кніжка пабачыла сьвет у 1682 годзе й на працягу XVІІІ стагодзьдзя неаднаразова перавыдавалася. Згаданая ў ёй страва яшчэ ня масавы прадукт, а гастранамічнае вынаходніцтва да панскага стала.
— Калі бульбу пачынаюць вырошчваць у Беларусі і ў якім рэгіёне?
— Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панаваньня караля польскага й вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ (1733—1763) на тэрыторыі Гарадзеншчыны. І ў другой траціне XVІІІ стагодзьдзя заморскае дзіва пачало сваё трыюмфальнае шэсьце па беларускай тэрыторыі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 1780-х гадоў стала тэрыторыя Полацкага намесьніцтва. У 1788 годзе тут у «пасеве» бульба займала ўсяго 7 чвэрцяў, а ва «ўраджаі» — 21 чвэрць, але праз два гады ў «пасеве» было 4617 чвэрцяў, а ва «ўраджаі» — 18 759 чвэрцяў. На Суражчыне ў гэты час вырошчвалі бульбу ня толькі на агародах, але й на панскіх палетках.
— Як распаўсюджвалася новая агракультура на беларускіх землях у гэты час? Як паставілася да зьяўленьня бульбы сялянства?
— Спачатку беларускае сялянства сустрэла агракультурную навацыю халаднавата. Тады яе вырошчвалі толькі ў каралеўскіх эканоміях нямецкія каляністы, а беларускі паспаліты люд недаверліва ставіўся да гэтай чортавай штуковіны, якую ён неўзабаве ахрысьціў «праклятым земляным яблыкам». Дзякуючы ціску тутэйшай шляхты «на пана сахі і касы», бульба ў добраахвотна-прымусовым парадку ўсё ж прапісвалася на сялянскіх палетках. Сяляне з уласьцівай нашаму народу ціхмянай упартасьцю зьдзяйсьнялі акты сабатажу, усяляк ухіляючыся ад гэтай навацыі. Не абыходзілася ў гэтай барацьбе й без пракудаў. У пачатку XІX стагодзьдзя на Магілёўшчыне жыў апантаны бульбавод, багаты і ўплывовы пан, уладальнік маёнтку Цялятнікі, генэрал Гернгрос. У сваіх уладаньнях бульбу ён вырошчваў ад 1817 году, даваў свой улюбёны караняплод на пасадку й сялянам. Але на сялянскіх палетках бульба амаль не выруньвала, толькі дзе-нідзе можна было пабачыць асобныя кволыя каліўцы. Гаспадар хутка зразумеў, што дзеецца. Глыбокай ноччу прыходзіў паспаліты люд на поле й старанна выкопваў пасаджаную ўдзень бульбу, а потым вёз да найбліжэйшай габрэйскай карчмы, дзе мяняў ненавісныя «праклятыя земляныя яблыкі» на гарэлку. Тады генэрал схітраваў: замест цэлых бульбінаў сялянства атрымала на насеньне парэзаныя клубні. Іх магілёўскія мужыкі ня сталі выбіраць, і на наступны год сабралі добры ўраджай. Пераканаўшыся ў карысьці ды смакавых якасьцях бульбы, пачалі яе вырошчваць самі, ужо без прынукі.
— І калі ж урэшце прынялася бульба на беларускіх землях?
— XІX стагодзьдзе стала часам поўнай і безумоўнай бульбянай перамогі на беларускіх палетках. Калі ў Гарадзенскай губэрні ў 1822 годзе сабралі 7,1 тысячы чвэрцяў бульбы, дык у 1827 годзе ўжо ў сто разоў болей. У справаздачах Менскай ды Віцебскай губэрняў за 1828 год адзначалася, што «бульба зьяўляецца памочнікам да харчаваньня, родзіць выдатна, з посьпехам паўсюль тут разводзіцца». У справаздачы Гарадзенскай губэрні за 1840 год было напісана: «бульба займае першае месца ў ліку абраблянай гародніны, спрыяе харчаваньню народу, гадаваньню жывёлы і ўгнаеньню палеткаў». Бульба напраўду ў той час становіцца галоўнай культурай, «другім хлебам», хаця ня будзе перабольшаньнем сказаць, што для бяднейшых сялянаў яна была ўвогуле адзіным і першым хлебам. Як пісаў адзін з тагачасьнікаў, «гарох, частку ячменю, авёс сяляне прадаюць, а бульбаю харчуюцца амаль цэлы год».
Читать дальше