Не, мы, чытачы, любілі гэтага пайсана Дэкі. І яго сяброў — таксама.
А Стэйнбеку ён прынёс славу і грошы.
Яго ж «Жамчужына». З яе дапамогай Кіна марыў даць сыну адукацыю, а калі Кайаціта памірае, жамчужына траціць для яго ўсялякі сэнс, рэальную каштоўнасць, і Кіна выкідвае яе ў мора...
«Зіма трывогі нашай» — апошні раман Стэйнбека. Выйшаў ён у 1961 годзе. Гэта ўжо не родная яго Каліфорнія, а дагледжаны гарадок у Новай Англіі.
У той час, калі я пішу гэтыя радкі, беларускае радыё прынесла сумную вестку: у сваім доме ў Нью-Гэмпшыры на 92-ім годзе жыцця памёр выдатны амерыканскі пісьменнік, аўтар адзінага рамана «Над прадоннем у жыце» (так і сказалі: адзінага!) славуты Майстра Джэром Сэлінджэр. Удзельнік Другой сусветнай вайны. На фронце пазнаёміўся з Эрнестам Хемінгуэем. У апошнія гады жыў пустэльнікам — не прымаў нікога, адмаўляўся ад сустрэчы з прэсаю. Толькі летась дамогся забароны публікацыі рамана «60 гадоў пасля: прабіраючыся праз жыта», які напісаў прыхільнік яго творчасці і які нібыта з’яўляецца працягам рамана «Над прадоннем у жыце».
Аўтар аднаго рамана? Такі знакаміты пісьменнік?
Не, вядома ж, Сэлінджэр — аўтар не толькі аднаго рамана. У яго ёсць выдатныя апавяданні і эпічны цыкл твораў — сага пра сям’ю Глас.
Аднак толькі адзіны раман «Над прадоннем у жыце» ўключаны ў школьныя праграмы.
Першая кніга Джэрома Сэлінджэра, якую я прачытаў, быў томік з хлапчуком на вокладцы, які, абапёршыся на вушак рукою, задумліва і крыху сумнавата глядзіць кудысьці ўдалячынь. Мне падабаецца, што аўтар нам, чытачам, нічога не навязвае, не разжоўвае, не тлумачыць — маўляў, самі чытайце і разбірайцеся ва ўсім.
Я, чытаючы раман, атаясамліваў шаснаццацігадовага Холдэна з тым хлапчуком, што на вокладцы, і імкнуўся зразумець, усё вяртаючыся да вокладкі, углядаючыся ў малюнак, адкуль у юнага героя гэтая далікатная ранімасць душы, гэтае непрыманне фальшу, якія вылучаюць яго з равеснікаў.
Першаю маёю кнігаю Самерсэта Моэма, якую я купіў у 1965 годзе, быў зборнік яго апавяданняў «Дождж». Нават першы сказ з загаловачнага апавядання, у які я ўткнуўся яшчэ ў кніжным магазіне, здзіўляў і заварожваў:
«Хутка час класціся, а заўтра, калі яны прачнуцца, ужо будзе відна зямля».
Як шмат тут сказана! Якая шырыня і спрасаванасць думкі і які прастор для яе разгарнення — куды хочаш, туды і вядзі! Ужо адкрываецца столькі накірункаў для роздуму!
А хто не ведаў тады віёнаўскае чатырохрадкоўе, якое ў турме напісаў паэт, прысуджаны да павешання:
Я — Франсуа, чему не рад.
Увы, ждет смерть злодея,
И сколько весит этот зад,
Узнает скоро шея.
Франсуа Віёна ведалі сучаснікі як магістра мастацтваў і бадзягу. Адначасова! Гэтак здзіўляюча дваіўся вобраз паэта. Бадзяжніцтва і турмы, сувязі з прафесійнымі разбойнікамі, удзел у іхніх грабяжах ды забойствах, і ў той жа час — ён паэт акружэння двара самога герцага і паэта Карла Арлеанскага і піша па яго просьбе «Баладу паэтычнага спаборніцтва ў Блуа» — для яго альбома — «Над ручаём ад смагі паміраю».
От жажды умираю над ручьём.
Смеюсь сквозь слёзы и тружусь играя.
Куда бы не пошел, везде мой дом,
Чужбина мне — страна моя родная.
Я знаю всё, я ничего не знаю.
Мне из людей всего понятен тот,
Кто лебедицу вороном зовет.
Я сомневаюсь в явном, верю чуду.
Нагой, как червь, пышнее всех господ.
Я всеми принят, изгнан отовсюду.
Кола ягоных сяброў — маладзёны з паважаных сем’яў, багатыя купцы ды чыноўнікі і стражнікі, жабракі, прастытуткі, сталыя заўсёднікі гарадскога дна.
Незалежны, дзёрзкі, злаязыкі «шкаляр Віён» — як ён сам сябе ўвесь час называў. І ягонае:
«Прыняты ўсімі я і адусюль прагнаны»...
Ды гэта ж шэдэўр! Вечны! Яму пяцьсот год — а ён як новы. Яму пяць стагоддзяў — а ён не вяне. Яму палавіна тысячагоддзя — а ён жывы!
На рускую мову гэты шэдэўр выдатна пераклаў Ілья Эрэнбург. Як і тое славутае чатырохрадкоўе пра зад і шыю, напісанае ў чаканні вісельні.
Дарэчы, калі смяротны прысуд быў заменены на дзесяцігадовае выгнанне з Парыжа, Віён усё роўна застаўся Віёнам: ён яшчэ і пасля новага прысуду просіць тры дні адтэрміноўкі выгнання — для нейкіх там збораў.
Ды бег бы хутчэй, уцякаў бы з усіх ног з гэтага ненавіснага Парыжа, які табе ледзь-ледзь не накінуў пятлю на шыю, а ён, жартаўнік, бачыце, яшчэ нейкай адтэрміноўкі ў суддзяў просіць.
Магутныя людзі, моцныя асобы, якія, ведаючы пра смерць, знаходзяць у сабе сілы вось гэтак жартаваць:
Читать дальше