У адзін шэраг з гэтым становяцца такія слаўныя вершы канца 60-70-х гадоў, як «Рэкі Беларусі», «*** Словы жудасна паміраюць...», «*** Над дарогай — туман ці пыл...», «*** Мы дома песень менш знаходзім...», «*** Хто раней, хто пазней...», «*** Мая вясковая хаціна...», «*** Хтось палюе на сініцу...», «*** Люблю свой край зялёны і спакойны...», «*** Ты, мой народ, мяне не папракнеш...», «Мінскі трыпціх...», «*** Вечарамі на чужых узгорках...», «*** Я над аджылым не дрыжу...», «*** Не кліч мяне музыкай модненькай...», «Удзячны лёсу...», «Вяртанне песні...», «*** Заморскія далікатэсы...», «Выток», «*** Народ мой, дзякую табе...», «*** У гарадскім нямоўклым гуле...», «Прыязджайце дадому!..», і нарэшце — лепшае, што стварыў Бураўкін на гэтую тэму і наогул з усяго ім дасюль напісанага,— паэма «Ленін думае пра Беларусь» (размова пра якую будзе далей асобная).
Я знарок выпісаў гэтыя назвы, бо нават адзін іх пералік ужо сам па сабе робіць уражанне: гэта ж цэлая анталогія лірычных прызнанняў у любові і пашане свайму народу і краю! Я хацеў гэтым падкрэсліць, як жа часта звяртаецца паэт у думках і марах сваіх да родных малюнкаў і вобразаў, да сучаснага і мінулага любай бацькоўскай зямлі. Што ні кажыце, а такая пастаянная скіраванасць, настроенасць душы паэта на тэму бацькаўшчыны, тэму, якая, па сутнасці, стала яго пастаянным найпершым і найбольшым душэўным клопатам, ёсць несумненная і самая верная адзнака сапраўднай грамадзянскай сталасці паэта. І як жа гэта ў традыцыі нашай беларускай паэзіі — у традыцыі, што ідзе ад Багушэвіча, Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча!
Пералічаныя вершы, хаця і аб'яднаны адной вялікай тэмай, вельмі розныя і па гучанню ці настрою, і па канкрэтнай ідэйна-мастацкай задуме ці матыву, па тым непасрэдным жыццёвым «матэрыяле», што прымусіў паэта выказацца. У адным выпадку — гэта прасветленасць усведамлення, што вытокі новых песень трэба шукаць перш за ўсё там, «дзе першы крок рабілі, дзе пашы мацеркі жывуць»: «Шукаем сцежак невядомых, чужыя топчам бальшакі. А песні нас чакаюць дома, ля цёплай матчынай шчакі». У другім — гэта прыфарбаваны пачуццём горычы роздум аб складаных шляхах нацыянальнай гісторыі, аб сучасным і мінулым беларускага дойлідства, аб лёсе матэрыяльнай і духоўнай культуры народа: «І пад будзённасцю муры, што мы наставілі паспешна, маўчаць нясвіжскія муры і Белая ўзлятае вежа... Стаю каля сівой красы, хаджу па гулкіх сутарэннях — і чую продкаў галасы, і бачу нашых дзён карэнні». У трэцім — гэта балюча трывожны зварот да людзей, каб не давалі паміраць словам, бо яны «паміраюць жудасна», бо «здаецца, не словы — народы адыходзяць моўчкі ў нябыт»: «Немата ім сціскае грудзі, заціхае самотны ўздых... Людзі! Людзі! Ну, што ж вы, людзі, не ратуеце родных, іх?..» І так — свой канкрэтны змест у кожным вершы гэтай адзінай магістральнай тэмы. Спяшаюся пры гэтым падкрэсліць, што Бураўкіну-песняру роднага краю заўсёды было чужым пачуццё нацыянальнай замкнутасці, самаізаляванасці, пазіцыя адмежавання ад вялікага свету людства для яго рашуча непрымальная. Зрэшты, сцвярджае паэт, гэта ў характары самога беларускага народа, гэта самая каштоўная рыса народнай душы, якою так справядліва ён даражыць.
Я ўдзячны лёсу, што ва ўсе часы
Мая блакітнавокая радзіма
Не засланіла мне чужой красы,
Мяне ад свету не адгарадзіла,
Што не магла, не ўмела быць другой,
Жыла ў братэрстве і сяброў цаніла
І што ў краіне нашай дарагой
Яе завуць усе сястрою мілай...
(“Удзячны лёсу...»)
Любоў да роднай зямлі не толькі не засланяе паэту «чужой красы», але, наадварот — дапамагае гэтую красу лепей убачыць, памагае лепш зразумець хараство душы сяброў і проста людзей добрай волі, дзе б яны ні жылі на планеце. Пра гэта сведчаць яго вершы і паэмы інтэрнацыянальнага «паходжання», у прыватнасці, такія нізкі, як «Лісты ў Ленінград», «Варненскія замалёўкі», «Югаслаўскі мерыдыян», «Чатыры песні пра Эрнеста Чэ Гевару», прысвечаная Юрыю Гагарыну «Паэма расстання», і іншыя. З другога боку, гэтая любоў своеасабліва праясняе позірк паэта і на агіднасці чужога свету, на тое брыдкае, нізкае, нялюдскае, што непазбежна нараджаецца ў нетрах капіталістычна-буржуазнага грамадства і апраўдваецца яго ідэалогіяй. Я маю на ўвазе некаторыя вершы з нізкі «Старонкі з фестывальнага блакнота» і асабліва — з нізкі «Амерыканскія эскізы», лірычны герой якіх — верны нашчадак таго свайго вялікага папярэдніка, што яшчэ больш як паўвека назад заявіў: «Я в восторге от Нью-Йорка города, но кепченку не сдерну с виска: у советских собственная гордость — на буржуев смотрим свысока».
Читать дальше