Паэма называецца «Хамуціус» — такой была адна з падпольных клічак Каліноўскага. Слова ўтворана ад «хам» у значэнні «мужык», «селянін». Можна не сумнявацца, што Куляшоў гэту назву даў свайму твору не ў спешцы — ён увогуле ў паэзіі нічога ў спешцы не рабіў. «Хамуціус» — па лацінскаму ўзору — гэта мужык у найвышэйшай ступені, мужык з мужыкоў, і самы вялікі мужык. Так называў сябе Каліноўскі — на гэтым паставіў ідэйны акцэнт і аўтар паэмы. Яго герой — сапраўдны прадстаўнік прыгнечаных сялянскіх мас, плоць ад плоці працоўнага народа, яго верны і паслядоўны заступнік. Уявіўшы родную краіну ў выглядзе воза з мужыком у дамавіне (на козлах — вяльможа, ва ўпрэжцы — паны, а ззаду жандар штурхае рукамі), Каліноўскі ўскліквае: «О, божа літасцівы мой адзіны, перакулі на брук жалобны воз, зрабі, каб крэўны брат мой уваскрос!» Крэўны брат — вось ступень яго роднасці з абяздоленым сялянствам. Шмат пазней толькі Купала і Колас так адчуюць і так назавуць мужыка: «О мужык ты бедны, о мой братка родны!» Гэта ўжо не разуменне мужыцкага становішча «з боку», не спачуванне і спагада (хаця і шчырая) «з боку», не — гэта ўжо сама пакута, гэта крык самога пакутніка, гэта сам мужык, які падняўся з бездані цемры і гора і ўзяў у рукі пяро, каб заявіць аб сабе і патрабаваць для сябе чалавечага жыцця, права «людзьмі звацца». Такім быў Каліноўскі-Хамуціус — вышэйшая ступень канцэнтрацыі мужыцкага ў адзінай асобе, увасабленне думак і пачуццяў, жаданняў і надзей шматмільённага «мужыка». А таму і асабліва небяспечнага і страшнага для прыгнятальнікаў.
На пытанне журналіста Масолава, хто ён — паляк, альбо літвін, ці беларус? — Каліноўскі прамога адказу, як гэтага чакаў газетчык, не дае. Не таму, вядома, што ён не ведаў, хто ён — якога славянскага роду-племя прадстаўнік. Па перакананню беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата не нацыянальная прыналежнасць важная ў гэты момант гісторыі і не яна павінна падкрэслівацца, высоўвацца на пярэдні план, а прыналежнасць да адзінага баявога брацтва тых, хто паўстаў супроць дэспатызму, супроць усіх і ўсякіх форм прыгнёту, у тым ліку і нацыянальнага.
Край беларускі, з матчынай калыскі
Да гэтых дзён, мне дарагі і блізкі.
Я сын яго і ганаруся тым,
Што з ім паветрам дыхаю адным.
Я знаю, маюць права ўсе народы
На ўвагу праўды, шчасця і свабоды.
Я зычу ўсім дабра.
Адказ Каліноўскага Масолаў рэзюміруе так: «Хто вы — я зразумеў. Вы — сацыяльнай сусветнай рэвалюцыі дзіця».
Каліноўскі-Хамуціус — інтэрнацыяналіст. Менавіта ў гэтым веліч яго як рэвалюцыянера, паплечніка Герцэна, Чарнышэўскага, Шаўчэнкі і іншых выдатных змагароў супроць царызму. І не выпадкова ў паэме паяўляецца рускі афіцэр Канстанцін Крупскі (бацька Н. К. Крупскай), які аддае загад вызваліць схопленага ў лесе Каліноўскага і дапамагае атраду паўстанцаў уцячы ад пагібелі.
Як вядома, далёка не ўсе ўдзельнікі паўстання падзялялі пазіцыю Каліноўскага. Многія паны-шляхціцы былі зусім глухія да жыццёва надзённых сацыяльных і нацыянальных праблем народа, сярод якога яны жылі — да лёсу беларускага народа, што выходзіў у той час на арэну актыўнай гістарычнай дзейнасці. Вось адкуль складанасць становішча Хамуціуса і яго адзінадумцаў. Гэтым жа тлумачыцца і складанасць задачы, якую паставіў перад сабой аўтар: даць праўдзівую карціну эпохі і праўдзівыя вобразы яе людзей.
Паны-шляхціцы прадалі народнае паўстанне. «Вернападданніцкія адрасы падпісвае здрадлівай рукою цару дваранства». Трагічны лёс Каліноўскага і многіх яго паплечнікаў. Трагічны лёс яго каханай Марыські. Каліноўскі адмаўляецца купіць свабоду цаной прыніжэння і абразы свайго кахання і адрынвае прапанаваны яму жандарскім капітанам подлы торг. Інакш ён паступіць не мог — непахісная вернасць сваім маральным ідэалам і прынцыпам была для яго даражэй самога жыцця.
Здзіўляе драматургічнае майстэрства паэта. Як імкліва і на якой малой плошчы разгортваецца складаны, вялікі сюжэт, які гранічны лаканізм сцэн, якая выразнасць і пэўнасць кожнай сітуацыі, якая жывасць і натуральнасць дыялогаў, жыццёвая паўнакроўнасць характараў! А вопыт жа ў Куляшова-драматурга дагэтуль быў зусім нязначны.
У інтэрв'ю часопісу «Вопросы литературы» А. Куляшоў, гаворачы аб традыцыях Пушкіна ў беларускай паэзіі, адзначыў, што ў творчасці Купалы, Коласа і Багдановіча «Пушкін прадставаў якой-небудзь адной рашаючай гранню ў адпаведнасці з асабістымі творчымі схільнасцямі». Падумалася тады: якой жа аранню «сыходзіцца» з традыцыямі вялікага рускага паэта сам Куляшоў? Дзе і ў чым? У адносінах да позняга перыяду яго творчасці, бадай, найбольш справядліва будзе гаварыць аб следаванні пушкінскаму драматызму і філасафічнасці,— у гэтым бачацца мне адметныя рысы апошніх кніг паэта. Кажу апошніх, таму што папярэднія этапы яго творчага шляху мелі іншыя вызначальныя знакі: Куляшоў жа быў з ліку тых неспакойных шукальнікаў, што не задавальняюцца дасягнутым, ён ніколі не спыняўся на зробленым, але ўвесь час імкнуўся далей і далей, расшыраючы і паглыбляючы сваё мастакоўскае бачанне, узбагачаючы і абнаўляючы паэтыку. Гаворачы яго ж словамі з успомненага толькі што інтэрв'ю, ён не мог сябе ўявіць без несупыннага «пошуку натуральнага слова, якое перадавала б верна і праўдзіва зайшоўшае далёка наперад жыццё з уласцівымі яму турботамі, запатрабаваннямі і складанасцямі».
Читать дальше