Чубару, які пакуль што не асабліва адчуваў вайну, не вельмі хацелася вяртацца ў Верамейкі. Але прапанова камісара вярнуцца гучала як загад, а Чубар прывык выконваць загады, ды і карта са знаёмымі назвамі (пакуль што карта!) усхвалявала яго, быццам юнака, што марыць пра падарожжы і прыгоды і можа гадзінамі праседжваць над ёю: «Чубар колькі часу сядзеў над картай: спярша проста так, у зацятай, пакрыўджанай маўклівасці. Пасля пачаў знаходзіць на ёй знаёмыя назвы, названыя дробным шрыфтам. І тады адбылося нечаканае — тапаграфічныя абазначэнні раптам нібы ажылі перад вачамі, і ён стаў з цікавасцю адшукваць патрэбныя дарогі, рачулкі, вёсачкі, усё больш захапляючыся гэтым. Карта нібы перанесла яго ў Забесяддзе, і ён амаль нанава пазнаваў там усё».
Сустрэча з камісарам з'явілася кампазіцыйным цэнтрам лініі Чубара ў раманах. Астатнія яго сустрэчы дапамагаюць перадаць быт і духоўную атмасферу той часткі тэрыторыі Беларусі, якая не была яшчэ занята ворагам трывала, хоць з немцамі сустракаліся ўжо амаль усе героі.
Адна з першых сустрэч Чубара — з чырвонаармейцамі, якія засталіся падарваць мост. Індывідуальнасці Шпакевіча і Халадзілава раскрываюцца шырэй, чым асоба палкавога камісара, хоць функцыя таго ў творы значная.
Праўда, калі ў адносінах да Халадзілава і некаторых іншых герояў аўтар толькі дэкларуе змяненне, эвалюцыю свядомасці, поглядаў, то ў адносінах да Чубара яму ўдаецца паказаць развіццё характару, унутраную эвалюцыю героя, змяненне яго псіхалагічнага вобліку. У гэтым — вялікая ўдача раманіста.
Спачатку Чубара цікавіць толькі асабісты лёс, ён мала думае пра іншае. Немцы палохаюць яго: «...выгляд варожых танкаў выклікаў у ім амаль жывёльны страх». Але пасля сустрэчы з мужнымі чырвонаармейцамі і асабліва з раненым камісарам адбываецца пералом у душы Чубара і, як піша аўтар, «у ім зноў жыў неспакой чалавека, якому рупіла немалаважная справа: ён хоць і не прымаў яшчэ тады, што мусіў падавацца ў Забесяддзе, як асэнсаваную і адзіна патрэбную ў ягоным становішчы рэч, але не паслухацца палкавога камісара ўжо не мог... Па-першае, палкавы камісар у дачыненні да яго старэйшы чалавек і па ўзросце, і па партыйным становішчы, а па-другое, у довадах палкавога камісара была абгрунтаваная пераканаўчасць — сапраўды, каму, калі не такім камуністам, як Чубар, найперш трэба было заставацца на месцы, каб наладжваць барацьбу ў тыле варожых войск? Праўда, Чубар не падманьваў сябе: Зазыба меў рацыю, калі дакараў пры апошняй сустрэчы, што за час старшынства ён так і не сышоўся па-належнаму з верамейкаўцамі».
Ужо пры сустрэчы з шыраеўскімі мужыкамі Чубар называе сябе партызанам, і, назваўшыся так, ён адразу спакайнее, «бо ў гэты момант для яго, можа, адбылося самае важнае: ён ужо сам упарта называў сябе ў новай якасці, на якую пакуль не меў, як і яму здавалася, падстаў». Але Чубар такі чалавек, які не можа ўявіць сябе ў няпэўным становішчы, не можа быць «нікім».
Слова «партызан» было для тутэйшых мужыкоў не толькі нязвыклым, але і не вельмі зразумелым. Цікавае сведчанне для сённяшняга чытача, які ведае Беларусь як партызанскую рэспубліку. Але так ужо здарылася іменна ў гэтых мясцінах. Тым цяжэй будзе Чубару арганізоўваць партызанскі атрад, тым больш павінен самавыхоўвацца і ён сам.
Размова Чубара з шыраеўскімі мужыкамі наогул паказальная ў многіх адносінах. Тут і сялянская хітрасць, і разважлівасць, і насцярожанасць, і страх, і ў той жа час павага да савецкай улады. Але галоўнае, кожная фраза «дыхае» вайной, за кожным словам — няўпэўненасць, неспакой, імкненне зазірнуць у будучае, даведацца, што чакае іх. Адзін з калгаснікаў, стары, пытаецца ў Чубара:
«— Нашы яшчэ вярнуцца?
— А ты як думаеш?
Дзядок абвёў позіркам аднавяскоўцаў.
— Забраў жа вонь колькі...
— Што забраў, тое і аддасць,— сказаў важка Чубар і раптам злавіў сябе на думцы, што, гаворачы пра гэта, ён кожны раз нібыта набіраецца аднекуль сам выразнай пэўнасці».
Многа адкрыццяў павінен яшчэ зрабіць Чубар на сваім шляху. Бадзяючыся вось так па Забесяддзю, ён упершыню задумваецца над тым, хто ён і як жыў. Чубар рана застаўся сіратой, быў у дзіцячай працоўнай камуне, потым у наймах, вучыўся ў школе каморнікаў. Выхаваны савецкай уладай, Чубар быў адданы гэтай уладзе. Самую дакладную і вызначальную характарыстыку свайму герою дае сам аўтар (наогул у абмалёўцы Чубара больш прысутнічае аўтарскі голас): «У чалавеку заўсёды жыве ўдзячнасць да тых, хто рабіў калі дабро яму. Ад Чубара таксама людзі мелі падставу чакаць такой удзячнасці. Але ў ягонай душы яна трансфарміравалася з нейкага часу ў адно, і ён жыў з удзячнасцю да той рэвалюцыі, якая не дала яму прапасці ў брудзе лахманоў. Можа, не кожны раз ён добра ўсведамляў сабе тое, што рабіў, затое заўсёды, ці амаль заўсёды, ведаў, дзеля каго і дзеля чаго рабіў».
Читать дальше